§ 5. Старажытная Грэцыя

2. Прыродныя ўмовы. Асноўныя гаспадарчыя заняткі насельніцтва

Геаграфічныя ўмовы Старажытнай Грэцыі вельмі моцна адрозніваліся ад умоў, у якіх развіваліся цывілізацыі Старажытнага Усходу. Тут не было вялікіх урадлівых рачных далін, дзе можна весці высокапрадукцыйнае земляробства. Наадварот, уся тэрыторыя падзялялася гарамі на невялікія ўчасткі, а мора вакол налічвала мноства астравоў (каля 2 тыс.). Горы займалі 4⁄5 усёй тэрыторыі, прычым астравы таксама былі гарыстыя. Таму не ўся Грэцыя была прыдатнай для пражывання.

Геаграфічныя ўмовы ўплывалі як на метады вядзення гаспадаркі, так і на рассяленне грэкаў. Насельніцтва канцэнтравалася на зручных участках марскога ўзбярэжжа, у адасобленых горных далінах, на асобных астравах. Астатняя частка тэрыторыі была маланаселенай. Такое становішча з самага пачатку не садзейнічала стварэнню адзінай дзяржавы.

Нярэдка здаралася, што насельніцтва нейкага раёна Грэцыі хутка расло і неўзабаве аказвалася, што немагчыма пракарміць усіх. Тады частка людзей сядала на караблі, каб адплыць на незанятую зямлю. Гэты працэс, у выніку якога грэкі засялілі ўзбярэжжа Міжземнага і Чорнага мораў, атрымаў назву «Вялікая грэчаская каланізацыя». Горад-поліс, з якога грэкі адправіліся ў дарогу, — ​метраполія — ​засноўваў гарады-­калоніі, што захоўвалі сувязь з ім. Але, нягледзячы на ўсе намаганні па рассяленні, пагроза перанаселенасці заўсёды была праблемай для Старажытнай Грэцыі.

Эканоміка Грэцыі мела пераважна натуральны характар, самымі распаўсюджанымі заняткамі былі жывёлагадоўля і земляробства. Прычым апошняе ўяўляла сабой нялёгкую справу з-за малой плошчы ўрадлівых зямель і камяністасці глебы. Хлеба заўсёды не хапала, толькі пазней яго пачалі прывозіць з грэчаскіх калоній або з Егіпта. Затое непатрабавальныя аліўкавыя дрэвы і вінаградная лаза давалі багата пладоў, якія складалі аснову рацыёну. Прадукты жывёлагадоўлі (развядзення авечак і коз) адыгрывалі найважнейшую ролю ў харчаванні грэкаў. Самай распаўсюджанай ежай былі казінае малако, сыр і аліўкі. Важным дадаткам у рацыёне была рыба. Вырашчаны лён выкарыстоўвалі для вытворчасці тканін.

Грэцыя была багатая на карысныя выкапні: у вялікай колькасці здабываліся гліна, мармур, металы (жалеза, медзь, серабро, свінец). Грэкі хутка асвоілі апрацоўку жалеза і актыўна прымянялі яго ва ўсіх сферах жыцця. Яны былі бясстрашнымі і ўмелымі мараплаўцамі. Многія рэсурсы, у якіх яны мелі патрэбу, грэкі атрымлівалі дзякуючы развітому гандлю, прывозячы неабходнае нават з вельмі аддаленых тэрыторый. У рэгіёне Міжземнамор’я пачала складвацца сетка гандлёва-­эканамічных сувязяў. Рамяство і гандаль былі важнымі складнікамі эканамічнага росквіту.