*§ 49—2. Поле збожжавых як прыклад аграэкасістэмы. Шляхі павышэння прадукцыйнасці аграэкасістэм
Поле збожжавых як прыклад аграэкасістэмы
Прыродныя біягеацэнозы ўяўляюць сабой сістэмы, здольныя да самарэгуляцыі. У іх усе рэчывы, якія спажываюцца раслінамі, у канчатковым выніку вяртаюцца ў глебу.
У выніку сельскагаспадарчай дзейнасці чалавека фарміруюцца штучныя біягеацэнозы — аграэкасістэмы, якія па цэлым шэрагу прымет адрозніваюцца ад прыродных экасістэм (гл. табл. *§49—1). Разнастайнасць жывых арганізмаў у іх рэзка зніжана для атрымання максімальна высокай прадукцыі (ураджаю), якую выкарыстоўвае чалавек. У выніку значная частка рэчываў выносіцца з сістэмы з ураджаем. Гэта парушае натуральны кругаварот рэчываў і прыводзіць да зніжэння ўрадлівасці глебы. У экалогіі такая заканамернасць называецца «законам спадаючай урадлівасці». Як супрацьстаяць гэтаму закону?
Структуру і функцыянаванне аграэкасістэмы разгледзім на прыкладзе пшанічнага поля. Яно, як і прыродныя экасістэмы, характарызуецца пэўным відавым складам арганізмаў і пэўнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі паміж арганізмамі і асяроддзем пражывання. Аднак відавы склад раслін і жывёл у ім збеднены, бо малакампанентнасць — адна з прымет аграэкасістэмы. Так, на пшанічным полі прадуцэнты прадстаўлены пшаніцай — дамінантнай монакультурай і некалькімі відамі адносна малаколькаснага пустазелля (часцей за ўсё гэта пырнік, васілёк, асот, аўсюк).
На прыродным лузе біялагічная разнастайнасць прадуцэнтаў значна вышэйшая, але біялагічная прадукцыйнасць саступае засеянаму пшаніцай полю ў шмат разоў.
Кансументы на пшанічным полі звычайна прадстаўлены дробнымі грызунамі, якія кормяцца за кошт пшаніцы, драпежнымі жывёламі, што ядуць грызуноў, раслінаеднымі насякомымі-шкоднікамі, драпежнымі і паразітычнымі насякомымі, якія знішчаюць шкоднікаў пшаніцы.
Рэдуцэнтамі з’яўляюцца беспазваночныя жывёлы, грыбы, пратысты, бактэрыі, якія свабодна жывуць у глебе ці ў кантакце з каранёвай сістэмай культурных раслін і пустазелля.
Вышэйназваныя функцыянальныя групы арганізмаў фарміруюць трафічную структуру пшанічнага поля, якая складаецца з пашавых і дэтрытных ланцугоў. Аднак, у адрозненне ад натуральнай экасістэмы, тут пашавыя ланцугі кароткія (2—3 звяны), і абавязковым звяном харчовай сеткі з’яўляецца чалавек — ён забяспечвае высокую прадукцыйнасць пшанічнага поля і ўплывае на біятычныя ўзаемаадносіны паміж яго кампанентамі.
Асноўнымі тыпамі ўзаемаадносін у аграэкасістэме пшанічнага поля з’яўляюцца: раслінаеднасць, драпежніцтва, паразітызм, унутрывідавая і міжвідавая канкурэнцыя. Гэта адмоўныя ўзаемаадносіны, якія пераважаюць у маладых няўстойлівых экасістэмах, не здольных да самарэгуляцыі.
У цэлым трэба яшчэ раз адзначыць, што чалавек кіруе аграэкасістэмамі, уносячы ў іх значную колькасць дадатковай энергіі (апрацоўка глебы, паліванне, угнаенні, пестыцыды) і ўплываючы на іх трафічныя ўзроўні і асяроддзе пражывання.