Print bookPrint book

§ 10. Еўропа хрысціянская

Якім чынам каталіцкая царква ўплывала на палітычную сітуацыю ў краінах Заходняй Еўропы і сістэму каштоўнасцяў еўрапейцаў Сярэднявечча?

Калі і якім чынам узнікла хрысціянства? Чаму яно стала дзяржаўнай рэлігіяй у Старажытным Рыме? Дайце азначэнне паняццям «каталіцкая царква», «духавенства», «місіянеры», «манаства». (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас; § 7 гэтага вучэбнага дапаможніка)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 10. Еўропа хрысціянская
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 7:03 AM

1. Хрысціянізацыя Еўропы

У канцы IV ст. у Рымскай імперыі хрысціянства афіцыйна стала дзяржаўнай рэлігіяй. Аднак язычніцтва ўсё яшчэ панавала сярод большасці варварскіх народаў Еўропы. Таму перад царквой паўстала задача схіліць язычнікаў да хрысціянскай веры. За справу ўзяліся прапаведнікі-­місіянеры, актыўная дзейнасць якіх бярэ пачатак з часоў рымскага папы Грыгорыя I Вялікага (590–604). Найбольш значную ролю ў справе хрысціянізацыі адыгралі такія місіянеры, як святы Патрык у Ірландыі, святы Баніфацый у германскіх плямёнаў, святыя Кірыл і Мяфодзій у славян.

Максімальны вынік дасягаўся ў тых выпадках, калі ў хрысціянства пераходзілі манархі і правадыры плямёнаў. Бо пасля прыняцця новай рэлігіі яны былі зацікаўлены ў тым, каб і іх падданыя пераймалі новую веру. Часта гэта адбывалася гвалтоўным шляхам. Германскае племя франкаў прыняло хрысціянства па рымскім, артадаксальным узоры, у той час як многія з іх суседзяў вызнавалі хрысціянства ў ерэтычным варыянце. Гэтая акалічнасць выкарыстоўвалася франкамі пры нападах на сваіх суседзяў, паколькі такія вой­ны вяліся пад выглядам прывядзення ерэтыкоў да сапраўднай веры. Так Карл Вялікі пераводзіў насельніцтва заваяваных ім тэрыторый у хрысціянства пад апекай папы рымскага.

У выніку ў ІХ ст. хрысціянства было прынята ў Балгарыі і Чэхіі, у Х–ХІ стст. — ​у Польшчы, Старажытнай Русі, Венгрыі і Скандынавіі.

1-1. Царкоўная арганізацыя

На Першым Канстанцінопальскім саборы 381 г. была ўстаноўлена пентархія, г. зн. прызнана вяршэнства ў царкве пяці патрыярхаў — біскупаў (кіраўнікоў) цэркваў: рымскага, канстанцінопальскага, александрыйскага, антыёхійскага і іерусалімскага. Аднак з часам адзін з іх — біскуп Рыма, якога ганарова звалі папай, — стаў прэтэндаваць на вяршэнства, што тлумачылася так: калі галоўны вучань Хрыста Пётр быў біскупам Рыма, то і яго пераемнікі маюць права адыгрываць галоўную ролю ў царкве. Усходнія патрыярхі не былі згодныя з гэтым.

Пасля таго як у заходнім хрысціянстве было ўстаноўлена вяршэнства рымскіх пап, пачаўся працэс уніфікацыі абраднасці і набажэнстваў заходніх цэркваў па адзіным узоры. Прычым у якасці ўзору была ўзята традыцыя рымскай царквы. У выніку была створана стройная цэнтралізаваная сістэма, якой рымскі папа кіраваў як поўнаўладны правіцель. Папа Інакенцій III (1198–1216), адзін з самых уплывовых пап Сярэднявечча, быў перакананы, што рымскі біскуп мае права судзіць любога чалавека, нават манархаў, а судзіць папу можа толькі Бог. Сфарміравалася ўяўленне, што папа рымскі з'яўляецца бязгрэшным намеснікам Бога на зямлі.

Структура царквы, якую ўзначальваў папа рымскі, выглядала наступным чынам. Пры рымскім біскупе дзейнічала курыя — бюракратычны апарат для кіравання царквой. На другім месцы па значнасці пасля папы рымскага былі кіраўнікі курыі — кардыналы, якіх прызначаў сам папа. Затым пасля смерці чарговага рымскага біскупа менавіта кардыналы выбіралі новага папу. У іерархічнай лесвіцы духавенства ніжэй кардыналаў стаялі архібіскупы, затым ішлі біскупы, прэсвітары і дыяканы. Архібіскупы і біскупы ўзначальвалі вялікія тэрытарыяльныя акругі (дыяцэзіі), якія складаліся з больш дробных структурных адзінак — парафій, што ўзначальваліся прэсвітарамі.

Асобным звяном у царкоўнай структуры з'яўляліся манаскія ордэны, яны наўпрост падпарадкоўваліся папу рымскаму, які зацвярджаў статут кожнага з іх.

2. Царкоўны раскол 1054 г.

Яшчэ ў час існавання адзінай Рымскай імперыі рысы, што прысутнічалі ў хрысціянскай рэлігіі на ўсходзе і захадзе, вызначаліся мясцовымі традыцыямі. Напрыклад, па-рознаму вылічвалі даты святкавання Вялікадня. Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі гэтыя адрозненні пачалі паглыбляцца. Можна сказаць, што хрысціянскі свет падзяліўся на дзве часткі. На захадзе гэта быў «свет лацінскі» (каталіцкі), дзе хрысціянства прымалася народамі Заходняй, Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы на ўзор, устаноўлены царквой Рыма. А на ўсходзе і на Балканскім паўвостраве — ​«свет праваслаўны», дзе хрысціянства вызнавалі на ўзор візантыйскай царквы.

На захадзе прызнавалася кіроўная роля аднаго епіскапа Рыма, які пачэсна называўся папам рымскім. На ўсходзе было некалькі самых уплывовых хрысціянскіх цэнтраў — ​Канстанцінопаль, Александрыя, Антыёхія і Іерусалім. Епіскапы гэтых цэркваў насілі тытулы патрыярхаў і вырашалі найважнейшыя пытанні сумесна. Усе яны прызнаваліся практычна роўнымі адзін аднаму.

З цягам часу папа рымскі стаў прэтэндаваць на аднаасобнае вяршэнства над усёй царквой. Гэтыя прэтэнзіі грунтаваліся на паданні аб тым, што святы апостал Пётр, галоўны вучань Ісуса Хрыста, быў першым епіскапам Рыма. Таму і яго пераемнікі, рымскія епіскапы, павінны атрымаць першынство ва Усяленскай царкве. Усходнія патрыярхі былі не згодны з такім становішчам.

Рознымі былі ўзаемаадносіны царквы са свецкай уладай, а значыць, і іх палітычныя памкненні. Калі канстанцінопальскі патрыярх падпарадкоўваўся волі візантыйскага імператара, то папа рымскі меў вялікі ўплыў на заходнееўрапейскіх манархаў.

Рымскія папы на працягу многіх гадоў імкнуліся пашырыць сваю ўладу і на ўсход­нюю царкву. Аднак гэтыя спробы былі няўдалымі, а адносіны паміж цэрквамі заставаліся напружанымі. У выніку ў 1054 г. кіраўнікі рымскай і канстанцінопальскай цэркваў абвясцілі адзін аднаму анафему (пракляцце) і часова спынілі стасункі. Хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.

3. Роля царквы ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці Еўропы

Палітычныя пазіцыі папства значна ўмацаваліся пасля ўступлення ў саюз з франкамі. У 756 г. кароль Піпін Кароткі падараваў папу рымскаму вялізныя тэрыторыі. Так узнікла Папская вобласць з цэнтрам у Рыме — ​дзяржава, у якой па`пы мелі не толькі духоўную, але і свецкую ўладу. У 800 г. папа рымскі каранаваў Карла Вялікага, прызнаўшы яго імператарам, а з 962 г. была ўстаноўлена пастаянная практыка каранацыі германскіх імператараў рымскімі папамі. Усё гэта сведчыла пра значны палітычны аўтарытэт царквы Рыма.

Рымскія папы актыўна ўмешваліся ў палітычнае жыццё, імкнучыся падпарадкаваць сваёй уладзе заходнееўрапейскіх гасудароў. Вялікі канфлікт з-за права прызначаць епіскапаў адбыўся ў канцы ХІ ст. паміж папам рымскім Грыгорыем VII і германскім каралём Генрыхам IV. Кароль абвясціў аб пазбаўленні папы ўлады, папа ж вызваліў падданых Генрыха IV ад прысягі манарху. А феадалы, скарыстаўшыся гэтым, пачалі барацьбу з каралём. У выніку Генрыху IV давялося каяцца і вымольваць у рымскага папы дараванне. Барацьба пап і германскіх манархаў, у якую былі ўцягнуты многія феадалы, землі і гарады Італіі і Германіі, працягвалася больш за 200 гадоў.

Найбольшай магутнасці рымская царква дасягнула пры Інакенцію ІІІ (1198–1216). Гэты ўплывовы папа актыўна ўмешваўся ў адносіны паміж манархамі і ва ўнутраныя справы шэрагу еўрапейскіх дзяржаў. Васаламі папы прызналі сябе правіцелі Англіі, Швецыі, Даніі, Польшчы. Менавіта ён ініцыяваў паходы крыжаносцаў у Прыбалтыку, а таксама барацьбу з ерэтыкамі на поўдні Францыі. Усяго за перыяд з ХІ па ХV ст. было арганізавана больш за 20 крыжовых паходаў на Усход і на еўрапейскія тэрыторыі.

Аднак ужо ў ХIV ст. уплыў царквы на ўнутраную палітыку асобных дзяржаў значна зменшыўся. З 1378 па 1417 г. царква перажывала Вялікі раскол, калі на чале яе стаяла спачатку два, а затым адразу тры папы адначасова.

Вельмі значнай была роля царквы ў эканамічным жыцці Заходняй Еўропы, паколькі царква з’яўлялася буйнейшым феадалам. Ёй належала каля трэці сельскагаспадарчых угоддзяў, дзе працавала вялікая колькасць залежных сялян. Шматлікія манастыры гандлявалі віном, соллю. А некаторым епіскапам і абатам (настаяцелям манастыроў) належалі нават цэлыя гарады. На карысць царкве насельніцтва аддавала дзесяціну — ​дзясятую частку даходаў. Для таго каб багацці царквы захоўваліся, а не перадаваліся свяшчэннікамі сваім нашчадкам, рымскі папа Грыгорый VІ увёў практыку абавязковай бясшлюбнасці (цэлібату).

На працягу ўсяго Сярэднявечча насельніцтва Заходняй Еўропы было вельмі рэлігійным. Царква ўплывала на сістэму ідэалаў і паводзіны людзей. Сам светапогляд чалавека вызначаўся рэлігіяй. Першапачаткова, у Раннім сярэднявеччы, найбольш адукаванымі былі манахі і царкоўныя дзеячы. Дзякуючы намаганням перапісчыкаў-­манахаў папаўняўся і рос бібліятэчны фонд, захоўваліся творы антычных аўтараў. Царква аказала вялікі ўплыў на развіццё манументальнага дойлідства і выяўленчага мастацтва. Цэрквы і манастыры былі самымі прыгожымі і велічнымі збудаваннямі ў сярэднявечнай Еўропе. Лепшыя з мастакоў і скульптараў імкнуліся прыняць удзел у аздабленні сабораў.

4. Светаўспрыманне і сістэма жыццёвых каштоўнасцяў еўрапейцаў

У сярэднявечных жыхароў Заходняй Еўропы было ўяўленне аб дваістым характары навакольнай прасторы: свет для іх падзяляўся на рэальны і звышнатуральны. Абодва гэтыя складнікі ўспрымаліся як непарыўнае цэлае. Лічылася, што сустрэча з анёламі магчымая ў цэрквах і манастырах, а нячыстую сілу найлягчэй сустрэць у лясах і на балотах, а таксама на могілках.

Пад уплывам вучэння царквы час успрымаўся лінейна: чалавечая гісторыя — ​гэта перыяд ад стварэння свету да Страшнага суда і Канца свету.

Аднак у канцы Сярэднявечча паступова пачало фарміравацца і новае разуменне чалавека і свету, што яго акаляў. Зямныя даброты, зямныя інтарэсы чалавека (а не толькі свет духоўны або катаванне плоці і беднасць) сталі ўспрымацца як прыемныя Богу каштоўнасці. Таму пачала заахвочвацца актыўная дзейнасць чалавека, скіраваная на тое, каб зарабіць маёмасць сумленным спосабам.

Сярэднявечная культура і побыт былі цалкам прасякнутыя хрысціянскімі ідэямі і каштоўнасцямі. Таму сувязь чалавека з Богам заставалася ў цэнтры ўвагі на працягу ўсяго перыяду Сярэднявечча. Лічылася пажаданым здзяйсняць паломніцтвы, каб дакрануцца да хрысціянскіх святынь. Шанаванне святых, якія абвяшчаліся ахоўнікамі некаторых прафесій, асобных гарадоў і нават цэлых краін, было найважнейшым культам кожнага хрысціяніна. У цэлым вельмі вялікая ўвага надавалася захаванню абрадавага боку рэлігіі. Строгае выкананне абрадаў і чытанне малітваў лічылася залогам выратавання душы верніка. Сярэднявечнага хрысціяніна палохала не столькі сама смерць, колькі магчымае пакаранне ў замагільным жыцці, пра якое папярэджвала царква. Таму для пастаяннага напаміну пра гэта у сярэднявечных саборах часта адлюстроўвалі сцэны Страшнага суда.

Папства стварыла зладжаную царкоўную арганізацыю, якую мы цяпер называем каталіцкай царквой. У перыяд імперыі Карла Вялікага ўсе яго падданыя сталі хрысціянамі-­католікамі. Раскол 1054 г. прывёў да распаду адзінага хрысціянства на каталіцызм і праваслаўе — ​дзве галіны, што існуюць дагэтуль. На працягу ўсяго Сярэднявечча еўрапейскае насельніцтва было вельмі рэлігійным. Рымскія папы прэтэндавалі нават на вяршэнства над свецкімі правіцелямі. Усю сістэму жыццёвых арыенціраў і каштоўнасцяў сярэднявечных еўрапейцаў вызначала хрысціянства з яго верай у пасмяротнаю адплату і замагільнае існаванне душы. Веды пра сусвет былі вельмі абмежаванымі.

Пытанні

1. Складзіце воблака слоў з новых паняццяў параграфа.

2. Пералічыце шляхі ажыццяўлення хрысціянізацыі Еўропы і прывядзіце прыклады.

3. Ахарактарызуйце сістэму кіравання рымскай хрысціянскай царквой.

4. Якія фактары сталі падставай для сутыкнення паміж заходняй і ўсходняй хрысціянскімі цэрквамі?

4-1. Складзіце схему, якая паказвае структуру рымскай каталіцкай царквы, і ахарактарызуйце сістэму кіравання царквой.

4-2. Чаму вяршэнства ў каталіцкай царкве атрымаў менавіта рымскі біскуп?

5. Прадстаўце адрозненні каталіцызму і праваслаўя ў выглядзе табліцы.

6. Прывядзіце факты, якія даказваюць значны ўплыў рымскіх пап у Заходняй Еўропе ў ІХ–ХІІІ стст. З чым гэта было звязана?

7. Ахарактарызуйце ўяўленні сярэднявечнага чалавека аб уладкаванні сусвету і яго сістэму жыццёвых каштоўнасцяў. З чым, на вашу думку, было звязана такое ўяўленне пра сусвет?