§ 5. Старажытная Грэцыя

6. Паходы Аляксандра Македонскага і ўзнікненне новых дзяржаў

Аслабленая шматгадовай вайной паміж полісамі, Грэцыя стала лёгкай здабычай паўночнага суседа — ​Македоніі. У сваім грамадскім і культурным развіцці Македонія значна адставала ад Грэцыі: там слаба развіваліся гарады, рамяство, марская справа. Узмацненне гэтай краіны пачалося пры цары Філіпе ІІ (359–336 гг. да н. э.), які быў таленавітым палкаводцам, энергічным рэфарматарам і дасведчаным палітыкам. Ён правёў серыю рэформаў, з якіх найбольш вядомай з’яўляецца ваенная рэформа, што зрабіла армію Македоніі магутнай.

У 338 г. да н. э. Македонія падпарадкавала практычна ўсю Грэцыю. Але цяпер Філіпу ІІ трэба было яе аб’яднаць, што не ўдавалася яшчэ нікому. Ён заклікаў элінаў аб’яднацца і нанесці ўдар магутнай Персіі. Ідэя агульнай вайны павінна была з’яднаць грэкаў і македанян. Аднак Філіп у хуткім часе быў забіты.

Пераемнікам Філіпа ІІ стаў яго сын Аляксандр, які быў гатовы рэалізаваць планы бацькі. У 334 г. да н. э. ён пачаў паход супраць Персідскай імперыі. За 10 гадоў былі заваяваныя вялізныя тэрыторыі ад Егіпта да Індыі. 

Сілай зброі Аляксандр стварыў велізарную дзяржаву, у якую ўвайшло мноства народаў з рознымі старажытнымі культурамі, рэлігіямі, ладам жыцця. Традыцыі ўсходняй дэспатыі перапляліся з ідэаламі поліснай дэмакратыі, а культура даўнейшых цывілізацый Старажытнага Усходу — ​з грэчаскімі рацыянальнымі ідэямі. Зліццё культур паўплывала і на Аляксандра Македонскага: усё часцей ён паводзіў сябе як усходні ўладар, патрабаваў усеагульнага пакланення, пры яго двары ўсталяваўся ўсходні цырыманіял, пачалося абагаўленне Аляксандра.

Перыяд узаемадзеяння культур атрымаў назву «элінізм» і стаў важным этапам у развіцці народаў Усходняга Міжземнамор’я і Пярэдняй Азіі. Пасля смерці Аляксандра Македонскага склалася каля дзясятка вялікіх і малых дзяржаў, якія гісторыкі аб’ядналі паняццем «эліністычныя».

Формай палітычнага ладу эліністычных дзяржаў была манархія, у якой спалучаліся традыцыйныя для Старажытнага Усходу дэспатычныя формы дзяржаўнай арганізацыі і кіравання з элементамі грэчаскага (поліснага) уладкавання і грамадска-­палітычнага жыцця. Паноўны слой насельніцтва ў іх складалі грэка-­македонскія заваёўнікі, а таксама мясцовая знаць, якая прыняла грэчаскую культуру. У гарадах грэчаскае насельніцтва збіралася на народныя сходы, але разам з тым грэчаскія цары абагаўляліся на ўсходні лад, мелі тытулы старажытнаўсходніх уладароў.

Эліністычныя царствы праіснавалі амаль тры стагоддзі.

Узнікненне ачагоў цывілізацыі ў Еўропе пачалося ў рэгіёне Міжземнамор’я, які меў сувязі з цывілізацыямі Блізкага Усходу, спачатку гэта адбылося ў Грэцыі, а затым — ​у Старажытным Рыме. Гісторыю гэтых краін мы вызначаем як гісторыю міжземнаморскай антычнай цывілізацыі, а гэты перыяд — ​як Антычнасць. Грэчаскія гарады-­дзяржавы — ​полісы — ​фарміраваліся як супольнасці раўнапраўных грамадзян, кожны з якіх меў свае правы і абавязкі. У старажытнагрэчаскіх полісах (найперш у Афінах) зарадзілася дэмакратыя як форма дзяржаўнага кіравання. Стварэнне імперыі Аляксандра Македонскага стала апагеем развіцця старажытнагрэчаскай цывілізацыі. Эліністычныя дзяржавы, якія ўзніклі, садзейнічалі шырокаму распаўсюдж­ванню грэчаскіх духоўных каштоўнасцяў і культуры.