*Падвядзём вынікі

У прыродзе з папуляцый фарміруюцца біялагічныя сістэмы больш высокага ўзроўню арганізацыі — біяцэнозы. Біяцэноз уяўляе сабой сукупнасць фітацэнозу, зоацэнозу, мікацэнозу і мікробацэнозу. Біятоп уключае кліматоп, эдафатоп і гідратоп.

У біяцэнозе паміж папуляцыямі розных відаў узнікаюць трафічныя, тапічныя, фарычныя і фабрычныя сувязі. На аснове гэтых сувязей фарміруюцца біятычныя ўзаемаадносіны. Найбольшае значэнне для рэгуляцыі колькасці папуляцый маюць адмоўныя ўзаемаадносіны — канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм. Станоўчыя ўзаемаадносіны — каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм забяспечваюць максімальнае выкарыстанне харчовых рэсурсаў і асяроддзя пражывання, што спрыяе выжыванню відаў і захаванню відавой разнастайнасці. Устойлівасць біяцэнозаў забяспечваецца дзякуючы ўраўнаважванню адмоўных і станоўчых узаемаадносін.

Для біяцэнозаў характэрна пэўная відавая і прасторавая структура. Відавая структура біяцэнозу — відавая разнастайнасць і суадносіны відаў па іх колькасці. Віды, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні ўмоў асяроддзя ў біятопе, называюцца відамі-эдыфікатарамі. Рэдкія віды заносяцца ў Чырвоную кнігу. Прасторавая структура біяцэнозу — размяшчэнне відаў у вертыкальным (яруснасць) і гарызантальным (мазаічнасць) напрамках.

Біялагічная сістэма, якая складаецца са згуртавання арганізмаў і асяроддзі іх пражывання, што здзяйсняюць абмен рэчываў і энергіі, называецца экасістэмай. Наземныя экасістэмы — біягеацэнозы — уяўляюць сабой сукупнасць біяцэнозу і біятопа. Функцыянальнымі кампанентамі экасістэмы з’яўляюцца прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты. У экасістэме яны звязаны трафічнымі сувязямі і ўтвараюць ланцугі харчавання: пашавыя і дэтрытныя. Сукупнасць арганізмаў, якія складаюць пэўнае звяно харчовага ланцуга, называецца трафічным узроўнем. У экасістэме пашавыя і дэтрытныя ланцугі звязаны паміж сабой агульнымі харчовымі звёнамі і ўтвараюць адзіную харчовую сетку, ці сетку харчавання.

У пашавых ланцугах харчавання пераход энергіі і біямасы ад аднаго трафічнага ўзроўню да іншага падпарадкоўваецца правілу 10 %, або правілу Ліндэмана. Графічнае адлюстраванне дадзенай заканамернасці атрымала назву правіла экалагічнай піраміды. Для шэрага пашавых ланцугоў харчавання можна пабудаваць тры тыпы экалагічных пірамід: лікаў, біямасы і энергіі.

Агульная колькасць біямасы ўсіх арганізмаў, назапашанай у экасістэме за перыяд яе існавання, называецца біямасай экасістэмы. Працэс аднаўлення біямасы арганізмаў, якія ўваходзяць у склад экасістэмы, называецца біялагічнай прадукцыйнасцю. Яна выражаецца колькасцю прадукцыі — біямасай, якая зноў аднаўляецца ў экасістэме за адзінку часу (звычайна за год) на дадзеным этапе яе існавання. Адрозніваюць першасную (валавую і чыстую) і другасную прадукцыі. Уся нявыкарыстаная прадукцыя называецца чыстай прадукцыяй экасістэмы.

Буйныя біясістэмы, якія складаюцца з экасістэм, што ўзаемадзейнічаюць, і характарызуюцца пэўным кліматам, тыпам расліннасці і жывёльным светам, называюцца біёмамі. Асноўнымі біёмамі сушы з’яўляюцца: тундра, паўночныя хвойныя лясы, лістападныя лясы ўмеранай зоны, стэпы ўмеранай зоны, саванны, пустыні, дажджавыя трапічныя лясы. Кароткі агляд біёмаў зямнога шара паказвае, што на розных кантынентах згуртаванні, якія адносяцца да адных і тых жа біёмаў, населены раслінамі і жывёламі, якія належаць да розных сістэматычных груп. Аднак гэтыя жывёлы і расліны характарызуюцца падобнымі асаблівасцямі арганізацыі.

Штучныя сістэмы, якія ствараюцца і падтрымліваюцца чалавекам з мэтай атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі ці адпачынку, называюцца аграэкасістэмамі. Адметнымі асаблівасцямі аграэкасістэм з’яўляюцца: невялікая відавая разнастайнасць, дамінаванне відаў культурных раслін ці свойскай жывёлы, нізкая ўстойлівасць, няздольнасць да самарэгуляцыі, няпоўны і незамкнуты кругаварот рэчываў, наяўнасць дадатковай крыніцы энергіі, высокая біялагічная прадукцыйнасць. Да асноўных тыпаў аграэкасістэм у Беларусі належаць: ворныя палі, лугі і пашы, фруктовыя сады, агароды, цяпліцы, фермы, сажалкі. У цяперашні час павышэнне прадукцыйнасці аграэкасістэм дасягаецца за кошт шэрага тэхналагічных прыёмаў: захавання структуры глебы і аднаўлення яе натуральнай урадлівасці; выкарыстання высокапрадуктыўных гатункаў і гібрыдаў раслін; пераходу да арганічнай сельскай гаспадаркі; замены хімічных пестыцыдаў на прыродныя; выканання правільнага севазвароту і своечасовага правядзення аграмерапрыемстваў; выкарыстання натуральных ворагаў; пераходу ад монакультуры да полікультуры; планавання аграландшафту.

Апошняе змяненне: Серада 24 Чэрвень 2020 4:01