В. Методыка рашэння задач па тэме «Прадукцыйнасць экасістэм»

Задача 1(I)

Межы колькасці папуляцыі казуль у лесе складаюць 20—200 асобін. Вядома, што гадавы аб’ём чыстай першаснай прадукцыі (ЧПП) роўны 20 т/год, на корм казулям прыдатна ў сярэднім 25 % расліннай біямасы, а рацыён адной асобіны складае 500 кг/год. Ці зможа папуляцыя самастойна захаваць сваю колькасць ці спатрэбіцца дапамога чалавека?

Рашэнне

1. Ведаючы гадавы аб’ём ЧПП, складзём прапорцыю і вызначым аб’ём ЧПП, прыдатнай на корм казулям:

20 т — 100 %
х т — 25 %
х = 20 · 25 : 100 = 5 т.

2. Ведаючы рацыён адной асобіны, вызначым, колькі казуль зможа пракарміцца за кошт прыдатнай на корм ЧПП:

5 т = 5000 кг.
5000 : 500 = 10 казуль.

А д к а з: за кошт чыстай першаснай прадукцыі лесу зможа прахарчавацца толькі 10 казуль, а гэта ніжэй за ніжнюю мяжу колькасці папуляцыі. Такім чынам, у гэтым лесе казулі не змогуць самастойна захаваць сваё існаванне, ім спатрэбіцца дапамога чалавека ў выглядзе дадатковага падкормлівання.