§ 45. Ланцугі і сеткі харчавання. Трафічныя ўзроўні
- Успомніце, на якія функцыянальныя групы ў экасістэме падзяляюцца арганізмы паводле ролі ў ператварэнні рэчыва і энергіі.
- Як вы думаеце? Чым будуць адрознівацца харчовыя ўзаемаадносіны, якія пачынаюцца з зялёнай расліны і з ліставога ападу?
- Вы даведаецеся пра пашавыя і дэтрытныя ланцугі харчавання, пра трафічныя ўзроўні і сетку харчавання, якая забяспечвае бесперапынны кругаварот рэчываў і ператварэнне энергіі ў экасістэме.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 45. Ланцугі і сеткі харчавання. Трафічныя ўзроўні |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 22 Ноябрь 2024, 04:42 |
Паняцце пра ланцугі харчавання. Трафічныя ўзроўні
Асноўная ўмова існавання экасістэмы — гэта падтрыманне кругавароту рэчываў і ператварэння энергіі. Найбольш поўны кругаварот рэчываў адбываецца ў наземных экасістэмах — біягеацэнозах. Ён забяспечваецца дзякуючы трафічным (харчовым) сувязям паміж арганізмамі розных відаў, якія адносяцца да розных функцыянальных груп. Менавіта на аснове гэтых сувязей арганічныя рэчывы, сінтэзаваныя прадуцэнтамі з мінеральных рэчываў з паглынаннем сонечнай энергіі, перадаюцца кансументам і перажываюць хімічныя ператварэнні. У выніку жыццядзейнасці рэдуцэнтаў адбываецца разбурэнне арганічных рэчываў, якія ўваходзяць у склад адмерлых арганізмаў, да неарганічных (СО2, NH3, H2S, H2O). Затым неарганічныя рэчывы выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі для стварэння новых арганічных рэчываў, якія з дапамогай кансументаў зноў уключаюцца ў кругаварот. Калі б гэтыя рэчывы не выкарыстоўваліся шматразова, жыццё на Зямлі было б немагчымым. Паколькі запасы рэчываў, што паглынаюцца прадуцэнтамі, у прыродзе не бязмежныя. Для ажыццяўлення паўнавартаснага кругавароту рэчываў у экасістэме павінны быць у наяўнасці ўсе тры функцыянальныя групы арганізмаў. І паміж імі павінна адбывацца пастаяннае ўзаемадзеянне ў выглядзе трафічных сувязей з утварэннем трафічных (харчовых) ланцугоў, або ланцугоў харчавання.
Ланцуг харчавання (харчовы ланцуг) — паслядоўнасць арганізмаў, у якой адбываецца паэтапны перанос рэчыва і энергіі ад крыніцы (папярэдняга звяна) да спажыўца (наступнага звяна). Пры гэтым адзін арганізм можа з’ядаць іншы, карміцца яго адмерлымі рэшткамі ці прадуктамі жыццядзейнасці.
Кожны арганізм у ланцугу харчавання належыць да пэўнага трафічнага ўзроўню. Трафічны ўзровень — гэта сукупнасць арганізмаў, якія займаюць аднолькавае становішча ў харчовым ланцугу адносна яго пачатку.
Трафічныя ўзроўні прынята нумараваць рымскімі лічбамі. Першы трафічны ўзровень складаюць аўтатрофныя арганізмы — расліны (прадуцэнты), да другога трафічнага ўзроўню належаць раслінаедныя жывёлы (кансументы I парадку), да трэцяга і наступных узроўняў — драпежныя жывёлы (кансументы II, III і г. д. парадкаў).
*Пашавыя і дэтрытныя ланцугі
У залежнасці ад віду крыніцы рэчыва і энергіі ланцугі харчавання падзяляюць на два тыпы: пашавыя (ланцугі выядання) і дэтрытныя (ланцугі раскладання).
Пашавыя ланцугі (ланцугі выядання) — харчовыя ланцугі, якія пачынаюцца з прадуцэнтаў і ўключаюць кансументаў розных парадкаў. У агульным выглядзе пашавы ланцуг можна паказаць наступнай схемай.
Напрыклад, харчовы ланцуг лугу: канюшына лугавая → матылёк → жаба → змяя; харчовы ланцуг вадаёма: хламідаманада → дафнія → пячкур → судак. Стрэлкі ў схеме паказваюць напрамак пераносу рэчыва і энергіі ў ланцугу харчавання.
У прыродзе амаль усе арганізмы кормяцца не адным, а некалькімі відамі корму. Значыць, любы арганізм можа знаходзіцца на розных трафічных узроўнях у адным і тым жа харчовым ланцугу ў залежнасці ад характару корму. Напрыклад, ястраб, кормячыся мышамі, займае трэці трафічны ўзровень, а ядучы змей — чацвёрты. Акрамя таго, адзін і той жа арганізм можа быць звяном розных харчовых ланцугоў, звязваючы іх паміж сабой. Так, ястраб можа з’есці яшчарку, зайца ці змяю, якія ўваходзяць у склад розных ланцугоў харчавання.
Прыклады рашэння задач на складанне і аналіз пашавых ланцугоў харчавання прыведзены ў раздзеле «Методыка рашэння задач (А)».
Дэтрытныя ланцугі (ланцугі раскладання) — харчовыя ланцугі, якія пачынаюцца з адмерлых арганічных рэшткаў (дэтрыту), уключаюць дэтрытафагаў і рэдуцэнтаў і заканчваюцца ўтварэннем мінеральных рэчываў. У дэтрытных ланцугах адбываецца перанос рэчыва і энергіі дэтрыту паміж дэтрытафагамі і рэдуцэнтамі праз прадукты іх жыццядзейнасці. У агульным выглядзе дэтрытны ланцуг можна паказаць наступнай схемай.
Напрыклад: апалае лісце → дажджавыя чэрві і дробныя членістаногія → грыбы → гетэратрофныя пратысты → глебавыя бактэрыі, што ўтвараюць мінеральныя рэчывы. Рэдуцэнтамі I парадку з’яўляюцца грыбы, якія раскладаюць дэтрыт да перагною. Мінералізацыю перагною ажыццяўляюць гетэратрофныя пратысты і глебавыя бактэрыі, якія называюцца рэдуцэнтамі II парадку. Калі дэтрыт не патрабуе механічнага разбурэння, то ён адразу трапляе пад ўздзеянне рэдуцэнтаў і ператвараецца ў перагной (гумус) з наступнай мінералізацыяй. Дзякуючы дэтрытным ланцугам у прыродзе замыкаецца кругаварот рэчываў. Адмерлае арганічнае рэчыва ў дэтрытных ланцугах ператвараецца ў мінеральныя рэчывы, якія паступаюць у асяроддзе, а з яго паглынаюцца раслінамі (прадуцэнтамі). Пашавыя ланцугі пераважна размяшчаюцца ў надземных, а ланцугі раскладання — у падземных ярусах экасістэм.
*Сеткі харчавання
У прыродзе пашавыя ланцугі ў чыстым выглядзе не сустракаюцца. Яны звязаны паміж сабой і з дэтрытнымі ланцугамі агульнымі харчовымі звёнамі і ўтвараюць харчовую сетку, або сетку харчавання.
Узаемасувязь пашавых ланцугоў з дэтрытнымі ажыццяўляецца праз дэтрыт, які ўтвараецца ў выніку адмірання прадуцэнтаў і кансументаў. Дэтрытафагі і рэдуцэнты пасля адмірання таксама папаўняюць запас дэтрыту ў экасістэме. У дэтрытных ланцугах адбываецца раскладанне дэтрыту да мінеральных рэчываў, што паглынаюцца з глебы прадуцэнтамі, дзякуючы чаму замыкаецца кругаварот рэчываў у экасістэме. Пры гэтым уся энергія, якая змяшчалася ў дэтрыце, вызваляецца і рассейваецца ў выглядзе цяпла, што стварае паток энергіі ў экасістэме. Такім чынам, дэтрытныя ланцугі звязаны з пашавымі праз мінеральныя рэчывы. Акрамя таго, кансументы пашавых ланцугоў могуць з’ядаць дэтрытафагаў (напрыклад, птушкі з'ядаюць дажджавых чарвей) і буйных рэдуцэнтаў, за кошт чаго паміж пашавымі і дэтрытнымі ланцугамі ўзнікаюць дадатковыя сувязі. Дзякуючы ўзаемасувязі пашавых і дэтрытных ланцугоў у экасістэме фарміруецца складаная харчовая сетка, якая забяспечвае пастаянства працэсаў ператварэння рэчыва і энергіі.
Наяўнасць у экасістэме харчовай сеткі спрыяе выжыванню арганізмаў пры недахопе пэўнага віду корму дзякуючы магчымасці выкарыстоўваць іншы корм. І чым шырэйшая відавая разнастайнасць асобін у экасістэме, тым больш харчовых ланцугоў у складзе харчовай сеткі і тым устойлівей экасістэма. Выпадзенне аднаго звяна з ланцуга харчавання не парушыць усёй экасістэмы, бо могуць быць выкарыстаны крыніцы харчавання з іншых харчовых ланцугоў.
Паўторым галоўнае. У экасістэме прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты звязаны трафічнымі сувязямі і ўтвараюць ланцугі харчавання. Сукупнасць арганізмаў, якія складаюць пэўнае звяно харчовага ланцуга, называецца трафічным узроўнем. Трафічныя ўзроўні прынята нумараваць рымскімі лічбамі. Адрозніваюць два тыпы ланцугоў харчавання: пашавыя і дэтрытныя. У прыроднай экасістэме ланцугі харчавання звязаны паміж сабой агульнымі харчовымі звёнамі і ўтвараюць адзіную сетку харчавання, у якой адбываецца кругаварот рэчываў і паток энергіі.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Чым адрозніваюцца пашавыя ланцугі ад дэтрытных?
2. Што такое трафічны ўзровень? Чаму адзін і той жа арганізм можа залічвацца да розных трафічных узроўняў у розных ланцугах харчавання?
3. Дзякуючы чаму пашавыя і дэтрытныя ланцугі ў экасістэме ўтвараюць сетку харчавання? Якая яе роля ва ўстойлівасці экасістэмы?
*4. Складзіце пашавы ланцуг харчавання, выбраўшы патрэбныя звёны з наступных кампанентаў: асіна, дзяцел, бяроза, сініца, бусел, гусеніца пядзеніка бярозавага, каршун.
*5. Складзіце дэтрытны ланцуг харчавання, выбраўшы патрэбныя звёны з наступных кампанентаў: змяя, адмерлая птушка, глебавыя бактэрыі, лічынкі мух, жаба травяная, плесневые грыбы, мінеральныя рэчывы.
Складаныя пытанні
*1. Устанавіце адпаведнасць паміж тыпамі ланцугоў харчавання і іх магчымымі харчовымі звёнамі.
Ланцугі харчавання: 1. Пашавыя. 2. Дэтрытныя.
Харчовыя звёны: а) заяц; б) жаба вастрамордая; в) плесневые грыбы; г) страказа; д) мнаганожка; е) асіна; ж) фітапланктон; з) плотка; і) чарвяк дажджавы; к) лось; л) макрыца; м) жук трупаед; н) лугавыя злакі; о) глебавыя бактэрыі.
2. Пабудуйце харчовую сетку бярозавага гаю. Сетка павінна складацца з чатырох трафічных узроўняў, кожны з якіх павінен змяшчаць не менш за тры кампаненты.
*3. У стэпавых раёнах праводзілася знішчэнне суслікаў шляхам раскідання атручанай прынады. Акрамя суслікаў, гінулі і лісіцы, якія не елі гэту прынаду. Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання прычыну гібелі лісіц.
*4. У 1953 г. у адным японскім паселішчы людзі пачалі хварэць незразумелай хваробай, якая пашкоджвала нервовую сістэму. Урачы паставілі дыягназ: атручэнне ртуццю. Пасёлак знаходзіўся побач з марскім залівам, куды хімічны завод скідаў свае адходы, якія змяшчаюць ртуць. Але ўтрыманне ртуці ў марской вадзе было нязначым. Растлумачце, адкуль узялася ртуць у арганізме людзей.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы атрыманую раней інфармацыю пра функцыянальныя групы арганізмаў у бліжэйшай экасістэме (лес, поле, возера, парк і інш.), складзіце магчымыя варыянты пашавых ланцугоў у гэтай экасістэме. Улічваючы разнастайнасць трафічных сувязей кансументаў, складзіце з атрыманых пашавых ланцугоў харчовую сетку для дадзенай біялагічнай сістэмы.