Print bookPrint book

§ 5. Старажытная Грэцыя

Чым развіццё антычнай цывілізацыі адрознівалася ад развіцця старажытнаўсходніх цывілізацый?

Якім чынам прыродныя і геаграфічныя асаблівасці паўплывалі на развіццё антычных дзяржаў? Успомніце паняцці «поліс», «Вялікая грэчаская каланізацыя», «элінізм». (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 5. Старажытная Грэцыя
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 11:32 AM

1. Ля вытокаў старажытнагрэчаскай цывілізацыі

Антычнасць (ад лац. antiquus — ​старажытны) — ​гісторыя і культура старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай цывілізацыі, якая стала асновай развіцця цывілізацыі Еўропы. Перыяд Антычнасці пачаўся ў VIII ст. да н. э. з фарміравання грэчаскіх полісаў, а завяршыўся ў V ст. н. э. падзеннем Заходняй Рымскай імперыі.

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні ўзніклі на востраве Крыт і на поўдні мацерыковай часткі Грэцыі. Па сваёй палітычнай і сацыяльнай структуры яны былі падоб­ныя на дэспатыі цывілізацый Усходу.

На востраве Крыт на мяжы ІІІ–ІІ тысячагоддзяў да н. э. пачала развівацца самастойная цывілізацыя. Яе цэнтрам стаў горад Кнос. Згодна з грэчаскімі міфамі, Кносам кіраваў магутны цар Мінас, які здолеў усталяваць кантроль над Эгейскім морам і яго архіпелагам. Крыцяне наладзілі гандлёвыя сувязі з Егіптам, Фінікіяй, Сіцыліяй. Крыцкія паселішчы з’явіліся на астравах Эгейскага мора і ў Малой Азіі.

У сярэдзіне XV ст. да н. э. адбылася катастрофа — ​моцнае вывяржэнне вулкана на в. Фера (Сантарын) выклікала землятрус, цунамі і выкід попелу, якія абрынуліся на Крыт. Паселішчы прыйшлі ў заняпад або былі цалкам разбураны. Каля 1450 г. да н. э. востраў захапілі і разрабавалі грэкі-­ахейцы, якія ўварваліся з мацерыка. Развітая цывілізацыя загінула, Крыт ператварыўся ва ўскраіну грэчаскага свету.

Цэнтрамі дзяржаў ахейцаў таксама былі палацы, але з магутнымі ўмацаваннямі. Адным з наймацнейшых у грэкаў-­ахейцаў быў горад Мікены на паўвостраве Пелапанэс. Адсюль і назва цывілізацыі — ​мікенская.

Палітычнае кіраванне Мікенаў таксама нагадвала ўсходнюю дэспатыю. У цэн­тры Мікенаў знаходзіўся добра ўмацаваны палац-­акропаль, які ўзвышаўся над паселішчам. Ён быў цэнтрам кіравання і ўлады, адначасова там ішла гаспадарчая дзейнасць, якую арганізоўваў правіцель. Пра багацце правіцеляў Мікенаў сведчаць іх пахаванні: на твар нябожчыку ўкладвалі залатую маску, якая паўтарала яго рысы, у магілу клалі вялікую колькасць прадметаў раскошы, у тым ліку з золата.

У канцы ХІІІ — ​пачатку ХІІ ст. да н. э. з поўначы Балканаў прыйшлі новыя заваёўнікі — ​грэкі-­дарыйцы, мікенская цывілізацыя загінула. У дарыйцаў у той час яшчэ не было дзяржаўнасці. Яны не мелі пісьменства, таму перыяд з ХІ па ІХ ст. да н. э. называюць «цёмным» у гісторыі Грэцыі, паколькі не існуе пісьмовых крыніц для яго вывучэння.

2. Прыродныя ўмовы. Асноўныя гаспадарчыя заняткі насельніцтва

Геаграфічныя ўмовы Старажытнай Грэцыі вельмі моцна адрозніваліся ад умоў, у якіх развіваліся цывілізацыі Старажытнага Усходу. Тут не было вялікіх урадлівых рачных далін, дзе можна весці высокапрадукцыйнае земляробства. Наадварот, уся тэрыторыя падзялялася гарамі на невялікія ўчасткі, а мора вакол налічвала мноства астравоў (каля 2 тыс.). Горы займалі 4⁄5 усёй тэрыторыі, прычым астравы таксама былі гарыстыя. Таму не ўся Грэцыя была прыдатнай для пражывання.

Геаграфічныя ўмовы ўплывалі як на метады вядзення гаспадаркі, так і на рассяленне грэкаў. Насельніцтва канцэнтравалася на зручных участках марскога ўзбярэжжа, у адасобленых горных далінах, на асобных астравах. Астатняя частка тэрыторыі была маланаселенай. Такое становішча з самага пачатку не садзейнічала стварэнню адзінай дзяржавы.

Нярэдка здаралася, што насельніцтва нейкага раёна Грэцыі хутка расло і неўзабаве аказвалася, што немагчыма пракарміць усіх. Тады частка людзей сядала на караблі, каб адплыць на незанятую зямлю. Гэты працэс, у выніку якога грэкі засялілі ўзбярэжжа Міжземнага і Чорнага мораў, атрымаў назву «Вялікая грэчаская каланізацыя». Горад-поліс, з якога грэкі адправіліся ў дарогу, — ​метраполія — ​засноўваў гарады-­калоніі, што захоўвалі сувязь з ім. Але, нягледзячы на ўсе намаганні па рассяленні, пагроза перанаселенасці заўсёды была праблемай для Старажытнай Грэцыі.

Эканоміка Грэцыі мела пераважна натуральны характар, самымі распаўсюджанымі заняткамі былі жывёлагадоўля і земляробства. Прычым апошняе ўяўляла сабой нялёгкую справу з-за малой плошчы ўрадлівых зямель і камяністасці глебы. Хлеба заўсёды не хапала, толькі пазней яго пачалі прывозіць з грэчаскіх калоній або з Егіпта. Затое непатрабавальныя аліўкавыя дрэвы і вінаградная лаза давалі багата пладоў, якія складалі аснову рацыёну. Прадукты жывёлагадоўлі (развядзення авечак і коз) адыгрывалі найважнейшую ролю ў харчаванні грэкаў. Самай распаўсюджанай ежай былі казінае малако, сыр і аліўкі. Важным дадаткам у рацыёне была рыба. Вырашчаны лён выкарыстоўвалі для вытворчасці тканін.

Грэцыя была багатая на карысныя выкапні: у вялікай колькасці здабываліся гліна, мармур, металы (жалеза, медзь, серабро, свінец). Грэкі хутка асвоілі апрацоўку жалеза і актыўна прымянялі яго ва ўсіх сферах жыцця. Яны былі бясстрашнымі і ўмелымі мараплаўцамі. Многія рэсурсы, у якіх яны мелі патрэбу, грэкі атрымлівалі дзякуючы развітому гандлю, прывозячы неабходнае нават з вельмі аддаленых тэрыторый. У рэгіёне Міжземнамор’я пачала складвацца сетка гандлёва-­эканамічных сувязяў. Рамяство і гандаль былі важнымі складнікамі эканамічнага росквіту.

3. Антычны поліс. Правы грамадзян

Форма дзяржаўнага кіравання кшталту ўсход­няй дэспатыі не замацавалася ў Грэцыі. Грэчаскія дзяржавы, якія нядаўна зарадзіліся, выбралі іншы шлях сацыяльна-­палітычнага развіцця. У Старажытнай Грэцыі склалася ўнікальная полісная структура грамадства. Поліс у палітычных адносінах быў формай дзяржавы, гэта быў горад-­дзяржава. Гарады-­дзяржавы ­існавалі і на Старажытным Усходзе. Аднак сацыяльная аснова грэчаскага поліса была зусім іншай. Жыхарамі поліса былі грамадзяне, якія не толькі мелі абавязкі перад ім, але і карысталіся правамі. Калі ва ўсходняй дэспатыі на першы план выступала панаванне правіцеля над насельніцтвам, то ў Грэцыі грамадзянскія правы давалі магчымасць насельніцтву ўплываць на ўладу.

Скачок у павелічэнні прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі быў зроблены ў Грэцыі за кошт выкарыстання больш дасканалых жалезных прылад працы, а не за кошт развіцця ірыгацыйнай сістэмы. Адбылося аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, а рамеснікі і гандляры ў старажытнасці заўсёды складалі большасць гарадскога насельніцтва. Менавіта ў горадзе пражывала асноўная частка жыхароў поліса.

Станаўленне полісаў-­дзяржаў пачалося ў VIII ст. да н. э. Паступова ўся тэрыторыя Грэцыі апынулася падзеленай паміж полісамі. Буйнейшымі былі Афіны, Спарта (Лакедэмон), Фівы, Карынф, Мілет і інш. Яны то ваявалі паміж сабой, то аб’ядноўваліся супраць агульнага ворага, то знаходзілі новых саюзнікаў. Насельніцтва ўсіх грэчаскіх полісаў адчувала культурную еднасць. Гэтаму садзейнічала агульнасць мовы, традыцый і рэлігіі. Грэкі пакланяліся адным і тым жа багам у шанаваных усімі храмах, напрыклад, у храме Апалона ў Дэльфах, храме Зеўса ў Алімпіі. На час рэлігійных свят (напрыклад, Алімпійскіх гульняў) ва ўсёй Грэцыі ўсталёўваўся мір.

Поліс — ​гэта не проста горад-­дзяржава, гэта калектыў свабодных раўнапраўных грамадзян-­мужчын, якія жылі ў ім і мелі зямельныя надзелы. Толькі грамадзяне валодалі зямлёй у полісе, і толькі іх выбіралі ў органы ўлады. У грамадскім жыцці поліса ўдзельнічаў кожны дарослы мужчына, які меў правы грамадзяніна. Жыццё рэгулявалася законамі. Абавязкам грамадзян была служба ў апалчэнні ў перыяды вой­наў, кожны грамадзянін быў воінам і пастаянна займаўся фізічнай і ваеннай падрыхтоўкай. Страта грамадзянства або выгнанне былі самым страшным пакараннем для грэка, поўнай ганьбай.

Акрамя грамадзян у полісе жылі свабодныя жыхары, не надзеленыя правамі грамадзяніна (напрыклад, перасяленцы з іншых тэрыторый), і рабы. Поліс не дапускаў удзелу ў дзяржаўным кіраванні жанчын, свабодных іншаземцаў і рабоў. У Грэцыі шырока выкарыстоўвалася рабская праца ў сельскай гаспадарцы, рамесных майстэрнях, на караблях, у капальнях, у дамах грамадзян. Рабамі ў полісах былі іншаземцы, законы забаранялі ператвараць грамадзян свайго поліса ў рабоў за даўгі. Яны знаходзіліся ў поўнай уладзе свайго гаспадара. Гаспадар мог прымусіць раба займацца тым ці іншым рамяством, мог яго прадаць. З’яўляючыся абсалютна бяспраўным, раб не меў сваёй маёмасці, законнай сям’і, лічыўся «гаваркой прыладай». У Грэцыі дзейнічала некалькі вялікіх нявольніцкіх рынкаў. Але ўсё ж праца рабоў ніколі не была асновай старажытнагрэчаскай эканомікі. Нярэдкія былі выпадкі, калі пасля многіх гадоў працы рабоў адпускалі на волю.

4. Дзяржаўны лад старажытнагрэчаскіх полісаў

Кожны з грэчаскіх полісаў меў свае законы, уладкаванне, органы кіравання. Самыя моцныя з іх — ​Спарта і Афіны — ​уяўлялі сабой два тыпы поліснага ўладкавання, якія мелі істотныя адрозненні. На ўсім працягу старажытнагрэчаскай гісторыі Афіны і Спарта заставаліся галоўнымі сапернікамі ў барацьбе за першынство ў Грэцыі.

У Афінах дэмакратычнае кіраванне ўсталявалася не адразу. Афінскія грамадзяне дзяліліся на эўпатрыдаў (радавая знаць) і дэмас (просты народ: земляробы і рамеснікі). Грамадзянскіх правоў не мелі метэкі (перасяленцы з іншых полісаў), а таксама рабы.

У старажытнасці Афінамі кіравалі 9 архонтаў (начальнікаў), якіх выбіралі на год з ліку эўпатрыдаў. Пасля выканання абавязкаў архонты ўваходзілі ў арэапаг — ​раду старэйшын. У старажытныя часы кіраванне полісам непадзельна належала арыстакратыі.

Бязлітасная барацьба афінскага дэмасу супраць панавання знаці ішла з VII ст. да н. э. Яна з’яднала як бяднейшых сялян, так і багатых рамеснікаў, купцоў. Бясконцая варожасць магла загубіць поліс. У гэтых умовах у 594 г. да н. э. архонтам быў выбраны Салон, які атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы для прымірэння інтарэсаў варожых бакоў.

З рэформаў Салона пачаліся дэмакратычныя пераўтварэнні. Былі адменены даўгавыя абавязацельствы, забаранялася ператвараць афінскіх грамадзян у рабоў за даўгі, былі выкуплены прададзеныя ў рабства афіняне. Таксама ўводзіўся маёмасны цэнз (лац. census — ​вопіс, перапіс, ацэнка): у залежнасці ад памеру маёмасці грамадзян падзялілі на 4 разрады, прыналежнасць да якіх давала права займаць пэўныя пасады. Падзел на разрады грунтаваўся на багацці, што спыніла панаванне спадчыннай арыстакратыі ў Афінах.

Найвышэйшага росквіту афінская дэмакратыя дасягнула пры Перыкле, які стаў самым уплывовым палітыкам у Афінах, а з 443 г. да н. э. 13 разоў запар выбіраўся стратэгам. З’яўляючыся выдатным прамоўцам, ён умеў пераконваць народны сход у мэтазгоднасці прапанаваных ім законаў. У Афінах ажыццявілі падзел улады на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Народны сход — ​эклесія — ​быў вышэйшым заканадаўчым органам, там галасаваннем грамадзян прымаліся законы. Любы грамадзянін мог паставіць на абмеркаванне якое-небудзь пытанне або выступіць з законапраектам. На народным сходзе праходзілі штогадовыя выбары службовых асоб (выканаўчая ўлада). У якасці суддзяў выбіраліся 6 тыс. грамадзян, яны складалі калегію суддзяў — ​геліэю.

Перыкл хацеў, каб як мага больш грамадзян было ўключана ў розныя органы кіравання. Раней толькі заможныя афіняне маглі сабе дазволіць удзельнічаць у кіраванні, паколькі для гэтага трэба было на год кінуць гаспадарку і заняцца толькі выкананнем новых абавязкаў. Для таго каб прыцягнуць бедных грамадзян да ўдзелу ў кіраванні полісам, для іх была ўведзена плата за выкананне гэтых абавязкаў.

Пры Перыкле Афіны сталі адным з самых магутных полісаў Элады. Ні ў адным полісе дэмас не меў столькі правоў. Там была створана квітнеючая рамесная вытворчасць.

Спарта (Лакедэмон) — ​самы вялікі грэчаскі поліс, які існаваў з ХІ ст. да н. э. у Паўднёвым Пелапанэсе. Насельніцтва Спарты складалася са спартыятаў (роўных паміж сабой грамадзян поліса), перыэкаў (свабодных жыхароў навакольных паселішчаў, якія не мелі грамадзянскіх правоў) і ілотаў (скоранага насельніцтва). Найвышэйшым заканадаўчым органам Спарты быў народны сход (апела). Сход не абмяркоўваў праекты рашэнняў, а толькі адабраў або адхіляў іх. Рыхтаваліся рашэнні для народнага сходу герусіяй — ​саветам з выбраных пажыццёва геронтаў (спартыятаў, не маладзейшых за 60 гадоў). У герусію акрамя 28 геронтаў уваходзілі і два архагеты («цары»), якіх з дзяцінства рыхтавалі для камандавання вой­скам Спарты. У мірны час архагеты выконвалі функцыі жрацоў. За выкананнем законаў сачылі 5 эфораў (наглядальнікаў), якія штогод выбіраліся народным сходам. Такім чынам, Спартай фактычна кіравала невялікая група людзей. Такая форма кіравання называлася алігархіяй (ад грэч. oligos — ​нямногія).

Аснову эканомікі Спарты складала сельская гаспадарка, а рамяство і гандаль былі развіты слаба. Уся зямля поліса была падзелена па колькасці грамадзян на аднолькавыя ўчасткі, якімі карысталіся спартыяты, але прадаць або перадаць іх у спадчыну яны не маглі. Зямлю апрацоўвалі ілоты. Зямля і ілоты — ​галоўнае ў спартанскай эканоміцы — ​з’яўляліся ўласнасцю поліса. Адзіным заняткам, вартым грамадзяніна-­спартыята, лічылася ваенная справа, да ўсяго астатняга ставіліся з пагардай. З ранняга дзяцінства спартыятаў рыхтавалі да вайны, часта вельмі жорсткімі метадамі. Большую частку жыцця яны праводзілі ў паходах, у мірны час шмат увагі ўдзялялі ваенным практыкаванням. Спартанская армія з цяжкаўзброеных гаплітаў лічылася лепшай у Грэцыі.

Спарта давала прыклад ваеннай арганізацыі поліса, доўга застаючыся наймацнейшым полісам Грэцыі. Але к сярэдзіне V ст. да н. э. першынство перайшло да Афін.

5. Класічны перыяд. Крызіс поліснай сістэмы

Грэцыя ў V–IV стст. да н. э. перажывала перыяд свайго росквіту, які атрымаў назву класічнага. Пачатак яму паклалі працяглыя, вельмі цяжкія для грэкаў войны з Персідскай дзяржавай. Персідская дзяржава, у якой кіравала дынастыя Ахеменідаў, падпарадкавала сваёй уладзе вялізныя тэрыторыі ад Малой Азіі да Індыі. Цары Дарый І, а затым яго сын Ксеркс хацелі пакарыць і грэкаў. Многія полісы, у тым ліку Афіны і Спарта, уступілі ў барацьбу з Персіяй. У выніку працяглых вой­наў грэкі атрымалі перамогу. Паміж персамі і грэкамі быў заключаны мірны дагавор, які замацоўваў перамогу Грэцыі. Для грэкаў слаўныя перамогі ў вой­нах з персамі сталі прадметам незвычайнага гонару і садзейнічалі росту патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. Даволі нешматлікая армія грамадзян у барацьбе за свабоду і ідэалы сваіх полісаў паспяхова процістаяла наймагутнейшай арміі Персідскай імперыі і разграміла яе. Гэта стала адлюстраваннем важнага сацыяльнага працэсу — ​у гісторыі з’явілася новая форма дзяржаўнага кіравання, якая паказала сваю стойкасць у сутыкненні з самай моцнай дэспатыяй Блізкага Усходу.

Аднак у хуткім часе пачалася барацьба саміх полісаў за гегемонію ў Грэцыі. Саперніцтва паміж дэмакратычнымі Афінамі і алігархічнай Спартай вылілася ў працяглую Пелапанэскую вайну, у якой удзельнічалі сотні грэчаскіх полісаў, аб’яднаных у два саюзы — ​Афінскі і Пелапанэскі. Пасля цяжкага паражэння ў гэтай вайне Афіны страцілі сваё вядучае палітычнае становішча ў Грэцыі. Пелапанэская вайна падарвала матэрыяльныя сілы грэчаскіх полісаў, аслабіла і Афінскую дзяржаву, і Пелапанэскі саюз.

Вайна выклікала крызіс самога ўладкавання полісаў. Ваенныя дзеянні прывялі да рэзкага збяднення большасці грамадзян. Яны страцілі зямлю, права карыстання якой вызначала іх правы грамадзянства і неабходнасць служыць у апалчэнні. Полісы ўжо не маглі дапамагчы збяднелым землеўладальнікам, да таго ж колькасць насельніцтва расла, для ўсіх зямлі ўжо не хапала. Багатыя людзі скуплялі зямлю, а ісці ў апалчэнне не хацелі. Гэта падарвала асновы існавання поліснага ваеннага апалчэння, на змену якому прыйшлі атрады наёмных прафесійных воінаў. Жыхары полісаў, якія не з’яўляліся грамадзянамі, разбагацелі, займаючыся рамяством, гандлем, ліхвярствам. Становішча чалавека ў грамадстве стала вызначацца хутчэй яго багаццем, чым проста наяўнасцю грамадзянскіх правоў. Полісныя каштоўнасці пахіснуліся.

6. Паходы Аляксандра Македонскага і ўзнікненне новых дзяржаў

Аслабленая шматгадовай вайной паміж полісамі, Грэцыя стала лёгкай здабычай паўночнага суседа — ​Македоніі. У сваім грамадскім і культурным развіцці Македонія значна адставала ад Грэцыі: там слаба развіваліся гарады, рамяство, марская справа. Узмацненне гэтай краіны пачалося пры цары Філіпе ІІ (359–336 гг. да н. э.), які быў таленавітым палкаводцам, энергічным рэфарматарам і дасведчаным палітыкам. Ён правёў серыю рэформаў, з якіх найбольш вядомай з’яўляецца ваенная рэформа, што зрабіла армію Македоніі магутнай.

У 338 г. да н. э. Македонія падпарадкавала практычна ўсю Грэцыю. Але цяпер Філіпу ІІ трэба было яе аб’яднаць, што не ўдавалася яшчэ нікому. Ён заклікаў элінаў аб’яднацца і нанесці ўдар магутнай Персіі. Ідэя агульнай вайны павінна была з’яднаць грэкаў і македанян. Аднак Філіп у хуткім часе быў забіты.

Пераемнікам Філіпа ІІ стаў яго сын Аляксандр, які быў гатовы рэалізаваць планы бацькі. У 334 г. да н. э. ён пачаў паход супраць Персідскай імперыі. За 10 гадоў былі заваяваныя вялізныя тэрыторыі ад Егіпта да Індыі. 

Сілай зброі Аляксандр стварыў велізарную дзяржаву, у якую ўвайшло мноства народаў з рознымі старажытнымі культурамі, рэлігіямі, ладам жыцця. Традыцыі ўсходняй дэспатыі перапляліся з ідэаламі поліснай дэмакратыі, а культура даўнейшых цывілізацый Старажытнага Усходу — ​з грэчаскімі рацыянальнымі ідэямі. Зліццё культур паўплывала і на Аляксандра Македонскага: усё часцей ён паводзіў сябе як усходні ўладар, патрабаваў усеагульнага пакланення, пры яго двары ўсталяваўся ўсходні цырыманіял, пачалося абагаўленне Аляксандра.

Перыяд узаемадзеяння культур атрымаў назву «элінізм» і стаў важным этапам у развіцці народаў Усходняга Міжземнамор’я і Пярэдняй Азіі. Пасля смерці Аляксандра Македонскага склалася каля дзясятка вялікіх і малых дзяржаў, якія гісторыкі аб’ядналі паняццем «эліністычныя».

Формай палітычнага ладу эліністычных дзяржаў была манархія, у якой спалучаліся традыцыйныя для Старажытнага Усходу дэспатычныя формы дзяржаўнай арганізацыі і кіравання з элементамі грэчаскага (поліснага) уладкавання і грамадска-­палітычнага жыцця. Паноўны слой насельніцтва ў іх складалі грэка-­македонскія заваёўнікі, а таксама мясцовая знаць, якая прыняла грэчаскую культуру. У гарадах грэчаскае насельніцтва збіралася на народныя сходы, але разам з тым грэчаскія цары абагаўляліся на ўсходні лад, мелі тытулы старажытнаўсходніх уладароў.

Эліністычныя царствы праіснавалі амаль тры стагоддзі.

Узнікненне ачагоў цывілізацыі ў Еўропе пачалося ў рэгіёне Міжземнамор’я, які меў сувязі з цывілізацыямі Блізкага Усходу, спачатку гэта адбылося ў Грэцыі, а затым — ​у Старажытным Рыме. Гісторыю гэтых краін мы вызначаем як гісторыю міжземнаморскай антычнай цывілізацыі, а гэты перыяд — ​як Антычнасць. Грэчаскія гарады-­дзяржавы — ​полісы — ​фарміраваліся як супольнасці раўнапраўных грамадзян, кожны з якіх меў свае правы і абавязкі. У старажытнагрэчаскіх полісах (найперш у Афінах) зарадзілася дэмакратыя як форма дзяржаўнага кіравання. Стварэнне імперыі Аляксандра Македонскага стала апагеем развіцця старажытнагрэчаскай цывілізацыі. Эліністычныя дзяржавы, якія ўзніклі, садзейнічалі шырокаму распаўсюдж­ванню грэчаскіх духоўных каштоўнасцяў і культуры.

Пытанні

1. Дакажыце, што геаграфічныя ўмовы Грэцыі аказалі вялікі ўплыў на ход гістарычнага развіцця старажытнагрэчаскай цывілізацыі. 

2. Успомніце (або знайдзіце з дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі) старажытнагрэчаскія міфы, звязаныя з востравам Крыт. Якія гістарычныя падзеі знаходзяцца ў іх аснове?

2-1. Як міфы характарызуюць становішча Крыта і яго стасункі з дзяржавамі на Балканскім паўвостраве? 

3. Сфармулюйце прычыны і наступствы Вялікай грэчаскай каланізацыі.

4. Растлумачце, у якіх гістарычных умовах з’явіліся паняцці «поліс», «грамадзянін», «дэмакратыя».

5. Пра якія якасці грамадзяніна антычнага поліса піша рымскі паэт Плаўт (ІІ ст. да н. э.): «Бо доблесць і мужнасць — ​вышэй за ўсё: сям’ю, свабоду, маёмасць, жыццё, Айчыны дабро сцеражэ і ратуе яна»? Чаму менавіта гэтыя якасці найбольш шанаваліся ў антычным полісе?

6. Складзіце схему «Спартанскі поліс». Параўнайце кіраванне ў Афінах і Спарце.

6-1. Якім чынам перамога грэчаскіх полісаў у грэка-персідскіх войнах паўплывала на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці іх грамадзян? 

7. Напішыце эсэ «Асноўныя адрозненні арыстакратычнай і дэмакратычнай формаў кіравання».