§ 10. Еўропа хрысціянская

2. Царкоўны раскол 1054 г.

Яшчэ ў час існавання адзінай Рымскай імперыі рысы, што прысутнічалі ў хрысціянскай рэлігіі на ўсходзе і захадзе, вызначаліся мясцовымі традыцыямі. Напрыклад, па-рознаму вылічвалі даты святкавання Вялікадня. Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі гэтыя адрозненні пачалі паглыбляцца. Можна сказаць, што хрысціянскі свет падзяліўся на дзве часткі. На захадзе гэта быў «свет лацінскі» (каталіцкі), дзе хрысціянства прымалася народамі Заходняй, Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы на ўзор, устаноўлены царквой Рыма. А на ўсходзе і на Балканскім паўвостраве — ​«свет праваслаўны», дзе хрысціянства вызнавалі на ўзор візантыйскай царквы.

На захадзе прызнавалася кіроўная роля аднаго епіскапа Рыма, які пачэсна называўся папам рымскім. На ўсходзе было некалькі самых уплывовых хрысціянскіх цэнтраў — ​Канстанцінопаль, Александрыя, Антыёхія і Іерусалім. Епіскапы гэтых цэркваў насілі тытулы патрыярхаў і вырашалі найважнейшыя пытанні сумесна. Усе яны прызнаваліся практычна роўнымі адзін аднаму.

З цягам часу папа рымскі стаў прэтэндаваць на аднаасобнае вяршэнства над усёй царквой. Гэтыя прэтэнзіі грунтаваліся на паданні аб тым, што святы апостал Пётр, галоўны вучань Ісуса Хрыста, быў першым епіскапам Рыма. Таму і яго пераемнікі, рымскія епіскапы, павінны атрымаць першынство ва Усяленскай царкве. Усходнія патрыярхі былі не згодны з такім становішчам.

Рознымі былі ўзаемаадносіны царквы са свецкай уладай, а значыць, і іх палітычныя памкненні. Калі канстанцінопальскі патрыярх падпарадкоўваўся волі візантыйскага імператара, то папа рымскі меў вялікі ўплыў на заходнееўрапейскіх манархаў.

Рымскія папы на працягу многіх гадоў імкнуліся пашырыць сваю ўладу і на ўсход­нюю царкву. Аднак гэтыя спробы былі няўдалымі, а адносіны паміж цэрквамі заставаліся напружанымі. У выніку ў 1054 г. кіраўнікі рымскай і канстанцінопальскай цэркваў абвясцілі адзін аднаму анафему (пракляцце) і часова спынілі стасункі. Хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.