§ 45. Ланцугі і сеткі харчавання. Трафічныя ўзроўні
Паняцце пра ланцугі харчавання. Трафічныя ўзроўні
Асноўная ўмова існавання экасістэмы — гэта падтрыманне кругавароту рэчываў і ператварэння энергіі. Найбольш поўны кругаварот рэчываў адбываецца ў наземных экасістэмах — біягеацэнозах. Ён забяспечваецца дзякуючы трафічным (харчовым) сувязям паміж арганізмамі розных відаў, якія адносяцца да розных функцыянальных груп. Менавіта на аснове гэтых сувязей арганічныя рэчывы, сінтэзаваныя прадуцэнтамі з мінеральных рэчываў з паглынаннем сонечнай энергіі, перадаюцца кансументам і перажываюць хімічныя ператварэнні. У выніку жыццядзейнасці рэдуцэнтаў адбываецца разбурэнне арганічных рэчываў, якія ўваходзяць у склад адмерлых арганізмаў, да неарганічных (СО2, NH3, H2S, H2O). Затым неарганічныя рэчывы выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі для стварэння новых арганічных рэчываў, якія з дапамогай кансументаў зноў уключаюцца ў кругаварот. Калі б гэтыя рэчывы не выкарыстоўваліся шматразова, жыццё на Зямлі было б немагчымым. Паколькі запасы рэчываў, што паглынаюцца прадуцэнтамі, у прыродзе не бязмежныя. Для ажыццяўлення паўнавартаснага кругавароту рэчываў у экасістэме павінны быць у наяўнасці ўсе тры функцыянальныя групы арганізмаў. І паміж імі павінна адбывацца пастаяннае ўзаемадзеянне ў выглядзе трафічных сувязей з утварэннем трафічных (харчовых) ланцугоў, або ланцугоў харчавання.
Ланцуг харчавання (харчовы ланцуг) — паслядоўнасць арганізмаў, у якой адбываецца паэтапны перанос рэчыва і энергіі ад крыніцы (папярэдняга звяна) да спажыўца (наступнага звяна). Пры гэтым адзін арганізм можа з’ядаць іншы, карміцца яго адмерлымі рэшткамі ці прадуктамі жыццядзейнасці.
Кожны арганізм у ланцугу харчавання належыць да пэўнага трафічнага ўзроўню. Трафічны ўзровень — гэта сукупнасць арганізмаў, якія займаюць аднолькавае становішча ў харчовым ланцугу адносна яго пачатку.
Трафічныя ўзроўні прынята нумараваць рымскімі лічбамі. Першы трафічны ўзровень складаюць аўтатрофныя арганізмы — расліны (прадуцэнты), да другога трафічнага ўзроўню належаць раслінаедныя жывёлы (кансументы I парадку), да трэцяга і наступных узроўняў — драпежныя жывёлы (кансументы II, III і г. д. парадкаў).