§ 7. Культурная спадчына старажытных цывілізацый

5. Грамадскія відовішчы

Многімі відамі грамадскіх відовішчаў (напрыклад, такімі як тэатр, цырк, Алімпійскія гульні і інш.) мы абавязаны антычнай цывілізацыі. Тое, што давала задавальненне старажытным грэкам і рымлянам, захавала папулярнасць і ў сучасным свеце. Напрыклад, на працягу некалькіх тысяч гадоў людзей прываблівае тэатральнае мастацтва.

Тэатральныя паказы (грэч. thea­tron — ​месца для відовішчаў) з’явіліся ў сярэдзіне VI ст. да н. э. як частка рэлігійных свят у гонар грэчаскага бога Дыяніса. Спачатку яны былі прадстаўлены песнямі, якія ўслаўлялі бажаство, але ў хуткім часе з’явіліся акцёры, якія дэкламавалі міфалагічныя сюжэты. Паступова акцёраў станавілася ўсё больш, а сюжэты пастановак сталі выходзіць за межы рэлігійнай сферы; у іх усё часцей разглядаліся чалавечыя ўзаемаадносіны. У аснову тэкстаў для многіх пастановак у Афінах былі пакладзены падзеі ў самім полісе. Грэчаскі тэатр быў прадстаўлены двума жанрамі: трагедыяй і камедыяй. Вялікія драматургі Эсхіл, Сафокл і Эўрыпід выхоўвалі павагу да грамадзянскіх свабод і каштоўнасцяў, адзначалі важнасць патрыятызму. Тэатр лічыўся інструментам выхавання грамадзян. Пры Перыкле афінская дэмакратыя аплачвала наведванне тэатра бедным грамадзянам для захавання ў іх пачуцця далучанасці да грамадзянскага калектыву поліса.

Грамадскія відовішчы рымлян у меншай ступені былі звернуты да ўнутранага духоўнага свету чалавека, на першы план выходзіла відовішчнасць. «Хлеба і відовішчаў!» — ​патрабавалі рымскія беднякі, і імператары дбалі аб задавальненні іх жаданняў.

Папулярнымі публічнымі відовішчамі ў Старажытным Рыме былі гладыятарскія баі да смерці. Такія баі заўсёды грунтоўна рыхтаваліся, арганізоўваліся. Іх вызначалі размах і масавасць. Так, Юлій Цэзар вывеў на арэну 500 пар гладыятараў, іншыя рымскія імператары — ​па некалькі тысяч рабоў. А імператар Веспасіян пабудаваў у цэнтры Рыма Калізей — ​велічэзную арэну, на якой можна было праводзіць нават пастаноўкі марскіх баёў. Масавыя відовішчы арганізоўваліся ў гонар важных дзяржаўных свят або па жаданні знатных грамадзян.