Print bookPrint book

§ 7. Культурная спадчына старажытных цывілізацый

Які ўклад старажытныя цывілізацыі ўнеслі ў сусветную культуру?

У чым былі адрозненні дзяржаўнага ладу старажытнаўсходніх цывілізацый і антычных полісаў? Якім быў дзяржаўны лад Рымскай імперыі? Успомніце выдатныя культурныя дасягненні старажытных цывілізацый. (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 7. Культурная спадчына старажытных цывілізацый
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 12:30 PM

1. Развіццё пісьменства

Вялікія цывілізацыі Старажытнага свету стварылі багатую і разнастайную духоўную культуру і такім чынам аказалі прыкметны ўплыў на станаўленне сучаснай сусветнай цывілізацыі.

Адным з найважнейшых іх дасягненняў стала вынаходства пісьменства. У першабытны перыяд узнікненне маўлення садзейнічала з’яднанню чалавечага калектыву, дало магчымасць больш канструктыўна ўзаемадзейнічаць і перадаваць вопыт. З’яўленне пісьменства спрыяла станаўленню дзяржаўнасці, дапамагло захоўваць веды і вопыт, дазволіла падтрымліваць стасункі не толькі на адлегласці, але і праз час. Мы чытаем цяпер творы нашых продкаў і можам зразумець, пра што яны думалі і марылі многія тысячы гадоў таму.

Суаднесці словы і гукі са знакамі людзям удалося не адразу. Першым этапам у развіцці пісьма было з’яўленне піктаграфіі. Піктаграмы ўяўлялі сабой малюнкі, якія перадавалі паведамленні.

Першай сістэмай уласна пісьменства лічыцца іерагліфічнае пісьменства, у рамках якога асобны знак уяўляў сабой спачатку слова-­вобраз, потым слова-­сімвал, затым з’явіліся знакі, якія адпавядалі асобным складам. Знакі ўжо суадносіліся не з вобразамі, а з гукамі. Такое пісьмо названа фанетычным. Гэтае развіццё заняло некалькі тысяч гадоў. Іерагліфічнае пісьменства набывала розныя формы ў розных цывілізацыях.

Найстаражытнейшыя пісьмовыя помнікі знойдзены ў шумераў у Паўднёвай Месапатаміі і датуюцца сярэдзінай IV тысячагоддзя да н. э. Шумерская сістэма пісьма атрымала назву клінапіс, ён быў пераняты і ў далейшым развіты народамі ўсёй Месапатаміі. Асноўным матэрыялам для пісьма стала даступная гліна. Знакі ў форме клінкоў выціскалі на гліняных дошчачках трысняговымі палачкамі, адсюль і назва гэтай сістэмы пісьма. Клінапіс выкарыстоўваўся для запісу як адміністра­цыйных, гаспадарчых, так і літаратурных, гістарычных дакументаў.

Старажытнаегіпецкае пісьменства ўзнікла на рубяжы IV і III тысячагоддзяў да н. э. Егіпецкія іерогліфы таксама спачатку былі піктаграфічнымі, а затым сталі больш складанымі і шматлікімі. Егіпцяне высякалі надпісы на камені і пісалі на папірусе. Старажытнаегіпецкая іерагліфіка прайшла шлях развіцця ад прымітыўных формаў да складанага сумяшчэння старажытных піктаграфічных і фанетычных знакаў.

У Старажытным Кітаі іерагліфічнае пісьменства склалася ў пачатку II тысячагоддзя да н. э. З часам у ім таксама з’явілася мноства фанетычных знакаў. Спачатку кітайцы пісалі на планках з дрэва або бам­буку. Яны першымі пачалі выкарыстоўваць для пісьма паперу. Сучаснае кітай­скае іерагліфічнае пісьменства заснаванае на іерагліфіцы, якая ўзнікла яшчэ ў старажытнасці.

У ХІ ст. да н. э. фінікійцы стварылі першы алфавіт, у якім кожнаму знаку-­літары адпавядаў адзін гук. Яны выкарыстоўвалі 22 знакі для абазначэння зычных гукаў. Галосныя гукі на пісьме не абазначаліся. Пісалі справа налева. Фінікійскае пісьменства было першым алфавітным пісьменствам у гісторыі, яно стала родапачынальнікам большасці сучасных алфавітаў. Стварэнне алфавіта было сапраўды выдатным культурным дасягненнем фінікійцаў. Яно значна палегчыла пісьмо, паколькі цяпер любое слова можна было хутка запісаць, выкарыстоўваючы літары.

У працэсе гандлю з алфавітам пазнаёміліся старажытныя грэкі. Старажытнагрэчаскае пісьмо ўзнікла ў канцы IX ст. да н. э. Грэкі мадыфікавалі фінікійскія літары, крыху спрасціўшы іх напісанне, дадалі знакі для абазначэння галосных гукаў, змянілі напрамак пісьма: сталі пісаць злева направа. Урачыстыя надпісы выбівалі на камені, а ў паўсядзённым жыцці пісалі на дошчачках, пакрытых воскам. Для нанясення літар выкарыстоўвалі стыло з дрэва, металу або слановай косці. Напісанае лёгка сціралася або выпраўлялася, для гэтага трэба было проста разгладзіць воск і зноў зрабіць запіс. На базе грэчаскага пісьма рымляне стварылі свой — ​лацінскі — ​алфавіт, якім карыстаюцца многія народы і ў наш час.

2. Эпас і літаратура

Расказы пра гісторыю народа і міфы пра багоў былі першымі аповедамі, якія ствараліся людзьмі. Спачатку іх запаміналі на памяць. З узнікненнем пісьменства пачалі запісваць розныя тэксты, у тым ліку і літаратурныя творы.

Да эпічнага жанру літаратуры належыць шумерскі і вавілонскі «Эпас пра Гіль­гамеша», вельмі вялікія па аб’ёме індыйскія паэмы «Махабхарата» і «Рамаяна». «Махабхарата», што налічвае больш за 200 тыс. радкоў, дагэтуль застаецца адным з буйнейшых сусветных літаратурных твораў. У эпасах расказы пра дзейнасць людзей цесна пераплятаюцца з гісторыямі аб умяшанні ў іх жыццё багоў, свет людзей і свет багоў практычна не падзелены якімі-­небудзь межамі. Менавіта так старажытны чалавек успрымаў навакольны свет.

Захавалася нямала запісаў міфаў і гімнаў у гонар багоў, якія выкарыстоўваліся ў рэлігійных рытуалах, у тым ліку тых, што засталіся ад ­старажытнаегіпецкай цывілізацыі. Знакамітыя індыйскія «Веды» ўключаюць збор рэлігійных гімнаў. Праз міфы чалавек імкнуўся растлумачыць з’явы навакольнага свету. Варта адзначыць: нягледзячы на тое што многія народы жылі на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, у іх сустракаюцца вельмі падобныя міфы — ​аб стварэнні свету і чалавека, аб сусветным патопе, аб памерлых і ўваскрэслых багах.

Папулярнымі сярод старажытна­ўсходніх літаратурных жанраў былі казкі, легенды, аповесці, павучанні. У Кітаі папулярнасць набылі філасофскія трак­та­ты. Старажытныя яўрэі стварылі кнігі Старога Запавету Бібліі, у якіх гісторыя яўрэйскага народа пераплятаецца з боскімі ўстанаўленнямі.

Выдатнымі літаратурнымі творамі Старажытнай Грэцыі сталі паэмы «Іліяда» і «Адысея». Аўтар гэтых эпічных паэм — ​Гамер — ​змог вусныя народныя паданні аб Траянскай вайне аб’яднаць у цэласныя паэмы.

Найбольш вядомымі паэтамі ў Старажытным Рыме былі Вергілій, Авідзій і Гарацый, творчасць якіх адносіцца да канца I ст. да н. э. — ​пачатку І ст. У гісторыі гэты перыяд атрымаў назву «залатога веку» рымскай паэзіі. Вяршыняй рымскай класічнай паэзіі можна лічыць паэму Вергілія «Энеіда», якая была створана на заказ імператара Аўгуста. Яна з’яўляецца нібы працягам «Іліяды» і «Адысеі» і асвятляе гісторыю рымлян ва ўзаемнай сувязі з гісторыяй грэкаў.

Ужо ў старажытнасці з’явілася і імкненне збіраць вялікія калекцыі пісьмовых твораў. Асірыйскі цар Ашурбанапал загадаў зрабіць копіі мноства літаратурных твораў, для таго каб захоўваць іх у сваім палацы. Пры раскопках архео­лагі выявілі там велізарнае сховішча з дзясяткамі тысяч фрагментаў гліняных таблічак.

Самае вялікае сховішча папірусных кніг было створана ў Александрыі Егіпецкай. Яно атрымала назву «Александрыйская бібліятэка» (ад грэч. biblion — ​кніга, thēkē — ​сховішча). Сюды з’язджаліся людзі з усяго Міжземнамор’я, каб вывучаць розныя навукі. Чалавецтва ўжо ў старажытнасці ўсвядоміла важнасць сховішчаў інфармацыі, якія ўяўляюць сабой вялікую сацыяльную каштоўнасць.

3. Пачатак развіцця навуковых ведаў

Узнікненне навукі на Старажытным Усходзе было звязана з неабходнасцю вырашэння практычных задач. Зыходзячы з гэтага найбольшае развіццё атрымалі медыцына, матэматыка, геаметрыя, астраномія. Навуковымі дасягненнямі вядомы быў Егіпет. Егіпецкія медыкі лічыліся лепшымі ва ўсім Міжземнамор’і, да нас дайшло нямала спе­цыяльных трактатаў па лекаванні. Герадот пісаў: «Медыцына ў іх падзелена, кожны лекар займаецца асаблівым родам хвароб: адны — ​лекары вачэй, іншыя — ​лекары для галавы, трэція — ​для зубоў, і яшчэ іншыя — ​для нябачных хвароб». Археолагі выявілі некалькі соцень старажытнаегіпецкіх медыцынскіх інструментаў. Медыкі доб­ра ведалі будову чалавечага цела дзякуючы абраду баль­за­ма­ван­ня.

Сведчаннем практычных уменняў старажытнаегіпецкіх інжынераў з’яўляюцца каласальныя піраміды і велічныя храмы, што захаваліся да нашага часу. Цудоўна была спраектавана сістэма ірыгацыі. Старажытнаегіпецкія астраномы штогод дакладна вылічвалі па руху планет пачатак сезона разліву Ніла.

Астраномы Месапатаміі заклалі асновы календара, якім мы карыстаемся і цяпер. Яны падзялілі год на 12 месяцаў па 30 дзён, у Месапатаміі таксама з’явіўся тыдзень з 7 дзён, кожны з якіх прысвячаўся асабліваму звязанаму з планетамі бажаству. Мы карыстаемся назвамі сузор’яў, многія з якіх былі прыдуманы вавілонскімі астраномамі. Дагэтуль мы выкарыстоўваем шасцідзесяцярычны падлік шумераў: 360 градусаў у акружнасці, 60 хвілін у гадзіне і 60 секунд у хвіліне.

Найважнейшым дасягненнем старажытнаіндыйскай навукі стала стварэнне дзесяцічнай сістэмы вылічэння, якую выкарыстоўваюць і цяпер. Тут матэматыкі ўпершыню сталі ўжываць паняцце «нуль», што дало магчымасць весці тэарэтычныя матэматычныя разлікі. Многія сучасныя матэматычныя тэрміны маюць індыйскае паходжанне: «сінус», «корань». Індыйскія медыкі праводзілі 300 відаў аперацый з дапамогай 120 хірургічных інструментаў.

Да нашых дзён дайшоў кітайскі зборнік «Матэматыка ў дзевяці кнігах», які даказвае, што кітайцы ведалі сутнасць тэарэмы, вядомай як тэарэма Піфагора, яны рашалі складаныя ўраўненні. Кітайскія медыкі ўжо ў старажытны час адкрылі іголка­ўколванне і выкарыстоўвалі чай як лекі. Падарожжы кітайскіх купцоў далі магчымасць скласці зборнік «Кніга гор і мораў», што паклала пачатак геаграфіі. Старажытным кітайцам былі вядомыя компас і сейсмограф.

Вялікі ўклад у далейшае развіццё навуковых ведаў унеслі грэкі і рымляне. Вядомы старажытнагрэчаскі медык Гіпакрат вучыў: для таго каб вылечыць чалавека, неабходна ўмацоўваць сілы яго арганізма, а не чакаць умяшання боскіх сіл. Для ўмацавання здароўя ён раіў прытрымлівацца дыеты, займацца лячэбнай гімнастыкай. «Клятва Гіпакрата» лічыцца этычнай асновай паводзін сучасных урачоў.

Навуковае тлумачэнне арганізацыі навакольнага свету даў грэчаскі вучоны Дэмакрыт. Ён сцвярджаў, што не існуе боскага творцы людзей. На яго думку, людзі выйшлі з вады і навучыліся жыць дзякуючы свайму вопыту. Вучоны Парменід лічыў Зямлю шарам, а загадчык Александрыйскай бібліятэкі Эратасфен даволі дакладна падлічыў акружнасць зямнога шара.

У Старажытнай Грэцыі ўзнікла і атрымала значнае развіццё гістарычная навука. Яе «айцом-­заснавальнікам» лічыцца Герадот, які, расказваючы пра грэка-­персідскія вой­ны, апісаў папярэднюю ім гісторыю Грэцыі і многіх краін Блізкага Усходу. За­снавальнікам геаграфіі прызнаюць Страбона.

4. Архітэктура, скульптура, жывапіс

Манументальная архітэктура і выяўленчае мастацтва таксама пачалі развівацца ў перыяд старажытных цывілізацый, прытым гэтае развіццё было бурным і пакінула нам матэрыяльныя помнікі, многія з якіх увайшлі ў лік шэдэўраў сусветнай культуры.

Сімвалам Старажытнага Егіпта да гэтага часу з’яўляюцца велічныя піраміды, пабудаваныя яшчэ ў пачатку егіпецкай цывілізацыі. Знакамітая постаць Сфінкса побач з пірамідамі высечана з суцэльнай скалы. Галоўным будаўнічым матэрыялам быў камень. У Егіпце захавалася шмат руін велічных храмаў, напрыклад, у горадзе Фівы — ​старажытнай сталіцы Егіпта. Пячорны храм на поўдні Егіпта ў Абу-­Сімбеле выразаны ўнутры каменнай гары. Перад уваходам у яго размешчаны чатыры аднолькавыя скульптуры фараона Рам­зэса II у паставе седзячы. Іх вышыня складае 20 м.

Бюст царыцы Неферціці, аўтарам якога з’яўляецца скульптар Тутмас, лічыцца шэдэўрам сусветнага мас­тацтва. Грабніца фараона Тутан­ха­мона, адзіная не разрабаваная ў старажытнасці, ­уражвае колькасцю сабраных для тагасветнага жыцця скарбаў.

У Месапатаміі будавалі з цэглы. У цэнтры кожнага горада размяшчаліся храмы з накіраванымі ўверх спецыяльнымі масіўнымі вежамі — ​зікуратамі. Мясцовае насельніцтва верыла, што там размяшчалася «жыллё» багоў. Цудам свету лічылі ў старажытнасці дзівоснае збудаванне ў Вавілоне — ​знакамітыя «вісячыя сады» (на дахах цагляных палацаў уладкоўвалі сады з сапраўднымі дрэвамі).

Да грандыёзных архітэктурных збудаванняў традыцыйна адносяць Вялікую Кітайскую сцяну, даўжыня якой складала 10 тыс. лі (каля 5 тыс. км). Таксама вельмі цікавым узорам старажытнакітайскай скульптуры з’яўляюцца больш за 8 тыс. гліняных фігур узброеных воінаў, знойдзеныя ў грабніцы Цынь Шыхуандзі.

Антычная цывілізацыя стварыла непаўторны стыль у архітэктуры і ма­с­тацтве. Грэкі і рымляне асабліва старанна ўзводзілі храмы і грамадскія збудаванні. Руіны розных антычных пабудоў можна знайсці ў многіх гарадах сучаснай Еўропы.

Найвышэйшым дасягненнем старажытнагрэчаскай архітэктуры лічаць збудаванні афінскага Акропаля, перш за ўсё вытанчаны храм Парфенон. Архітэктары Ікцін і Калікрат так скан­струявалі яго, што велізарнае беламар­муровае збудаванне здаецца вельмі лёгкім.

Рымская архітэктура ўвасабляла веліч, магутнасць і багацце «вечнага горада». Пабудаваны ў I ст. н. э. вялізны амфітэатр Калізей змяшчаў дзясяткі тысяч гледачоў. Самым цудоўным збудаваннем, якое захавалася да нашых дзён, стаў храм усіх багоў Пантэон. Яго асаблівасць — ​дугападобны купал, які нагадвае небасхіл.

Дасканаласці формаў дасягнула старажытнагрэчаская скульптура, непераўзыдзенымі ўзорамі якой сталі творы выдатных скульптараў Мірона, Фідыя і Паліклета. Рэалістычнасць стала адметнай рысай антычнага мастацтва, а ў далейшым і асаблівасцю ўсяго еўрапейскага мастацтва. Ствараючы статую кап’яносца, Паліклет адкрыў правілы перадачы аблічча ідэальнага грамадзяніна поліса, героя і бога. Чалавека ў руху змог увасобіць скульптар Мірон, адлюстраваўшы ў статуі дыскабола тое імгненне, калі дыск вылятае з рукі спартсмена. Знакамітая скульптура Фідыя паказвае бога Зеўса. Вобразы багоў у антычным мастацтве поўнасцю паўтаралі рэальныя чалавечыя вобразы.

5. Грамадскія відовішчы

Многімі відамі грамадскіх відовішчаў (напрыклад, такімі як тэатр, цырк, Алімпійскія гульні і інш.) мы абавязаны антычнай цывілізацыі. Тое, што давала задавальненне старажытным грэкам і рымлянам, захавала папулярнасць і ў сучасным свеце. Напрыклад, на працягу некалькіх тысяч гадоў людзей прываблівае тэатральнае мастацтва.

Тэатральныя паказы (грэч. thea­tron — ​месца для відовішчаў) з’явіліся ў сярэдзіне VI ст. да н. э. як частка рэлігійных свят у гонар грэчаскага бога Дыяніса. Спачатку яны былі прадстаўлены песнямі, якія ўслаўлялі бажаство, але ў хуткім часе з’явіліся акцёры, якія дэкламавалі міфалагічныя сюжэты. Паступова акцёраў станавілася ўсё больш, а сюжэты пастановак сталі выходзіць за межы рэлігійнай сферы; у іх усё часцей разглядаліся чалавечыя ўзаемаадносіны. У аснову тэкстаў для многіх пастановак у Афінах былі пакладзены падзеі ў самім полісе. Грэчаскі тэатр быў прадстаўлены двума жанрамі: трагедыяй і камедыяй. Вялікія драматургі Эсхіл, Сафокл і Эўрыпід выхоўвалі павагу да грамадзянскіх свабод і каштоўнасцяў, адзначалі важнасць патрыятызму. Тэатр лічыўся інструментам выхавання грамадзян. Пры Перыкле афінская дэмакратыя аплачвала наведванне тэатра бедным грамадзянам для захавання ў іх пачуцця далучанасці да грамадзянскага калектыву поліса.

Грамадскія відовішчы рымлян у меншай ступені былі звернуты да ўнутранага духоўнага свету чалавека, на першы план выходзіла відовішчнасць. «Хлеба і відовішчаў!» — ​патрабавалі рымскія беднякі, і імператары дбалі аб задавальненні іх жаданняў.

Папулярнымі публічнымі відовішчамі ў Старажытным Рыме былі гладыятарскія баі да смерці. Такія баі заўсёды грунтоўна рыхтаваліся, арганізоўваліся. Іх вызначалі размах і масавасць. Так, Юлій Цэзар вывеў на арэну 500 пар гладыятараў, іншыя рымскія імператары — ​па некалькі тысяч рабоў. А імператар Веспасіян пабудаваў у цэнтры Рыма Калізей — ​велічэзную арэну, на якой можна было праводзіць нават пастаноўкі марскіх баёў. Масавыя відовішчы арганізоўваліся ў гонар важных дзяржаўных свят або па жаданні знатных грамадзян.

6. Сусветнае значэнне антычнай культуры

У гісторыі Еўропы і ўсяго свету антычная культура пакінула вельмі глыбокі след. Практычна ў любой галіне сучаснага жыцця мы бачым уплыў ідэй Антычнасці. Уся еўрапейская цывілізацыя вядзе сваё паходжанне ад антычных дзяржаў.

Грэчаская дзяржаўная структура, прадстаўленая полісамі, спарадзіла разуменне грамадзянства і неад’емных грамадзянскіх правоў, якія сумешчаны з абавязкамі перад усім калектывам. Гэтыя правы адлюстроўвалі роўнасць грамадзян поліса (іншаземцы і рабы выключаліся) у палітычных правах і перад законам. Ідэі грамадзянскіх правоў і інстытутаў фарміруюць і наша сучаснае грамадства.

Сучаснае разуменне дзяржаўнага ладу бярэ свой пачатак у Антыч­насці. Грэчаскія традыцыі сфарміравалі сучасную палітычную тэрміналогію: «дэмакратыя», «алігархія», «арыстакратыя», «манархія», «тыранія» і г. д. Менавіта ў Рыме ўзніклі паняцці «рэспубліка», «імператар», «дыктатар» і інш.

Антычная культура ўвабрала ў сябе розныя традыцыі і творча іх спалучыла. Грэкі стварылі ўнікальныя формы рэалістычнага мастацтва і развітой філасоф­скай думкі. Яе пашырэнне ў перыяд заваёў Аляксандра Македонскага значна ўзбагаціла культуры старажытных цывілізацый Блізкага Усходу. Але ў эліні­стычны перыяд ішоў і адваротны ўплыў старажытнаўсходніх народаў на грэкаў і свет Міжземнамор’я. У далейшым палітычна моцны Рым, які падпарадкаваў вялікія тэрыторыі на некалькіх кантынентах, стаў актыўна ўспрымаць дасягненні элінізму. У выніку зліцця рымскіх і грэчаскіх традыцый з’явілася антычная культура ва ўсёй яе разнастайнасці.

У Старажытнай Грэцыі пачалося развіццё многіх сучасных навук: астраноміі, анатоміі, заалогіі, батанікі, геаметрыі, гісторыі, геаграфіі, філасофіі і інш. Характэрна, што ўсе гэтыя тэрміны — ​старажытнагрэчаскія па паходжанні, гэтаксама як і слова «школа».

Навуковыя дасягненні грэкаў перанялі рымляне. Асабліва актыўна яны развівалі прыкладныя навукі. Напрыклад, рымляне стварылі першакласную тэарэтычную і практычную медыцыну. Яны ўпершыню прымянілі наркоз, рабілі пластычныя аперацыі. Рымскае земляробства было заснаванае на веданні аграноміі. Здабыча карысных выкапняў стымулявала развіццё мінералогіі, а затым і металургіі. Імкненне да вывучэння велізарнай краіны прывяло да развіцця геаграфіі і картаграфіі.

Асаблівае значэнне ў Рыме мела юрыспрудэнцыя. Рымляне лічылі, што кожная галіна чалавечай дзейнасці павінна рэгулявацца сваімі правіламі, якія належыць выкласці ў законах. Рымскае права на працягу ўсёй гісторыі Еўропы было ўзорам для стварэння заканадаўства. Яно не страціла свайго значэння нават цяпер.

Грэкі шмат у чым заклалі асновы развітога горадабудаўніцтва. Доказ гэтаму — ​Александрыя Егіпецкая. Але менавіта рымляне давялі прынцыпы гарадской архітэктуры да дасканаласці. Рым стаў увасабленнем вобраза «вечнага горада», як яго называлі самі жыхары. Была вырашана праблема забеспячэння пітной вадой праз акведукі. Сетка дарог з мастамі і тунэлямі звязала ўсю тэрыторыю краіны. Вынаходства бетону, выкарыстанне арак у архітэктурных канструкцыях адкрылі абсалютна новыя магчымасці для будаўніцтва. Многія старажытнарымскія пабудовы захаваліся, іх можна ўбачыць у сучасным Рыме.

Асноўныя літаратурныя роды — ​эпас, лірыка, драма — ​пачалі развівацца ў Грэцыі, а затым і ў Рыме. У Старажытнай Грэцыі ўзніклі Алімпійскія гульні, тэатр, прамоўніцкае майстэрства. Рэалістычнае выяўленчае мастацтва Антычнасці натх­няе і сучасных майстроў.

Культурная і навуковая спадчына антычнай цывілізацыі стала асновай культуры не толькі Еўропы, але ўсяго сучаснага чалавецтва. Хрысціянства, якое ўзнікла ў той перыяд, мае найбольшую колькасць прыхільнікаў у сучасным свеце, гэта значыць з’яўляецца самай масавай рэлігіяй. Антычная цывілізацыя была пабудавана на ідэі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, якая стала асновай узнікнення дэмакратычнага ладу, што лічыўся найважнейшым дасягненнем Антычнасці і існуе цяпер.

Пытанні

1. Чым было абумоўлена ўзнікненне пісьменства ў старажытнасці?

2. Выкажыце свой пункт гледжання: паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея» — ​гэта выдатныя літаратурныя творы або каштоўныя гістарычныя крыніцы?

3. Як вы думаеце, чаму на Старажытным Усходзе навуковыя веды мелі практычны характар?

3-1. Чым антычная навука адрознівалася ад старажытнаўсходняй? Чым гэтыя адрозненні можна патлумачыць?

4. З апорай на ілюстрацыйны матэрыял параграфа і іншыя крыніцы інфармацыі складзіце спіс адметных асаблівасцяў старажытнаўсходняй і антычнай архі­тэк­тур.

5. Чым адрозніваўся старажытнагрэчаскі тэатр ад старажытнарымскага? Як вы думаеце, чым былі выкліканы гэтыя адрозненні?

6. Пацвердзіце або абвергніце сцвярджэнне, што рымская культура была не самастойнай, а з’яўлялася толькі перайманнем культуры Старажытнай Грэцыі.

7. Назавіце асаблівасці антычнай культуры. Чаму, на ваш погляд, яны сфарміраваліся?

8. Падрыхтуйце віртуальную экспазіцыю «Культурныя шэдэўры Старажытнага свету». Правядзіце па ёй экскурсію для аднакласнікаў.

8-1. Напішыце эсэ на тэму «Фундаментальнае значэнне антычнай культуры».