§ 5. Старажытная Грэцыя

5. Класічны перыяд. Крызіс поліснай сістэмы

Грэцыя ў V–IV стст. да н. э. перажывала перыяд свайго росквіту, які атрымаў назву класічнага. Пачатак яму паклалі працяглыя, вельмі цяжкія для грэкаў войны з Персідскай дзяржавай. Персідская дзяржава, у якой кіравала дынастыя Ахеменідаў, падпарадкавала сваёй уладзе вялізныя тэрыторыі ад Малой Азіі да Індыі. Цары Дарый І, а затым яго сын Ксеркс хацелі пакарыць і грэкаў. Многія полісы, у тым ліку Афіны і Спарта, уступілі ў барацьбу з Персіяй. У выніку працяглых вой­наў грэкі атрымалі перамогу. Паміж персамі і грэкамі быў заключаны мірны дагавор, які замацоўваў перамогу Грэцыі. Для грэкаў слаўныя перамогі ў вой­нах з персамі сталі прадметам незвычайнага гонару і садзейнічалі росту патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. Даволі нешматлікая армія грамадзян у барацьбе за свабоду і ідэалы сваіх полісаў паспяхова процістаяла наймагутнейшай арміі Персідскай імперыі і разграміла яе. Гэта стала адлюстраваннем важнага сацыяльнага працэсу — ​у гісторыі з’явілася новая форма дзяржаўнага кіравання, якая паказала сваю стойкасць у сутыкненні з самай моцнай дэспатыяй Блізкага Усходу.

Аднак у хуткім часе пачалася барацьба саміх полісаў за гегемонію ў Грэцыі. Саперніцтва паміж дэмакратычнымі Афінамі і алігархічнай Спартай вылілася ў працяглую Пелапанэскую вайну, у якой удзельнічалі сотні грэчаскіх полісаў, аб’яднаных у два саюзы — ​Афінскі і Пелапанэскі. Пасля цяжкага паражэння ў гэтай вайне Афіны страцілі сваё вядучае палітычнае становішча ў Грэцыі. Пелапанэская вайна падарвала матэрыяльныя сілы грэчаскіх полісаў, аслабіла і Афінскую дзяржаву, і Пелапанэскі саюз.

Вайна выклікала крызіс самога ўладкавання полісаў. Ваенныя дзеянні прывялі да рэзкага збяднення большасці грамадзян. Яны страцілі зямлю, права карыстання якой вызначала іх правы грамадзянства і неабходнасць служыць у апалчэнні. Полісы ўжо не маглі дапамагчы збяднелым землеўладальнікам, да таго ж колькасць насельніцтва расла, для ўсіх зямлі ўжо не хапала. Багатыя людзі скуплялі зямлю, а ісці ў апалчэнне не хацелі. Гэта падарвала асновы існавання поліснага ваеннага апалчэння, на змену якому прыйшлі атрады наёмных прафесійных воінаў. Жыхары полісаў, якія не з’яўляліся грамадзянамі, разбагацелі, займаючыся рамяством, гандлем, ліхвярствам. Становішча чалавека ў грамадстве стала вызначацца хутчэй яго багаццем, чым проста наяўнасцю грамадзянскіх правоў. Полісныя каштоўнасці пахіснуліся.