§ 5. Старажытная Грэцыя

1. Ля вытокаў старажытнагрэчаскай цывілізацыі

Антычнасць (ад лац. antiquus — ​старажытны) — ​гісторыя і культура старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай цывілізацыі, якая стала асновай развіцця цывілізацыі Еўропы. Перыяд Антычнасці пачаўся ў VIII ст. да н. э. з фарміравання грэчаскіх полісаў, а завяршыўся ў V ст. н. э. падзеннем Заходняй Рымскай імперыі.

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні ўзніклі на востраве Крыт і на поўдні мацерыковай часткі Грэцыі. Па сваёй палітычнай і сацыяльнай структуры яны былі падоб­ныя на дэспатыі цывілізацый Усходу.

На востраве Крыт на мяжы ІІІ–ІІ тысячагоддзяў да н. э. пачала развівацца самастойная цывілізацыя. Яе цэнтрам стаў горад Кнос. Згодна з грэчаскімі міфамі, Кносам кіраваў магутны цар Мінас, які здолеў усталяваць кантроль над Эгейскім морам і яго архіпелагам. Крыцяне наладзілі гандлёвыя сувязі з Егіптам, Фінікіяй, Сіцыліяй. Крыцкія паселішчы з’явіліся на астравах Эгейскага мора і ў Малой Азіі.

У сярэдзіне XV ст. да н. э. адбылася катастрофа — ​моцнае вывяржэнне вулкана на в. Фера (Сантарын) выклікала землятрус, цунамі і выкід попелу, якія абрынуліся на Крыт. Паселішчы прыйшлі ў заняпад або былі цалкам разбураны. Каля 1450 г. да н. э. востраў захапілі і разрабавалі грэкі-­ахейцы, якія ўварваліся з мацерыка. Развітая цывілізацыя загінула, Крыт ператварыўся ва ўскраіну грэчаскага свету.

Цэнтрамі дзяржаў ахейцаў таксама былі палацы, але з магутнымі ўмацаваннямі. Адным з наймацнейшых у грэкаў-­ахейцаў быў горад Мікены на паўвостраве Пелапанэс. Адсюль і назва цывілізацыі — ​мікенская.

Палітычнае кіраванне Мікенаў таксама нагадвала ўсходнюю дэспатыю. У цэн­тры Мікенаў знаходзіўся добра ўмацаваны палац-­акропаль, які ўзвышаўся над паселішчам. Ён быў цэнтрам кіравання і ўлады, адначасова там ішла гаспадарчая дзейнасць, якую арганізоўваў правіцель. Пра багацце правіцеляў Мікенаў сведчаць іх пахаванні: на твар нябожчыку ўкладвалі залатую маску, якая паўтарала яго рысы, у магілу клалі вялікую колькасць прадметаў раскошы, у тым ліку з золата.

У канцы ХІІІ — ​пачатку ХІІ ст. да н. э. з поўначы Балканаў прыйшлі новыя заваёўнікі — ​грэкі-­дарыйцы, мікенская цывілізацыя загінула. У дарыйцаў у той час яшчэ не было дзяржаўнасці. Яны не мелі пісьменства, таму перыяд з ХІ па ІХ ст. да н. э. называюць «цёмным» у гісторыі Грэцыі, паколькі не існуе пісьмовых крыніц для яго вывучэння.