*§ 55— 2. Экалагічныя праблемы сельскай гаспадаркі і горада

Экалагічныя праблемы сельскай гаспадаркі

Задача сельскай гаспадаркі — забяспечыць насельніцтва харчаваннем, сыравінай для шэрага галін прамысловасці і экспарт тавараў. У ходзе рэалізацыі гаспадарчай дзейнасці чалавека з’яўляюцца шмат якія экалагічныя праблемы: хімічнае забруджванне, эрозія і дэградацыя глеб. 

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 23 % тэрыторыі Беларусі з 3688 населенымі пунктамі, у якіх на момант аварыі пражывала больш за 2 млн чалавек, было забруджана радыенуклідамі. Радыеактыўнае забруджванне глеб распаўсюдзілася па ўсіх абласцях рэспублікі, аднак насіла нераўнамерны характар. Найбольш пацярпелі Магілёўская і Гомельская вобласці. Пасля аварыі плошчы забруджаных радыеактыўным цэзіем сельскагаспадарчых зямель былі цалкам выведзены з сельскагаспадарчага абароту. У цяперашні час яны часткова вяртаюцца ў сельскагаспадарчае выкарыстанне.

Іншай крыніцай забруджвання глеб з’яўляецца ўжыванне мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў. Аптымальныя дозы ўгнаенняў, якія ўжываюцца з улікам плануемага ўраджаю, патрэбнасці раслін у пажыўных рэчывах, урадлівасці глебы, пагодных умоў, віду ўгнаенняў спрыяюць павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Але часта правілы занясення ўгнаенняў парушаюцца.

Пестыцыды — зборная назва хімічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі сельскагаспадарчых раслін. Звычайна пестыцыды выкарыстоўваюцца для знішчэння пэўнага шкодніка, але, акрамя яго, гінуць і бясшкодныя арганізмы. Таксічныя кампаненты назапашваюцца ў грунце, трапляюць у карані, лісты, плады і насенне раслін. Пры дасягненні пэўнай канцэнтрацыі ў сельскагаспадарчых культурах пестыцыды становяцца небяспечнымі для жыцця людзей і жывёл. 

Для Беларусі ў цяперашні час актуальнымі з’яўляюцца праблемы эрозіі глеб і дэградацыі зямель. Эрозія — гэта працэс разбурэння і зносу глебавага покрыва струменямі вады ці ветрам. У сувязі з гэтым адрозніваюць водную і ветравую эрозію. На тэрыторыі Беларусі на сённяшні дзень 45 % эразійна-небяспечных ворных зямель, 10 % адчуваюць на сабе эрозію ўжо зараз. Да гэтага прывяло экалагічна неабгрунтаванае асушэнне балот і далейшае выкарыстанне гэтых зямель у сельскагаспадарчых мэтах, інтэнсіўнае ўжыванне ўгнаенняў і пестыцыдаў. Сярод асушаных зямель асабліва пакутуюць тарфянікі, якія губляюць пад уздзеяннем ветру пласт гумусу і ператвараюцца ў землі, непрыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі. Гэты працэс увесь час развіваецца. У сувязі з гэтым пачашчаюцца выпадкі звышактыўнай ветравой эрозіі глеб. Прыкладам ветравой эрозіі можа служыць пясчаная бура ў г. Гродне ў 2019 г.

Іншая праблема — дэградацыя зямель. Яна прыводзіць да змянення функцый глебы, колькаснага і якаснага пагаршэння яе ўласцівасцей, паступовай страце ўрадлівасці. Адной з форм дэградацыі зямель з’яўляецца апустыньванне, пры якім урадлівыя землі ператвараюцца ў пустыні. Дэградацыя глебы адбываецца ў выніку няўмелай гаспадарчай дзейнасці чалавека: нерацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў і тэхнагеннага забруджвання глеб. У першую чаргу яна ўзнікае на меліяраваных землях, уключаных у актыўнае гаспадарчае выкарыстанне. Прыкладна 5 %  дэградаваных зямель знаходзіцца на тэрыторыі асушаных тарфянікаў. У цяперашні час у Беларусі меліяравана 3,4 млн га (16,4 %) зямель, з іх 1,3 млн га балот. Пры гэтым было ліквідавана каля 20 млн м3 вады, што істотна ўплывае на вільготнасць прыземнага слоя паветра і глебы. 

У ходзе ўжывання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў, меліярацыі, выкарыстання пры апрацоўцы палёў цяжкай тэхнікі, у выніку дзеяння працэсаў эрозіі і дэградацыі глеб парушаюцца натуральныя ўмовы пражывання мноства жывых арганізмаў. Гэта праблема мае далёкія наступствы, паколькі выклікае дысбаланс у харчовых ланцугах і  прыводзіць да змяненняў у біягеацэнозах.

Павышэнне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзроўню харчовай бяспекі без скарачэння плошчы лясоў з’яўляецца адной з найважнейшых задач нашага часу. У цяперашні час распрацоўваюцца методыкі і тэхналогіі вядзення сельскай гаспадаркі, якія спыняюць дзеянне негатыўных фактараў уплыву на экалагічны стан асяроддзя ці перашкаджаюць іх узнікненню.