§ 7. Культурная спадчына старажытных цывілізацый

1. Развіццё пісьменства

Вялікія цывілізацыі Старажытнага свету стварылі багатую і разнастайную духоўную культуру і такім чынам аказалі прыкметны ўплыў на станаўленне сучаснай сусветнай цывілізацыі.

Адным з найважнейшых іх дасягненняў стала вынаходства пісьменства. У першабытны перыяд узнікненне маўлення садзейнічала з’яднанню чалавечага калектыву, дало магчымасць больш канструктыўна ўзаемадзейнічаць і перадаваць вопыт. З’яўленне пісьменства спрыяла станаўленню дзяржаўнасці, дапамагло захоўваць веды і вопыт, дазволіла падтрымліваць стасункі не толькі на адлегласці, але і праз час. Мы чытаем цяпер творы нашых продкаў і можам зразумець, пра што яны думалі і марылі многія тысячы гадоў таму.

Суаднесці словы і гукі са знакамі людзям удалося не адразу. Першым этапам у развіцці пісьма было з’яўленне піктаграфіі. Піктаграмы ўяўлялі сабой малюнкі, якія перадавалі паведамленні.

Першай сістэмай уласна пісьменства лічыцца іерагліфічнае пісьменства, у рамках якога асобны знак уяўляў сабой спачатку слова-­вобраз, потым слова-­сімвал, затым з’явіліся знакі, якія адпавядалі асобным складам. Знакі ўжо суадносіліся не з вобразамі, а з гукамі. Такое пісьмо названа фанетычным. Гэтае развіццё заняло некалькі тысяч гадоў. Іерагліфічнае пісьменства набывала розныя формы ў розных цывілізацыях.

Найстаражытнейшыя пісьмовыя помнікі знойдзены ў шумераў у Паўднёвай Месапатаміі і датуюцца сярэдзінай IV тысячагоддзя да н. э. Шумерская сістэма пісьма атрымала назву клінапіс, ён быў пераняты і ў далейшым развіты народамі ўсёй Месапатаміі. Асноўным матэрыялам для пісьма стала даступная гліна. Знакі ў форме клінкоў выціскалі на гліняных дошчачках трысняговымі палачкамі, адсюль і назва гэтай сістэмы пісьма. Клінапіс выкарыстоўваўся для запісу як адміністра­цыйных, гаспадарчых, так і літаратурных, гістарычных дакументаў.

Старажытнаегіпецкае пісьменства ўзнікла на рубяжы IV і III тысячагоддзяў да н. э. Егіпецкія іерогліфы таксама спачатку былі піктаграфічнымі, а затым сталі больш складанымі і шматлікімі. Егіпцяне высякалі надпісы на камені і пісалі на папірусе. Старажытнаегіпецкая іерагліфіка прайшла шлях развіцця ад прымітыўных формаў да складанага сумяшчэння старажытных піктаграфічных і фанетычных знакаў.

У Старажытным Кітаі іерагліфічнае пісьменства склалася ў пачатку II тысячагоддзя да н. э. З часам у ім таксама з’явілася мноства фанетычных знакаў. Спачатку кітайцы пісалі на планках з дрэва або бам­буку. Яны першымі пачалі выкарыстоўваць для пісьма паперу. Сучаснае кітай­скае іерагліфічнае пісьменства заснаванае на іерагліфіцы, якая ўзнікла яшчэ ў старажытнасці.

У ХІ ст. да н. э. фінікійцы стварылі першы алфавіт, у якім кожнаму знаку-­літары адпавядаў адзін гук. Яны выкарыстоўвалі 22 знакі для абазначэння зычных гукаў. Галосныя гукі на пісьме не абазначаліся. Пісалі справа налева. Фінікійскае пісьменства было першым алфавітным пісьменствам у гісторыі, яно стала родапачынальнікам большасці сучасных алфавітаў. Стварэнне алфавіта было сапраўды выдатным культурным дасягненнем фінікійцаў. Яно значна палегчыла пісьмо, паколькі цяпер любое слова можна было хутка запісаць, выкарыстоўваючы літары.

У працэсе гандлю з алфавітам пазнаёміліся старажытныя грэкі. Старажытнагрэчаскае пісьмо ўзнікла ў канцы IX ст. да н. э. Грэкі мадыфікавалі фінікійскія літары, крыху спрасціўшы іх напісанне, дадалі знакі для абазначэння галосных гукаў, змянілі напрамак пісьма: сталі пісаць злева направа. Урачыстыя надпісы выбівалі на камені, а ў паўсядзённым жыцці пісалі на дошчачках, пакрытых воскам. Для нанясення літар выкарыстоўвалі стыло з дрэва, металу або слановай косці. Напісанае лёгка сціралася або выпраўлялася, для гэтага трэба было проста разгладзіць воск і зноў зрабіць запіс. На базе грэчаскага пісьма рымляне стварылі свой — ​лацінскі — ​алфавіт, якім карыстаюцца многія народы і ў наш час.