§ 7. Культурная спадчына старажытных цывілізацый

6. Сусветнае значэнне антычнай культуры

У гісторыі Еўропы і ўсяго свету антычная культура пакінула вельмі глыбокі след. Практычна ў любой галіне сучаснага жыцця мы бачым уплыў ідэй Антычнасці. Уся еўрапейская цывілізацыя вядзе сваё паходжанне ад антычных дзяржаў.

Грэчаская дзяржаўная структура, прадстаўленая полісамі, спарадзіла разуменне грамадзянства і неад’емных грамадзянскіх правоў, якія сумешчаны з абавязкамі перад усім калектывам. Гэтыя правы адлюстроўвалі роўнасць грамадзян поліса (іншаземцы і рабы выключаліся) у палітычных правах і перад законам. Ідэі грамадзянскіх правоў і інстытутаў фарміруюць і наша сучаснае грамадства.

Сучаснае разуменне дзяржаўнага ладу бярэ свой пачатак у Антыч­насці. Грэчаскія традыцыі сфарміравалі сучасную палітычную тэрміналогію: «дэмакратыя», «алігархія», «арыстакратыя», «манархія», «тыранія» і г. д. Менавіта ў Рыме ўзніклі паняцці «рэспубліка», «імператар», «дыктатар» і інш.

Антычная культура ўвабрала ў сябе розныя традыцыі і творча іх спалучыла. Грэкі стварылі ўнікальныя формы рэалістычнага мастацтва і развітой філасоф­скай думкі. Яе пашырэнне ў перыяд заваёў Аляксандра Македонскага значна ўзбагаціла культуры старажытных цывілізацый Блізкага Усходу. Але ў эліні­стычны перыяд ішоў і адваротны ўплыў старажытнаўсходніх народаў на грэкаў і свет Міжземнамор’я. У далейшым палітычна моцны Рым, які падпарадкаваў вялікія тэрыторыі на некалькіх кантынентах, стаў актыўна ўспрымаць дасягненні элінізму. У выніку зліцця рымскіх і грэчаскіх традыцый з’явілася антычная культура ва ўсёй яе разнастайнасці.

У Старажытнай Грэцыі пачалося развіццё многіх сучасных навук: астраноміі, анатоміі, заалогіі, батанікі, геаметрыі, гісторыі, геаграфіі, філасофіі і інш. Характэрна, што ўсе гэтыя тэрміны — ​старажытнагрэчаскія па паходжанні, гэтаксама як і слова «школа».

Навуковыя дасягненні грэкаў перанялі рымляне. Асабліва актыўна яны развівалі прыкладныя навукі. Напрыклад, рымляне стварылі першакласную тэарэтычную і практычную медыцыну. Яны ўпершыню прымянілі наркоз, рабілі пластычныя аперацыі. Рымскае земляробства было заснаванае на веданні аграноміі. Здабыча карысных выкапняў стымулявала развіццё мінералогіі, а затым і металургіі. Імкненне да вывучэння велізарнай краіны прывяло да развіцця геаграфіі і картаграфіі.

Асаблівае значэнне ў Рыме мела юрыспрудэнцыя. Рымляне лічылі, што кожная галіна чалавечай дзейнасці павінна рэгулявацца сваімі правіламі, якія належыць выкласці ў законах. Рымскае права на працягу ўсёй гісторыі Еўропы было ўзорам для стварэння заканадаўства. Яно не страціла свайго значэння нават цяпер.

Грэкі шмат у чым заклалі асновы развітога горадабудаўніцтва. Доказ гэтаму — ​Александрыя Егіпецкая. Але менавіта рымляне давялі прынцыпы гарадской архітэктуры да дасканаласці. Рым стаў увасабленнем вобраза «вечнага горада», як яго называлі самі жыхары. Была вырашана праблема забеспячэння пітной вадой праз акведукі. Сетка дарог з мастамі і тунэлямі звязала ўсю тэрыторыю краіны. Вынаходства бетону, выкарыстанне арак у архітэктурных канструкцыях адкрылі абсалютна новыя магчымасці для будаўніцтва. Многія старажытнарымскія пабудовы захаваліся, іх можна ўбачыць у сучасным Рыме.

Асноўныя літаратурныя роды — ​эпас, лірыка, драма — ​пачалі развівацца ў Грэцыі, а затым і ў Рыме. У Старажытнай Грэцыі ўзніклі Алімпійскія гульні, тэатр, прамоўніцкае майстэрства. Рэалістычнае выяўленчае мастацтва Антычнасці натх­няе і сучасных майстроў.

Культурная і навуковая спадчына антычнай цывілізацыі стала асновай культуры не толькі Еўропы, але ўсяго сучаснага чалавецтва. Хрысціянства, якое ўзнікла ў той перыяд, мае найбольшую колькасць прыхільнікаў у сучасным свеце, гэта значыць з’яўляецца самай масавай рэлігіяй. Антычная цывілізацыя была пабудавана на ідэі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, якая стала асновай узнікнення дэмакратычнага ладу, што лічыўся найважнейшым дасягненнем Антычнасці і існуе цяпер.