Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

*§ 51—1. Жывое рэчыва біясферы

  • Успомніце, якія арганізмы належаць да прадуцэнтаў, кансументаў, рэдуцэнтаў. Што такое харчовыя ланцугі?
  • Як вы думаеце? Ці можа існаваць біясфера без рэдуцэнтаў?
  • Вы даведаецеся пра неаднастайнасць біясферы і значэнне біяразнастайнасці для яе стабільнасці. 

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Падручнік: *§ 51—1. Жывое рэчыва біясферы
Надрукаваны: Гость
Дата: Пятніца 17 Травень 2024 10:06

Прасторавая неаднароднасць біясферы

Дыяпазон распаўсюджвання жывога рэчыва на планеце Зямля вельмі вялікі і яго размеркаванне на планеце нераўнамернае. Прычына такога размеркавання жывога рэчыва — ландшафтная, геахімічная і геафізічная неаднастайнасць Зямлі (акіяны, азёры, горы, цясніны, раўніны). Адсюль надзвычай разнастайныя ўмовы жыцця арганізмаў у біясферы. Вылучаюць кантынентальную і акіянічную часткі біясферы.

Кантынентальная частка біясферы  суша  займае 29 % усёй плошчы планеты. Асаблівасцю сушы зяўляецца неаднастайнасць, якая выяўляецца ў наяўнасці шыротнай і вышыннай занальнасці.

Шыротная занальнасць абумоўлена шарападобнасцю нашай планеты і нахілам яе восі вярчэння. З прычыны гэтага зямная паверхня неаднолькава забяспечваецца цяплом і вільгаццю. Найбольшую колькасць цяпла атрымліваюць трапічныя і субтрапічныя паясы, найменшую  палярныя. Назіраецца вялікае адрозненне і ў забяспечанасці розных абласцей Зямлі вільгаццю. Напрыклад, для вільготных трапічных лясоў  характэрны лішак, а для пустынь  недахоп атмасферных ападкаў. Вобласці ўмераных шырот характарызуюцца сярэднімі велічынямі водазабеспячэння. Ад колькасці вільгаці і цяпла залежыць відавая разнастайнасць жывых арганізмаў на пэўнай тэрыторыі. Адсюль мазаічнасць біягеацэнатычнага покрыва (лясы, балоты, стэпы, пустыні і інш.) з мінімумам шчыльнасці жывога рэчыва ў высакагорях, пустынях і палярных абласцях. Самыя багатыя відавой разнастайнасцю экасістэмы  дажджавыя трапічныя лясы, якія займаюць каля 7 % паверхні планеты і змяшчаюць больш за 90 % усіх відаў жывых арганізмаў.

Вышынная занальнасць кантынентальнай часткі біясферы абумоўлена змяненнем клімату з вышынёй. На 1 км уздыму тэмпература паветра зніжаецца ў сярэднім на 6 °C, ціск і запыленасць паветра памяншаецца, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі ўзрастае, воблачнасць і колькасць ападкаў да вышыні 23 км павялічваецца. Акрамя таго, з павелічэннем вышыні паветра становіцца больш разрэджаным, у ім памяншаецца ўтрыманне кіслароду, вуглякіслага газу і вадзяной пары. У выніку гэтага парушаецца звычайны ход фотасінтэзу. Таму на вышынях больш за 6 тыс. м расліны не растуць. У гэтых умовах жывуць толькі некаторыя мікраарганізмы, якія могуць захоўваць жыццё ў выглядзе спор. Ніжняя мяжа распаўсюджвання актыўнага жыцця ў літасферы, як мы адзначалі раней, складае 34 км. Такім чынам, вертыкальная магутнасць актыўнага жыцця біясферы на сушы дасягае 910 км.

Паміж шыротнымі і вышыннымі зонамі ёсць частковае падабенства ў кліматычных асаблівасцях, змяшчэнні расліннасці і глеб.

Акіянічная частка біясферы займае 71 % плошчы планеты. Вызначальнымі фактарамі жыцця арганізмаў у ёй зяўляюцца солевы і газавы склад вады, утрыманне біягенных элементаў, глыбіня і рухомасць вод. Для гэтай часткі біясферы таксама характэрна занальнасць. Па ўмовах жыцця асабліва адрозніваюцца паміж сабой палярныя і экватарыяльна-трапічныя зоны гідрасферы, а таксама яе паверхневная частка, якая асвятляецца сонцам, і глыбінная зона, куды сонечнае святло не пранікае. Максімальнае ўтрыманне жывога рэчыва гідрасферы прымеркавана да мелкаводдзяў, мінімальнае  да глыбінных акваторый. Найбольш спрыяльная для жыцця невялікая па плошчы (8 %) прыбярэжная зона гідрасферы  шэльф, якая добра асветлена і прагрэта сонечнымі прамянямі, забяспечана дастатковай колькасцю элементаў мінеральнага жыўлення, што паступаюць з донных адкладаў і з паверхні сушы.

Такім чынам, жыццё як у кантынентальнай, так і ў акіянічнай частцы планеты размеркавана нераўнамерна і  залежыць ад шэрага фактараў і ўмоў. 

Разнастайнасць жывых арганізмаў

Жывы свет нашай планеты, нягледзячы на сваю прасторавую неаднароднасць, бясконца разнастайны і ўключае вялізную колькасць відаў. Біяразнастайнасць уплывае на праходжанне біягеахімічных, кліматычных і іншых працэсаў на Зямлі. Ад разнастайнасці відаў жывых арганізмаў залежыць стабільнасць існавання біясферы як экалагічнай сістэмы планетарнага маштабу. Кожны від уносіць свой уклад у забеспячэнне ўстойлівасці не толькі лакальнай экасістэмы, але і біясферы ў цэлым.

Так, аўтатрофы здольныя сінтэзаваць арганічнае рэчыва з неарганічных складальнікаў з выкарыстаннем знешніх крыніц энергіі. Усе аўтатрофы па характары крыніцы энергіі для сінтэзу арганічных рэчываў падзяляюцца на фотатрофаў і хематрофаў.

Фотатрофы выкарыстоўваюць для сінтэзу сонечную энергію. Гэта галоўным чынам зялёныя расліны. Але да фотасінтэзу здольныя і прадстаўнікі некаторых іншых царстваў арганічнага свету. Напрыклад, цыянабактэрыі, якія змяшчаюць асаблівы пігмент — бактэрыяхларыл, і фотасінтэзуючыя пратысты.

У прыродных згуртаваннях фотатрофы выконваюць функцыю вытворцаў арганічнага рэчыва. Асноўныя зыходныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для фотасінтэзу, — вуглякіслы газ і вада, дадатковыя — азот, магній, фосфар, калій і іншыя элементы мінеральнага жыўлення. Створаныя арганічныя рэчывы служаць фотатрофам крыніцай энергіі для працэсаў жыццядзейнасці і перадаюцца па трафічных ланцугах.

Хематрофы ў працэсах сінтэзу арганічнага рэчыва выкарыстоўваюць энергію акіслення неарганічных элементаў і злучэнняў (вадароду, серавадароду, нітрытаў, аксідаў жалеза). Да хематрофаў належаць выключна пракарыёты — вадародныя бактэрыі, жалезабактэрыі, серабактэрыі, нітрыфікуючыя бактэрыі. 

Гетэратрофы — гэта жывыя арганізмы, якія патрабуюць для свайго існавання паступлення арганічнага рэчыва звонку ў складзе ежы.

Паводле характару крыніцы ежы гетэратрофы падзяляюцца на біятрофаў і сапратрофаў. Біятрофы кормяцца жывымі арганізмамі. Да іх належаць заафагі (кормяцца жывёламі), фітафагі (кормяцца раслінамі) і паразіты (кормяцца за кошт жывёл і раслін). Сапратрофы выкарыстоўваюць у якасці ежы арганічныя рэчывы дэтрыту ці выдзяленняў (экскрэментаў) жывёл. Да іх належаць сапратрофныя бактэрыі, грыбы, расліны-сапрафіты,  жывёлы-сапрафагі. 


Гэта цікава

Расліны-сапрафіты выкарыстоўваюць у якасці крыніцы энергіі арганічныя рэшткі раслін і жывёл, што перагніваюць. У нашай флоры да іх належаць гняздоўнік сапраўдны і пад’ельнік звычайны, якія растуць  у цёмнахваёвых лясах.

Сярод сапрафагаў сустракаюцца некрафагі, якія  кормяцца  трупамі жывёл, і капрафагі, якія спажываюць экскрэменты.

У працэсах кругавароту рэчываў у прыродзе сапрафагі ўдзельнічаюць у  раскладанні адмерлага арганічнага рэчыва. 

Некаторыя жывыя арганізмы ў залежнасці ад умоў пражывання здольныя як да аўтатрофнага, так і да гетэратрофнага тыпу харчавання. Арганізмы са змешаным тыпам харчавання называюцца міксатрофамі (насякомаедныя расліны, прадстаўнікі аддзела эўгленавых водарасцей).

У харчовых ланцугах аўтатрофы належаць да групы прадуцэнтаў, а гетэратрофы належаць да групы кансументаў і рэдуцэнтаў

!  Гэта цікава

Да кансументаў належаць усе жывёлы і некаторыя расліны. Іх няма толькі сярод цыянабактэрый і водарасцей. З раслін да кансументаў належаць бесхларафільныя формы, якія паразітуюць на іншых раслінах. Часткова функцыю кансументаў выконваюць і расліны са змешаным жыўленнем (напрыклад, расянка круглалістая, якая жывіцца насякомымі). У групу рэдуцэнтаў уваходзяць шмат якія віды бактэрый, пратыстаў і грыбоў.

Такім чынам, вялізная колькасць жывой матэрыі ствараецца, пераўтвараецца і раскладаецца жывымі арганізмамі. Дзейнасць жывых арганізмаў служыць асновай кругавароту рэчываў і адыгрывае важную ролю ў падтрыманні ўстойлівасці біясферы.

Паўторым галоўнае. Прычынай нераўнамернага размеркавання жывога рэчыва з’яўляецца геахімічная і геафізічная  неаднароднасць Зямлі. Вылучаюць кантынентальную і акіянічную часткі біясферы. Для іх характэрна шыротная і вышынная занальнасць, абумоўленая сукупнасцю спрыяльных для жыцця ўмоў. Жывы свет Зямлі бясконца разнастайны і ўключае вялізную колькасць відаў. Сярод іх вылучаюць аўтатрофныя арганізмы (прадуцэнты) і гетэратрофныя арганізмы (кансументы і рэдуцэнты). Аўтатрофы паводле характара крыніцы энергіі для сінтэзу арганічных рэчываў падзяляюцца на фотатрофаў і хематрофаў. Гетэратрофы паводле характару крыніцы ежы падзяляюцца на біятрофаў і сапратрофаў. Усе гэтыя арганізмы ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў і адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні ўстойлівасці біясферы.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Чаму размеркаванне жывога рэчыва  на планеце Зямля нераўнамернае?
2. Чым абумоўлена шыротная занальнасць у кантынентальнай частцы біясферы?
3. Чым абумоўлена вышынная занальнасць у кантынентальнай частцы біясферы?
4. На якія віды падзяляюцца аўтатрофныя арганізмы паводле характару крыніцы энергіі? Прывядзіце прыклады такіх арганізмаў.
5. Да якога тыпу жывых арганізмаў паводле крыніцы ежы належаць рэдуцэнты?

     Складаныя пытанні

1. Ахарактарызуйце размеркаванне жывых арганізмаў у акіянічнай частцы біясферы.
2. Нярэдка можна пачуць: «Няўжо сучасная навука не можа знайсці сродак для знішчэння камароў, бо ад іх столькі непрыемнасцей чалавеку і жывёлам». Уявіце сабе, што такі сродак знойдзены. Ці правільна паступіць чалавек, калі яго выкарыстае? Адказ абгрунтуйце.
3. На сценах старажытнагрэчаскага храма Дыяны ў горадзе Эфесе людзі калісьці зрабілі надпіс: «Сонца сваім прамяністым святлом дае жыццё». Пазней вучоныя пацвердзілі гэты тэзіс, даказаўшы, што «жыццём рухае бесперапынны струмень сонечнага святла». Растлумачце, як вы разумееце залежнасць жыцця ад сонечнага святла.