*§ 51—1. Жывое рэчыва біясферы

Разнастайнасць жывых арганізмаў

Жывы свет нашай планеты, нягледзячы на сваю прасторавую неаднароднасць, бясконца разнастайны і ўключае вялізную колькасць відаў. Біяразнастайнасць уплывае на праходжанне біягеахімічных, кліматычных і іншых працэсаў на Зямлі. Ад разнастайнасці відаў жывых арганізмаў залежыць стабільнасць існавання біясферы як экалагічнай сістэмы планетарнага маштабу. Кожны від уносіць свой уклад у забеспячэнне ўстойлівасці не толькі лакальнай экасістэмы, але і біясферы ў цэлым.

Так, аўтатрофы здольныя сінтэзаваць арганічнае рэчыва з неарганічных складальнікаў з выкарыстаннем знешніх крыніц энергіі. Усе аўтатрофы па характары крыніцы энергіі для сінтэзу арганічных рэчываў падзяляюцца на фотатрофаў і хематрофаў.

Фотатрофы выкарыстоўваюць для сінтэзу сонечную энергію. Гэта галоўным чынам зялёныя расліны. Але да фотасінтэзу здольныя і прадстаўнікі некаторых іншых царстваў арганічнага свету. Напрыклад, цыянабактэрыі, якія змяшчаюць асаблівы пігмент — бактэрыяхларыл, і фотасінтэзуючыя пратысты.

У прыродных згуртаваннях фотатрофы выконваюць функцыю вытворцаў арганічнага рэчыва. Асноўныя зыходныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для фотасінтэзу, — вуглякіслы газ і вада, дадатковыя — азот, магній, фосфар, калій і іншыя элементы мінеральнага жыўлення. Створаныя арганічныя рэчывы служаць фотатрофам крыніцай энергіі для працэсаў жыццядзейнасці і перадаюцца па трафічных ланцугах.

Хематрофы ў працэсах сінтэзу арганічнага рэчыва выкарыстоўваюць энергію акіслення неарганічных элементаў і злучэнняў (вадароду, серавадароду, нітрытаў, аксідаў жалеза). Да хематрофаў належаць выключна пракарыёты — вадародныя бактэрыі, жалезабактэрыі, серабактэрыі, нітрыфікуючыя бактэрыі. 

Гетэратрофы — гэта жывыя арганізмы, якія патрабуюць для свайго існавання паступлення арганічнага рэчыва звонку ў складзе ежы.

Паводле характару крыніцы ежы гетэратрофы падзяляюцца на біятрофаў і сапратрофаў. Біятрофы кормяцца жывымі арганізмамі. Да іх належаць заафагі (кормяцца жывёламі), фітафагі (кормяцца раслінамі) і паразіты (кормяцца за кошт жывёл і раслін). Сапратрофы выкарыстоўваюць у якасці ежы арганічныя рэчывы дэтрыту ці выдзяленняў (экскрэментаў) жывёл. Да іх належаць сапратрофныя бактэрыі, грыбы, расліны-сапрафіты,  жывёлы-сапрафагі. 


Гэта цікава

Расліны-сапрафіты выкарыстоўваюць у якасці крыніцы энергіі арганічныя рэшткі раслін і жывёл, што перагніваюць. У нашай флоры да іх належаць гняздоўнік сапраўдны і пад’ельнік звычайны, якія растуць  у цёмнахваёвых лясах.

Сярод сапрафагаў сустракаюцца некрафагі, якія  кормяцца  трупамі жывёл, і капрафагі, якія спажываюць экскрэменты.

У працэсах кругавароту рэчываў у прыродзе сапрафагі ўдзельнічаюць у  раскладанні адмерлага арганічнага рэчыва. 

Некаторыя жывыя арганізмы ў залежнасці ад умоў пражывання здольныя як да аўтатрофнага, так і да гетэратрофнага тыпу харчавання. Арганізмы са змешаным тыпам харчавання называюцца міксатрофамі (насякомаедныя расліны, прадстаўнікі аддзела эўгленавых водарасцей).

У харчовых ланцугах аўтатрофы належаць да групы прадуцэнтаў, а гетэратрофы належаць да групы кансументаў і рэдуцэнтаў

!  Гэта цікава

Да кансументаў належаць усе жывёлы і некаторыя расліны. Іх няма толькі сярод цыянабактэрый і водарасцей. З раслін да кансументаў належаць бесхларафільныя формы, якія паразітуюць на іншых раслінах. Часткова функцыю кансументаў выконваюць і расліны са змешаным жыўленнем (напрыклад, расянка круглалістая, якая жывіцца насякомымі). У групу рэдуцэнтаў уваходзяць шмат якія віды бактэрый, пратыстаў і грыбоў.

Такім чынам, вялізная колькасць жывой матэрыі ствараецца, пераўтвараецца і раскладаецца жывымі арганізмамі. Дзейнасць жывых арганізмаў служыць асновай кругавароту рэчываў і адыгрывае важную ролю ў падтрыманні ўстойлівасці біясферы.

Паўторым галоўнае. Прычынай нераўнамернага размеркавання жывога рэчыва з’яўляецца геахімічная і геафізічная  неаднароднасць Зямлі. Вылучаюць кантынентальную і акіянічную часткі біясферы. Для іх характэрна шыротная і вышынная занальнасць, абумоўленая сукупнасцю спрыяльных для жыцця ўмоў. Жывы свет Зямлі бясконца разнастайны і ўключае вялізную колькасць відаў. Сярод іх вылучаюць аўтатрофныя арганізмы (прадуцэнты) і гетэратрофныя арганізмы (кансументы і рэдуцэнты). Аўтатрофы паводле характара крыніцы энергіі для сінтэзу арганічных рэчываў падзяляюцца на фотатрофаў і хематрофаў. Гетэратрофы паводле характару крыніцы ежы падзяляюцца на біятрофаў і сапратрофаў. Усе гэтыя арганізмы ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў і адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні ўстойлівасці біясферы.