Печатать книгуПечатать книгу

*§ 55— 2. Экалагічныя праблемы сельскай гаспадаркі і горада

  • Успомніце з курса біялогіі 7-га класа віды ўгнаенняў і іх значэнне.
  • Як вы думаеце? Ці ёсць узаемасувязь паміж экалагічнымі праблемамі сельскай гаспадаркі і горада? Прывядзіце канкрэтныя прыклады.
  • Вы даведаецеся, якія экалагічныя праблемы, звязаныя з дзейнасцю чалавека, характэрны для сельскай гаспадаркі і горада.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 55— 2. Экалагічныя праблемы сельскай гаспадаркі і горада
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 05:39

Экалагічныя праблемы сельскай гаспадаркі

Задача сельскай гаспадаркі — забяспечыць насельніцтва харчаваннем, сыравінай для шэрага галін прамысловасці і экспарт тавараў. У ходзе рэалізацыі гаспадарчай дзейнасці чалавека з’яўляюцца шмат якія экалагічныя праблемы: хімічнае забруджванне, эрозія і дэградацыя глеб. 

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 23 % тэрыторыі Беларусі з 3688 населенымі пунктамі, у якіх на момант аварыі пражывала больш за 2 млн чалавек, было забруджана радыенуклідамі. Радыеактыўнае забруджванне глеб распаўсюдзілася па ўсіх абласцях рэспублікі, аднак насіла нераўнамерны характар. Найбольш пацярпелі Магілёўская і Гомельская вобласці. Пасля аварыі плошчы забруджаных радыеактыўным цэзіем сельскагаспадарчых зямель былі цалкам выведзены з сельскагаспадарчага абароту. У цяперашні час яны часткова вяртаюцца ў сельскагаспадарчае выкарыстанне.

Іншай крыніцай забруджвання глеб з’яўляецца ўжыванне мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў. Аптымальныя дозы ўгнаенняў, якія ўжываюцца з улікам плануемага ўраджаю, патрэбнасці раслін у пажыўных рэчывах, урадлівасці глебы, пагодных умоў, віду ўгнаенняў спрыяюць павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Але часта правілы занясення ўгнаенняў парушаюцца.

Пестыцыды — зборная назва хімічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі сельскагаспадарчых раслін. Звычайна пестыцыды выкарыстоўваюцца для знішчэння пэўнага шкодніка, але, акрамя яго, гінуць і бясшкодныя арганізмы. Таксічныя кампаненты назапашваюцца ў грунце, трапляюць у карані, лісты, плады і насенне раслін. Пры дасягненні пэўнай канцэнтрацыі ў сельскагаспадарчых культурах пестыцыды становяцца небяспечнымі для жыцця людзей і жывёл. 

Для Беларусі ў цяперашні час актуальнымі з’яўляюцца праблемы эрозіі глеб і дэградацыі зямель. Эрозія — гэта працэс разбурэння і зносу глебавага покрыва струменямі вады ці ветрам. У сувязі з гэтым адрозніваюць водную і ветравую эрозію. На тэрыторыі Беларусі на сённяшні дзень 45 % эразійна-небяспечных ворных зямель, 10 % адчуваюць на сабе эрозію ўжо зараз. Да гэтага прывяло экалагічна неабгрунтаванае асушэнне балот і далейшае выкарыстанне гэтых зямель у сельскагаспадарчых мэтах, інтэнсіўнае ўжыванне ўгнаенняў і пестыцыдаў. Сярод асушаных зямель асабліва пакутуюць тарфянікі, якія губляюць пад уздзеяннем ветру пласт гумусу і ператвараюцца ў землі, непрыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі. Гэты працэс увесь час развіваецца. У сувязі з гэтым пачашчаюцца выпадкі звышактыўнай ветравой эрозіі глеб. Прыкладам ветравой эрозіі можа служыць пясчаная бура ў г. Гродне ў 2019 г.

Іншая праблема — дэградацыя зямель. Яна прыводзіць да змянення функцый глебы, колькаснага і якаснага пагаршэння яе ўласцівасцей, паступовай страце ўрадлівасці. Адной з форм дэградацыі зямель з’яўляецца апустыньванне, пры якім урадлівыя землі ператвараюцца ў пустыні. Дэградацыя глебы адбываецца ў выніку няўмелай гаспадарчай дзейнасці чалавека: нерацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў і тэхнагеннага забруджвання глеб. У першую чаргу яна ўзнікае на меліяраваных землях, уключаных у актыўнае гаспадарчае выкарыстанне. Прыкладна 5 %  дэградаваных зямель знаходзіцца на тэрыторыі асушаных тарфянікаў. У цяперашні час у Беларусі меліяравана 3,4 млн га (16,4 %) зямель, з іх 1,3 млн га балот. Пры гэтым было ліквідавана каля 20 млн м3 вады, што істотна ўплывае на вільготнасць прыземнага слоя паветра і глебы. 

У ходзе ўжывання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў, меліярацыі, выкарыстання пры апрацоўцы палёў цяжкай тэхнікі, у выніку дзеяння працэсаў эрозіі і дэградацыі глеб парушаюцца натуральныя ўмовы пражывання мноства жывых арганізмаў. Гэта праблема мае далёкія наступствы, паколькі выклікае дысбаланс у харчовых ланцугах і  прыводзіць да змяненняў у біягеацэнозах.

Павышэнне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзроўню харчовай бяспекі без скарачэння плошчы лясоў з’яўляецца адной з найважнейшых задач нашага часу. У цяперашні час распрацоўваюцца методыкі і тэхналогіі вядзення сельскай гаспадаркі, якія спыняюць дзеянне негатыўных фактараў уплыву на экалагічны стан асяроддзя ці перашкаджаюць іх узнікненню.

Экалагічныя праблемы горада

Экалагічныя праблемы гарадоў, асабліва буйных, звязаны з празмернай канцэнтрацыяй на параўнальна невялікіх тэрыторыях насельніцтва, транспарту і прамысловых прадпрыемстваў, з пераўтварэннем глебавага покрыва і абмежаванай колькасцю зялёных насаджэнняў. У гарадах, асабліва буйных, складаецца свой мікраклімат, экалагічныя характарыстыкі якога ўздзейнічаюць на здароўе чалавека.

Жыхары гарадоў адчуваюць праблемы з вадой. У гарадах спажыванне прэснай і пітной вады ў 10 разоў большае ў разліку на 1 чалавека, чым у сельскіх раёнах. Аб’ём сцёкавых вод дасягае 1 м3 у суткі на аднаго чалавека. Вадаёмы, размешчаныя ў гарадской мясцовасці, больш забруджаныя. Таму практычна ўсе буйныя гарады адчуваюць дэфіцыт чыстай пітной вады і шмат якія з іх атрымліваюць ваду з аддаленых крыніц.

Атмасфера над буйнымі гарадамі змяшчае ў 10 разоў больш аэразоляў і ў 25 разоў больш газаў, чым над сельскімі раёнамі. Пры гэтым 60—70 % газавага забруджвання дае аўтамабільны транспарт. Самаачышчэнню атмасферы ў гарадах перашкаджае зніжэнне хуткасці ветру за кошт пабудоў. Асаблівасцю буйных гарадоў з’яўляецца і больш інтэнсіўнае павышэнне тэмпературы ў параўнанні з сельскай мясцовасцю.

Разам з забруджваннем атмасферы адмоўна адбіваюцца на здароўі чалавека ў гарадах вібрацыя, шумавое і светлавое забруджванні. Шумавое забруджванне ў гарадах практычна заўсёды мае лакальны характар. Выклікаецца яно пераважна сродкамі транспарту — гарадскога, чыгуначнага, авіяцыйнага — і мае тэндэнцыю да штогадовага ўзмацнення. Узровень шуму на вуліцах з найбольш інтэнсіўным аўтамабільным рухам у Мінску, Магілёве, Гомелі і іншых прамысловых цэнтрах Беларусі набліжаецца да парогавага. Шум уплывае на цэнтральную нервовую сістэму людзей, выклікаючы нервовае напружанне, трывогу і раздражненне.

!  Гэта цікава

Англійскія ўрачы лічаць, што кожная трэцяя жанчына і кожны чацвёрты мужчына ў свеце пакутуюць ад няўрозаў з прычыны ўздзеяння шуму. Лічыцца, што шум з’яўляецца прычынай неўрозаў у 30 % выпадкаў, галаўнога болю — у 80 %.

Вялізныя рэкламныя шыльды, асвятленне стадыёнаў, паркаў, клубаў спрыяюць утварэнню над гарадамі так званых «светлавых купалаў», святло якіх рассейваецца ў атмасферы. Светлавое забруджванне прыводзіць да змянення біярытмаў жывых арганізмаў, парушае сутачны рытм раслін, выклікае зніжэнне імунітэту ў людзей і скарачае працягласць жыцця. Уплыў вібрацыі разглядаўся ў раздзеле 3.

Прыгнечанне, пераўтварэнне і фізічнае знішчэнне на гарадскіх тэрыторыях адчувае на сабе глебавае покрыва і  расліннасць. У парках, скверах, дварах глеба забруджваецца бытавымі адходамі, шкоднымі рэчывамі з атмасферы. Таму шматгадовыя расліны ў гарадах развіваюцца ў неспрыяльных для іх умовах.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема гарадоў шмат у якіх краінах свету — утылізацыя адходаў. Беларусь — не выключэнне. Штогод на тэрыторыі краіны ўтвараецца больш за 3 млн т смецця. З кожным годам гэта лічба расце. Сярод смецця шмат сінтэтычных матэрыялаў — пластмас. Такія адходы павольна акісляюцца і разбураюцца. Час іх раскладання — дзясяткі гадоў. Для таго каб ліквідаваць праблемы ў сферы перапрацоўкі смецця, практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі сярод насельніцтва вядзецца актыўная прапаганда раздзельнага збору адходаў. Функцыянуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, якія займаюцца яго сартаваннем.

Забруджванне гарадоў можна паменшыць, мадэрнізуючы дзеючыя прамысловыя і гаспадарча-бытавыя аб’екты, абнаўляючы аўтамабільны транспарт, прадумваючы гарадскую планіроўку, якая ўключае рацыянальнае размяшчэнне жылых і прамысловых зон, і павялічваючы ўзровень экалагічнай свядомасці жыхароў.

Паўторым галоўнае. У сельскагаспадарчым прыродакарыстанні ў цяперашні час існуюць такія экалагічныя праблемы, як хімічнае забруджванне глеб пестыцыдамі і лішкам мінеральных угнаенняў, дэградацыя і эрозія зямель. Экалагічныя праблемы сучасных гарадоў звязаны з празмернай канцэнтрацыяй на параўнальна невялікіх тэрыторыях насельніцтва, транспарту і прамысловых прадпрыемстваў, утылізацыяй адходаў, абмежаванай колькасцю зялёных насаджэнняў. Пагаршэнне якасці навакольнага асяроддзя адбіваецца на здароўі чалавека і ўстойлівасці экасістэм. 

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія экалагічныя праблемы актуальныя для сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь?
2. Што служыць прычынай дэградацыі зямель? Ці характэрна гэта праблема для горада? Адказ абгрунтуйце.
3. Ад якіх фактараў залежаць экалагічныя праблемы горада?
4. З прапанаванага спісу выберыце кампаненты, якія спрыяюць зніжэнню ўрадлівасці глебы: эрозія і засаленне, дэградацыя, разворванне, асушэнне балот, арашэнне, стварэнне штучных вадасховішчаў, вапнаванне палёў, выкарыстанне пестыцыдаў.

     Складаныя пытанні

1. Прапануйце напрамкі дзейнасці па зніжэнні і мінімізацыі працэсаў дэградацыі зямель.
2. Чаму ўжыванне ядахімікатаў прыводзіць да гібелі жывёл розных відаў?
3. Чаму можа сфарміравацца прыстасаванасць насякомых-шкоднікаў да ядахімікатаў?
4. Прапануйце шляхі рашэння праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя аўтатранспартам.
5. Як вы лічыце, ці будуць адчуваць наступствы глабальнага пацяплення жыхары гарадоў? Адказ абгрунтуйце.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Распрацуйце падрабязную памятку па эфектыўным выкарыстанні вады за кошт больш эканомнага яе расходавання.