Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

*§ 48—1. Паняцце біёма. Біём тундры

  • Успомніце, па якіх  экалагічных фактарах адрозніваюцца прыродныя экасістэмы, размешчаныя ў розных кліматычных зонах.
  • Як вы думаеце? Чаму ў тундры для раслін характэрна нізкаросласць і чаму там адсутнічаюць земнаводныя і паўзуны?
  • Вы даведаецеся пра існаванне буйных біялагічных сістэм — біёмаў, пазнаёміцеся з асаблівасцямі ўмоў асяроддзя, прадстаўнікамі прадуцэнтаў і кансументаў біёма тундры.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Падручнік: *§ 48—1. Паняцце біёма. Біём тундры
Надрукаваны: Гость
Дата: Пятніца 4 Ліпень 2025 7:19

Паняцце біёма

Біём — сукупнасць экасістэм у межах адной прыродна-кліматычнай зоны, якія ўзаемадзейнічаюць і характарызуюцца пэўным тыпам расліннасці і жывёльным светам. Экасістэмы, што ўваходзяць у склад біёма, цесна ўзаемазвязаныя патокамі рэчыва і энергіі. Наземныя біёмы маюць ярка выяўленую геаграфічную занальность і ў асноўным адпавядаюць кліматычным зонам. Для размежавання наземных біёмаў, акрамя фізіка-геаграфічных умоў асяроддзя, выкарыстоўваюць таксама жыццёвую форму раслін. Назвы большасці біёмаў вызначаюцца тыпам расліннасці. Аднак, у канчатковым выніку, фактарам, які вызначае тып біёма, з’яўляецца клімат. Характар асяроддзя задаецца ў асноўным тэмпературай і колькасцю ападкаў (дажджу ці снегу). Менавіта гэтыя два абіятычныя фактары вызначаюць размяшчэнне па зямной паверхні асноўных наземных біёмаў. У розных абласцях зямнога шара, на розных кантынентах, у розных частках свету з аднолькавым кліматам сустракаюцца падобныя тыпы біёмаў, аднак яны маюць свае характэрныя асаблівасці. Адрозніваюць шэраг асноўных біёмаў сушы: тундра, паўночныя хвойныя лясы, лістападныя лясы ўмеранай зоны, стэпы ўмеранай зоны, саванны, пустыні, дажджавыя трапічныя лясы. 

Трэба адзначыць, што паміж асноўнымі тыпамі біёмаў існуюць пераходныя варыянты — лесатундра, лесастэп, хвойна-ліставы лес, паўпустыня.

Разгледзім кароткую характарыстыку асноўных наземных біёмаў з пункту гледжання іх геаграфічнага становішча, тыпу глеб і клімату, прадстаўнікоў прадуцэнтаў і кансументаў.

Біём тундры. Геаграфічнае становішча

Тундра характарызуецца панаваннем бязлесых экасістэм, у якіх вядучую ролю адыгрываюць нізкарослыя жыццёвыя формы раслін.

Тундра займае самае паўночнае становішча на мацерыках і астравах Паўночнага паўшар’я, таму яна часта называецца арктычнай тундрай. Яна размешчана паміж лясамі на поўдні і палярнымі льдамі на поўначы. У высокіх шыротах Паўднёвага паўшар’я таксама маюцца падобныя да тундры экасістэмы, але яны не ўтвараюць адзіную зону, паколькі знаходзяцца пераважна на блізкіх да Антарктыды астравах. Высока ў горах вышэй за межы лесу сустракаюцца экалагічна падобныя да тундры раёны, якія называюцца альпійскай тундрай.

Глебы

Для тундры характэрны тарфяна-балотныя і слабападзолістыя глебы, якія адрозніваюцца слабой выяўленасцю і нізкай урадлівасцю.  Верхні пласт прадстаўлены своеасаблівай падсцілкай з напаўзгніўшых імхоў і лішайнікаў. Яго таўшчыня складае 3—5 см. Характэрнай прыметай з’яўляецца наяўнасць балот. Іх утварэнне звязана з вечнай мерзлатой, якая валодае водатрывалымі ўласцівасцямі. Плоскія паніжэнні паверхні летам запаўняюцца вадой, таму ў тундры заўсёды шмат мелкаводных азёр, хоць сустракаюцца і буйныя азёры.

Клімат

Асаблівасцямі клімату біёма тундры з’яўляюцца нізкія тэмпературы (летнія тэмпературы не перавышаюць +10 °С, зімой сярэдняя тэмпература ад –10 °С да –30 °С), малая колькасць ападкаў (100—300 мм/год) у асноўным у выглядзе снегу, халодныя штармавыя вятры. У тундры большую частку года глеба пакрыта снегам і лёдам. Зіма тут вельмі халодная, доўгая, з моцнымі маразамі, завеямі і неглыбокім снежным покрывам. Сонца не падымаецца над гарызонтам — стаіць палярная ноч, назіраецца паўночнае ззянне. Лета кароткае, адносна халоднае і сухое, кароткі палярны дзень. Замаразкі магчымыя практычна ў любы летні дзень. Сярэдняя тэмпература ліпеня не перавышае +10 °С. Вегетацыйны перыяд кароткі і доўжыцца ад 2 да 2,5 месяца.

Прадуцэнты

Тыповыя прадуцэнты тундры прадстаўлены нізкарослай расліннасцю — гэта імхі, лішайнікі (ягель), злакі, асака, кусцікі, карлікавыя дрэвы. Практычна адсутнічаюць адналетнікі (акрамя некаторага пустазелля — зоркаўка сярэдняя), дамінуюць мнагалетнікі. З кветкавых раслін у большай ступені прадстаўлены карлікавыя дрэвы і дробныя кусцікі — карлікавыя бярозы і вербы, багун, марошка, курапаткава трава, брусніцы, дурніцы, расліны-падушкі (каменяломнік, крупка).

Расліны маюць тып лістоў, характэрны для ксерафітаў: скурыстыя, плоскія ці вузкія з прычыны фізіялагічнай сухасці, недахопу ў глебе вады і азоту. Амаль няма раслін з клубнямі, цыбулінамі, карэнішчамі. Карані раслін засяроджаны ў паверхневым гарызонце, што звязана з нізкай тэмпературай глебы і наяўнасцю вечнай мерзлаты.

Дамінуе вегетатыўнае размнажэнне. Тэрміны цвіцення розных відаў раслін збліжаны, бо вегетацыйны перыяд кароткі (цвітуць амаль усе віды адразу). Кветкі яркія, з неглыбокім размяшчэннем нектарнікаў, адкрытым венчыкам, апыляюцца ветрам і насякомымі.

Галоўныя прычыны адсутнасці лясоў — нізкія тэмпературы, вечная мерзлата, моцныя вятры, беднасць глеб азотам.

Кансументы

Відавы склад кансументаў тундры адносна небагаты. Тыповымі прадстаўнікамі з’яўляюцца млекакормячыя і птушкі: алень паўночны, лемінг, баран снежны, заяц палярны, пясец, воўк, мядзведзь белы (заходзіць у зімовы час), сава палярная, курапатка белая, гусі, качкі.

З насякомых пераважаюць двухкрылыя: камары, мошкі. Насякомыя і іншыя беспазваночныя жывуць у падсцілцы і верхнім тарфяным гарызонце глебы. У тундры з прычыны вельмі нізкіх тэмператур адсутнічаюць земнаводныя і паўзуны.

Трэба адзначыць рэзкія адрозненні ў складзе летняга і зімовага насельніцтва з прычыны сезонных і харчовых міграцый. Зімой у тундры застаюцца лемінгі, некаторыя палёўкі, алені паўночныя, пясцы, мядзведзі белыя. Летам сюды прылятаюць шматлікія віды пералётных птушак — гусі, качкі, казаркі, вераб’іныя. У некаторых паўночных птушак памеры носак большыя, чым у роднасных больш паўднёвых відаў. Адзначаецца таксама больш інтэнсіўны рост птушанят.

Паўторым галоўнае. Сукупнасць экасістэм у межах адной прыродна-кліматычнай зоны, якія ўзаемадзейнічаюць і характарызуюцца пэўным тыпам расліннасці і жывёльным светам, называецца біёмам. Асноўнымі біёмамі сушы з’яўляюцца тундра, паўночныя хвойныя лясы, лістападныя лясы ўмеранай зоны, стэпы ўмеранай зоны, саванны, пустыні, дажджавыя трапічныя лясы. Біём тундры займае самае паўночнае становішча — паміж лясамі на поўдні і палярнымі льдамі на поўначы. Клімат халодны, працяглая зіма з палярнай ноччу, лета кароткае і халоднае, характэрна вечная мерзлата. Прадуцэнты прадстаўлены нізкарослай расліннасцю — гэта імхі, лішайнікі, кусцікі, карлікавыя дрэвы, расліны-падушкі. Сярод кансументаў адсутнічаюць земнаводныя і паўзуны, пераважаюць млекакормячыя і птушкі, прысутнічаюць насякомыя (двухкрылыя). Відавы склад летняга і зімовага насельніцтва моцна адрозніваецца з прычыны сезонных і харчовых міграцый.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Пералічыце асноўныя біёмы наземных экасістэм. Па якіх характарыстыках адрозніваюцца біёмы сушы?
2. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату біёма тундры. Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі?
3. Да якой жыццёвай формы належаць асноўныя прадуцэнты тундры? Назавіце прадстаўнікоў.

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання наяўнасць у тундры нізкарослых дрэў і буйных жывёл.
2. Чаму ў тундры адсутнічаюць земнаводныя і паўзуны, відавы склад насякомых бедны, але колькасць іх вялікая? Адказ абгрунтуйце.
3. Чаму расліны тундры маюць тып лістоў, характэрны для ксерафітаў, і ў іх адсутнічаюць падземныя парасткі? Растлумачце з улікам асаблівасцей умоў асяроддзя.
4. Чаму ў жывёл тундры вушы карацейшыя, чым у роднасных відаў больш паўднёвых біёмаў?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых жыхароў тундры па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае як мінімум чатыры віды прадуцэнтаў.