*§ 48—1. Паняцце біёма. Біём тундры

Паняцце біёма

Біём — сукупнасць экасістэм у межах адной прыродна-кліматычнай зоны, якія ўзаемадзейнічаюць і характарызуюцца пэўным тыпам расліннасці і жывёльным светам. Экасістэмы, што ўваходзяць у склад біёма, цесна ўзаемазвязаныя патокамі рэчыва і энергіі. Наземныя біёмы маюць ярка выяўленую геаграфічную занальность і ў асноўным адпавядаюць кліматычным зонам. Для размежавання наземных біёмаў, акрамя фізіка-геаграфічных умоў асяроддзя, выкарыстоўваюць таксама жыццёвую форму раслін. Назвы большасці біёмаў вызначаюцца тыпам расліннасці. Аднак, у канчатковым выніку, фактарам, які вызначае тып біёма, з’яўляецца клімат. Характар асяроддзя задаецца ў асноўным тэмпературай і колькасцю ападкаў (дажджу ці снегу). Менавіта гэтыя два абіятычныя фактары вызначаюць размяшчэнне па зямной паверхні асноўных наземных біёмаў. У розных абласцях зямнога шара, на розных кантынентах, у розных частках свету з аднолькавым кліматам сустракаюцца падобныя тыпы біёмаў, аднак яны маюць свае характэрныя асаблівасці. Адрозніваюць шэраг асноўных біёмаў сушы: тундра, паўночныя хвойныя лясы, лістападныя лясы ўмеранай зоны, стэпы ўмеранай зоны, саванны, пустыні, дажджавыя трапічныя лясы. 

Трэба адзначыць, што паміж асноўнымі тыпамі біёмаў існуюць пераходныя варыянты — лесатундра, лесастэп, хвойна-ліставы лес, паўпустыня.

Разгледзім кароткую характарыстыку асноўных наземных біёмаў з пункту гледжання іх геаграфічнага становішча, тыпу глеб і клімату, прадстаўнікоў прадуцэнтаў і кансументаў.