§ 5. Старажытная Грэцыя

4. Дзяржаўны лад старажытнагрэчаскіх полісаў

Кожны з грэчаскіх полісаў меў свае законы, уладкаванне, органы кіравання. Самыя моцныя з іх — ​Спарта і Афіны — ​уяўлялі сабой два тыпы поліснага ўладкавання, якія мелі істотныя адрозненні. На ўсім працягу старажытнагрэчаскай гісторыі Афіны і Спарта заставаліся галоўнымі сапернікамі ў барацьбе за першынство ў Грэцыі.

У Афінах дэмакратычнае кіраванне ўсталявалася не адразу. Афінскія грамадзяне дзяліліся на эўпатрыдаў (радавая знаць) і дэмас (просты народ: земляробы і рамеснікі). Грамадзянскіх правоў не мелі метэкі (перасяленцы з іншых полісаў), а таксама рабы.

У старажытнасці Афінамі кіравалі 9 архонтаў (начальнікаў), якіх выбіралі на год з ліку эўпатрыдаў. Пасля выканання абавязкаў архонты ўваходзілі ў арэапаг — ​раду старэйшын. У старажытныя часы кіраванне полісам непадзельна належала арыстакратыі.

Бязлітасная барацьба афінскага дэмасу супраць панавання знаці ішла з VII ст. да н. э. Яна з’яднала як бяднейшых сялян, так і багатых рамеснікаў, купцоў. Бясконцая варожасць магла загубіць поліс. У гэтых умовах у 594 г. да н. э. архонтам быў выбраны Салон, які атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы для прымірэння інтарэсаў варожых бакоў.

З рэформаў Салона пачаліся дэмакратычныя пераўтварэнні. Былі адменены даўгавыя абавязацельствы, забаранялася ператвараць афінскіх грамадзян у рабоў за даўгі, былі выкуплены прададзеныя ў рабства афіняне. Таксама ўводзіўся маёмасны цэнз (лац. census — ​вопіс, перапіс, ацэнка): у залежнасці ад памеру маёмасці грамадзян падзялілі на 4 разрады, прыналежнасць да якіх давала права займаць пэўныя пасады. Падзел на разрады грунтаваўся на багацці, што спыніла панаванне спадчыннай арыстакратыі ў Афінах.

Найвышэйшага росквіту афінская дэмакратыя дасягнула пры Перыкле, які стаў самым уплывовым палітыкам у Афінах, а з 443 г. да н. э. 13 разоў запар выбіраўся стратэгам. З’яўляючыся выдатным прамоўцам, ён умеў пераконваць народны сход у мэтазгоднасці прапанаваных ім законаў. У Афінах ажыццявілі падзел улады на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Народны сход — ​эклесія — ​быў вышэйшым заканадаўчым органам, там галасаваннем грамадзян прымаліся законы. Любы грамадзянін мог паставіць на абмеркаванне якое-небудзь пытанне або выступіць з законапраектам. На народным сходзе праходзілі штогадовыя выбары службовых асоб (выканаўчая ўлада). У якасці суддзяў выбіраліся 6 тыс. грамадзян, яны складалі калегію суддзяў — ​геліэю.

Перыкл хацеў, каб як мага больш грамадзян было ўключана ў розныя органы кіравання. Раней толькі заможныя афіняне маглі сабе дазволіць удзельнічаць у кіраванні, паколькі для гэтага трэба было на год кінуць гаспадарку і заняцца толькі выкананнем новых абавязкаў. Для таго каб прыцягнуць бедных грамадзян да ўдзелу ў кіраванні полісам, для іх была ўведзена плата за выкананне гэтых абавязкаў.

Пры Перыкле Афіны сталі адным з самых магутных полісаў Элады. Ні ў адным полісе дэмас не меў столькі правоў. Там была створана квітнеючая рамесная вытворчасць.

Спарта (Лакедэмон) — ​самы вялікі грэчаскі поліс, які існаваў з ХІ ст. да н. э. у Паўднёвым Пелапанэсе. Насельніцтва Спарты складалася са спартыятаў (роўных паміж сабой грамадзян поліса), перыэкаў (свабодных жыхароў навакольных паселішчаў, якія не мелі грамадзянскіх правоў) і ілотаў (скоранага насельніцтва). Найвышэйшым заканадаўчым органам Спарты быў народны сход (апела). Сход не абмяркоўваў праекты рашэнняў, а толькі адабраў або адхіляў іх. Рыхтаваліся рашэнні для народнага сходу герусіяй — ​саветам з выбраных пажыццёва геронтаў (спартыятаў, не маладзейшых за 60 гадоў). У герусію акрамя 28 геронтаў уваходзілі і два архагеты («цары»), якіх з дзяцінства рыхтавалі для камандавання вой­скам Спарты. У мірны час архагеты выконвалі функцыі жрацоў. За выкананнем законаў сачылі 5 эфораў (наглядальнікаў), якія штогод выбіраліся народным сходам. Такім чынам, Спартай фактычна кіравала невялікая група людзей. Такая форма кіравання называлася алігархіяй (ад грэч. oligos — ​нямногія).

Аснову эканомікі Спарты складала сельская гаспадарка, а рамяство і гандаль былі развіты слаба. Уся зямля поліса была падзелена па колькасці грамадзян на аднолькавыя ўчасткі, якімі карысталіся спартыяты, але прадаць або перадаць іх у спадчыну яны не маглі. Зямлю апрацоўвалі ілоты. Зямля і ілоты — ​галоўнае ў спартанскай эканоміцы — ​з’яўляліся ўласнасцю поліса. Адзіным заняткам, вартым грамадзяніна-­спартыята, лічылася ваенная справа, да ўсяго астатняга ставіліся з пагардай. З ранняга дзяцінства спартыятаў рыхтавалі да вайны, часта вельмі жорсткімі метадамі. Большую частку жыцця яны праводзілі ў паходах, у мірны час шмат увагі ўдзялялі ваенным практыкаванням. Спартанская армія з цяжкаўзброеных гаплітаў лічылася лепшай у Грэцыі.

Спарта давала прыклад ваеннай арганізацыі поліса, доўга застаючыся наймацнейшым полісам Грэцыі. Але к сярэдзіне V ст. да н. э. першынство перайшло да Афін.