*§ 51—1. Жывое рэчыва біясферы

Прасторавая неаднароднасць біясферы

Дыяпазон распаўсюджвання жывога рэчыва на планеце Зямля вельмі вялікі і яго размеркаванне на планеце нераўнамернае. Прычына такога размеркавання жывога рэчыва — ландшафтная, геахімічная і геафізічная неаднастайнасць Зямлі (акіяны, азёры, горы, цясніны, раўніны). Адсюль надзвычай разнастайныя ўмовы жыцця арганізмаў у біясферы. Вылучаюць кантынентальную і акіянічную часткі біясферы.

Кантынентальная частка біясферы  суша  займае 29 % усёй плошчы планеты. Асаблівасцю сушы зяўляецца неаднастайнасць, якая выяўляецца ў наяўнасці шыротнай і вышыннай занальнасці.

Шыротная занальнасць абумоўлена шарападобнасцю нашай планеты і нахілам яе восі вярчэння. З прычыны гэтага зямная паверхня неаднолькава забяспечваецца цяплом і вільгаццю. Найбольшую колькасць цяпла атрымліваюць трапічныя і субтрапічныя паясы, найменшую  палярныя. Назіраецца вялікае адрозненне і ў забяспечанасці розных абласцей Зямлі вільгаццю. Напрыклад, для вільготных трапічных лясоў  характэрны лішак, а для пустынь  недахоп атмасферных ападкаў. Вобласці ўмераных шырот характарызуюцца сярэднімі велічынямі водазабеспячэння. Ад колькасці вільгаці і цяпла залежыць відавая разнастайнасць жывых арганізмаў на пэўнай тэрыторыі. Адсюль мазаічнасць біягеацэнатычнага покрыва (лясы, балоты, стэпы, пустыні і інш.) з мінімумам шчыльнасці жывога рэчыва ў высакагорях, пустынях і палярных абласцях. Самыя багатыя відавой разнастайнасцю экасістэмы  дажджавыя трапічныя лясы, якія займаюць каля 7 % паверхні планеты і змяшчаюць больш за 90 % усіх відаў жывых арганізмаў.

Вышынная занальнасць кантынентальнай часткі біясферы абумоўлена змяненнем клімату з вышынёй. На 1 км уздыму тэмпература паветра зніжаецца ў сярэднім на 6 °C, ціск і запыленасць паветра памяншаецца, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі ўзрастае, воблачнасць і колькасць ападкаў да вышыні 23 км павялічваецца. Акрамя таго, з павелічэннем вышыні паветра становіцца больш разрэджаным, у ім памяншаецца ўтрыманне кіслароду, вуглякіслага газу і вадзяной пары. У выніку гэтага парушаецца звычайны ход фотасінтэзу. Таму на вышынях больш за 6 тыс. м расліны не растуць. У гэтых умовах жывуць толькі некаторыя мікраарганізмы, якія могуць захоўваць жыццё ў выглядзе спор. Ніжняя мяжа распаўсюджвання актыўнага жыцця ў літасферы, як мы адзначалі раней, складае 34 км. Такім чынам, вертыкальная магутнасць актыўнага жыцця біясферы на сушы дасягае 910 км.

Паміж шыротнымі і вышыннымі зонамі ёсць частковае падабенства ў кліматычных асаблівасцях, змяшчэнні расліннасці і глеб.

Акіянічная частка біясферы займае 71 % плошчы планеты. Вызначальнымі фактарамі жыцця арганізмаў у ёй зяўляюцца солевы і газавы склад вады, утрыманне біягенных элементаў, глыбіня і рухомасць вод. Для гэтай часткі біясферы таксама характэрна занальнасць. Па ўмовах жыцця асабліва адрозніваюцца паміж сабой палярныя і экватарыяльна-трапічныя зоны гідрасферы, а таксама яе паверхневная частка, якая асвятляецца сонцам, і глыбінная зона, куды сонечнае святло не пранікае. Максімальнае ўтрыманне жывога рэчыва гідрасферы прымеркавана да мелкаводдзяў, мінімальнае  да глыбінных акваторый. Найбольш спрыяльная для жыцця невялікая па плошчы (8 %) прыбярэжная зона гідрасферы  шэльф, якая добра асветлена і прагрэта сонечнымі прамянямі, забяспечана дастатковай колькасцю элементаў мінеральнага жыўлення, што паступаюць з донных адкладаў і з паверхні сушы.

Такім чынам, жыццё як у кантынентальнай, так і ў акіянічнай частцы планеты размеркавана нераўнамерна і  залежыць ад шэрага фактараў і ўмоў.