§ 6. Старажытны Рым

1. Прыродныя ўмовы і заняткі насельніцтва Апенінскага паўвострава

На Апенінскім паўвостраве ўмовы для вядзення гаспадаркі былі нашмат больш спрыяльнымі, чым на Балканскім. З поўначы яго абаранялі ад халодных вятроў Альпійскія горы, таму клімат тут быў мяккі з цёплымі зімамі. Цэнтральныя раёны паўвострава займалі горы. На іх схілах можна было вырошчваць вінаград і пасвіць жывёлу. Горы часам блізка падыходзілі да мора, утвараючы даліны. У Італіі было шмат раўнін, прыдатных для земляробства. Там у значнай колькасці вяліся дзікія жывёлы.

Рэкі паўвострава былі невялікімі, але затое іх было шмат, урадлівыя даліны заўсёды дазвалялі вырошчваць пшаніцу, вінаград, алівы, весці садовую гаспадарку. З даўніх часоў на тэрыторыі сучаснай Італіі культывавалі многія пладовыя дрэвы, завезеныя з усяго Міжземнамор’я: яблыні, грушы, персікі, чарэшні, гранаты, інжыр, слівы і інш. Напрыклад, вырошчвалі ўжо 32 гатункі яблыкаў. Такімі ж разнастайнымі былі агарод­ныя культуры, асабліва любілі жыхары гэтых зямель капусту. Яе ў вялікай колькасці заквашвалі на зіму. Мноства сакавітых траў у далінах вызначыла тое, што асноўным заняткам насельніцтва стала развядзенне буйной рагатай жывёлы. Таксама традыцыйна разводзілі коз, авечак, свіней.

Развіццё сельскай гаспадаркі ў Рыме дасягнула высокага ўзроўню. Выкарыстоўваліся шматлікія прылады працы, механізмы. Шмат увагі ўдзялялася розным спосабам вядзення гаспадаркі, пра гэта рымляне пісалі спецыяльныя трактаты.

Спрыяльныя прыродныя ўмовы садзейнічалі разнастайнасці рацыёну старажытных рымлян, што пазітыўна ўплывала на працягласць жыцця. Аснову харчавання складалі не толькі прадукты земляробчай гаспадаркі, як гэта было ў некаторых старажытнаўсходніх цывілізацыях. У рацыён уваходзілі мяса розных дзікіх і свой­скіх жывёл, дзікай і свой­скай птушкі, рачная і марская рыба, сыр. Самым папулярным быў суп з буракоў і капусты, які мы назвалі б баршчом.

У Альпійскіх і Апенінскіх гарах здабывалі жалезную руду, волава, медзь, серу, мармур. У вусці ракі Тыбр знаходзіліся вялікія запасы солі і гліны. Карысныя выкапні давалі магчымасць развіваць розныя рамёствы, гандляваць многімі матэрыяламі.