*§ 55— 2. Экалагічныя праблемы сельскай гаспадаркі і горада

Экалагічныя праблемы горада

Экалагічныя праблемы гарадоў, асабліва буйных, звязаны з празмернай канцэнтрацыяй на параўнальна невялікіх тэрыторыях насельніцтва, транспарту і прамысловых прадпрыемстваў, з пераўтварэннем глебавага покрыва і абмежаванай колькасцю зялёных насаджэнняў. У гарадах, асабліва буйных, складаецца свой мікраклімат, экалагічныя характарыстыкі якога ўздзейнічаюць на здароўе чалавека.

Жыхары гарадоў адчуваюць праблемы з вадой. У гарадах спажыванне прэснай і пітной вады ў 10 разоў большае ў разліку на 1 чалавека, чым у сельскіх раёнах. Аб’ём сцёкавых вод дасягае 1 м3 у суткі на аднаго чалавека. Вадаёмы, размешчаныя ў гарадской мясцовасці, больш забруджаныя. Таму практычна ўсе буйныя гарады адчуваюць дэфіцыт чыстай пітной вады і шмат якія з іх атрымліваюць ваду з аддаленых крыніц.

Атмасфера над буйнымі гарадамі змяшчае ў 10 разоў больш аэразоляў і ў 25 разоў больш газаў, чым над сельскімі раёнамі. Пры гэтым 60—70 % газавага забруджвання дае аўтамабільны транспарт. Самаачышчэнню атмасферы ў гарадах перашкаджае зніжэнне хуткасці ветру за кошт пабудоў. Асаблівасцю буйных гарадоў з’яўляецца і больш інтэнсіўнае павышэнне тэмпературы ў параўнанні з сельскай мясцовасцю.

Разам з забруджваннем атмасферы адмоўна адбіваюцца на здароўі чалавека ў гарадах вібрацыя, шумавое і светлавое забруджванні. Шумавое забруджванне ў гарадах практычна заўсёды мае лакальны характар. Выклікаецца яно пераважна сродкамі транспарту — гарадскога, чыгуначнага, авіяцыйнага — і мае тэндэнцыю да штогадовага ўзмацнення. Узровень шуму на вуліцах з найбольш інтэнсіўным аўтамабільным рухам у Мінску, Магілёве, Гомелі і іншых прамысловых цэнтрах Беларусі набліжаецца да парогавага. Шум уплывае на цэнтральную нервовую сістэму людзей, выклікаючы нервовае напружанне, трывогу і раздражненне.

!  Гэта цікава

Англійскія ўрачы лічаць, што кожная трэцяя жанчына і кожны чацвёрты мужчына ў свеце пакутуюць ад няўрозаў з прычыны ўздзеяння шуму. Лічыцца, што шум з’яўляецца прычынай неўрозаў у 30 % выпадкаў, галаўнога болю — у 80 %.

Вялізныя рэкламныя шыльды, асвятленне стадыёнаў, паркаў, клубаў спрыяюць утварэнню над гарадамі так званых «светлавых купалаў», святло якіх рассейваецца ў атмасферы. Светлавое забруджванне прыводзіць да змянення біярытмаў жывых арганізмаў, парушае сутачны рытм раслін, выклікае зніжэнне імунітэту ў людзей і скарачае працягласць жыцця. Уплыў вібрацыі разглядаўся ў раздзеле 3.

Прыгнечанне, пераўтварэнне і фізічнае знішчэнне на гарадскіх тэрыторыях адчувае на сабе глебавае покрыва і  расліннасць. У парках, скверах, дварах глеба забруджваецца бытавымі адходамі, шкоднымі рэчывамі з атмасферы. Таму шматгадовыя расліны ў гарадах развіваюцца ў неспрыяльных для іх умовах.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема гарадоў шмат у якіх краінах свету — утылізацыя адходаў. Беларусь — не выключэнне. Штогод на тэрыторыі краіны ўтвараецца больш за 3 млн т смецця. З кожным годам гэта лічба расце. Сярод смецця шмат сінтэтычных матэрыялаў — пластмас. Такія адходы павольна акісляюцца і разбураюцца. Час іх раскладання — дзясяткі гадоў. Для таго каб ліквідаваць праблемы ў сферы перапрацоўкі смецця, практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі сярод насельніцтва вядзецца актыўная прапаганда раздзельнага збору адходаў. Функцыянуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, якія займаюцца яго сартаваннем.

Забруджванне гарадоў можна паменшыць, мадэрнізуючы дзеючыя прамысловыя і гаспадарча-бытавыя аб’екты, абнаўляючы аўтамабільны транспарт, прадумваючы гарадскую планіроўку, якая ўключае рацыянальнае размяшчэнне жылых і прамысловых зон, і павялічваючы ўзровень экалагічнай свядомасці жыхароў.

Паўторым галоўнае. У сельскагаспадарчым прыродакарыстанні ў цяперашні час існуюць такія экалагічныя праблемы, як хімічнае забруджванне глеб пестыцыдамі і лішкам мінеральных угнаенняў, дэградацыя і эрозія зямель. Экалагічныя праблемы сучасных гарадоў звязаны з празмернай канцэнтрацыяй на параўнальна невялікіх тэрыторыях насельніцтва, транспарту і прамысловых прадпрыемстваў, утылізацыяй адходаў, абмежаванай колькасцю зялёных насаджэнняў. Пагаршэнне якасці навакольнага асяроддзя адбіваецца на здароўі чалавека і ўстойлівасці экасістэм.