§ 7. Культурная спадчына старажытных цывілізацый

2. Эпас і літаратура

Расказы пра гісторыю народа і міфы пра багоў былі першымі аповедамі, якія ствараліся людзьмі. Спачатку іх запаміналі на памяць. З узнікненнем пісьменства пачалі запісваць розныя тэксты, у тым ліку і літаратурныя творы.

Да эпічнага жанру літаратуры належыць шумерскі і вавілонскі «Эпас пра Гіль­гамеша», вельмі вялікія па аб’ёме індыйскія паэмы «Махабхарата» і «Рамаяна». «Махабхарата», што налічвае больш за 200 тыс. радкоў, дагэтуль застаецца адным з буйнейшых сусветных літаратурных твораў. У эпасах расказы пра дзейнасць людзей цесна пераплятаюцца з гісторыямі аб умяшанні ў іх жыццё багоў, свет людзей і свет багоў практычна не падзелены якімі-­небудзь межамі. Менавіта так старажытны чалавек успрымаў навакольны свет.

Захавалася нямала запісаў міфаў і гімнаў у гонар багоў, якія выкарыстоўваліся ў рэлігійных рытуалах, у тым ліку тых, што засталіся ад ­старажытнаегіпецкай цывілізацыі. Знакамітыя індыйскія «Веды» ўключаюць збор рэлігійных гімнаў. Праз міфы чалавек імкнуўся растлумачыць з’явы навакольнага свету. Варта адзначыць: нягледзячы на тое што многія народы жылі на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, у іх сустракаюцца вельмі падобныя міфы — ​аб стварэнні свету і чалавека, аб сусветным патопе, аб памерлых і ўваскрэслых багах.

Папулярнымі сярод старажытна­ўсходніх літаратурных жанраў былі казкі, легенды, аповесці, павучанні. У Кітаі папулярнасць набылі філасофскія трак­та­ты. Старажытныя яўрэі стварылі кнігі Старога Запавету Бібліі, у якіх гісторыя яўрэйскага народа пераплятаецца з боскімі ўстанаўленнямі.

Выдатнымі літаратурнымі творамі Старажытнай Грэцыі сталі паэмы «Іліяда» і «Адысея». Аўтар гэтых эпічных паэм — ​Гамер — ​змог вусныя народныя паданні аб Траянскай вайне аб’яднаць у цэласныя паэмы.

Найбольш вядомымі паэтамі ў Старажытным Рыме былі Вергілій, Авідзій і Гарацый, творчасць якіх адносіцца да канца I ст. да н. э. — ​пачатку І ст. У гісторыі гэты перыяд атрымаў назву «залатога веку» рымскай паэзіі. Вяршыняй рымскай класічнай паэзіі можна лічыць паэму Вергілія «Энеіда», якая была створана на заказ імператара Аўгуста. Яна з’яўляецца нібы працягам «Іліяды» і «Адысеі» і асвятляе гісторыю рымлян ва ўзаемнай сувязі з гісторыяй грэкаў.

Ужо ў старажытнасці з’явілася і імкненне збіраць вялікія калекцыі пісьмовых твораў. Асірыйскі цар Ашурбанапал загадаў зрабіць копіі мноства літаратурных твораў, для таго каб захоўваць іх у сваім палацы. Пры раскопках архео­лагі выявілі там велізарнае сховішча з дзясяткамі тысяч фрагментаў гліняных таблічак.

Самае вялікае сховішча папірусных кніг было створана ў Александрыі Егіпецкай. Яно атрымала назву «Александрыйская бібліятэка» (ад грэч. biblion — ​кніга, thēkē — ​сховішча). Сюды з’язджаліся людзі з усяго Міжземнамор’я, каб вывучаць розныя навукі. Чалавецтва ўжо ў старажытнасці ўсвядоміла важнасць сховішчаў інфармацыі, якія ўяўляюць сабой вялікую сацыяльную каштоўнасць.