*§ 38—2. Узроставая і эталагічная структуры папуляцый

Эталагічная (паводзінская) структура

Эталагічная (паводзінская) структура — суадносіны асобін па комплексе паводзінскіх рэакцый у сацыяльных групах. Гэта структура характэрна для жывёл. Пры вывучэнні біялогіі ў 8-м класе вы пазнаёміліся з разнастайнасцю паводзінскіх рэакцый жывёл. У некаторых папуляцыях асобіны вядуць адзіночны спосаб жыцця. Па паводзінах яны раўназначныя і незалежныя адна ад адной (божыя кароўкі, жужалі, матылькі). Ёсць часовыя групы асобін, напрыклад вялікія колькасці марскіх чарапах на астравах у перыяд размнажэння, сукупнасці жывёл каля вадапою ў перыяд засухі, у якіх асобіны па паводзінах таксама незалежныя адна ад адной. У большасці выпадкаў асобіны аб’ядноўваюцца ў сацыяльныя групы — сем’і, калоніі, статкі, чароды і інш.

Сямейны лад жыцця рэзка ўзмацняе сувязі паміж бацькамі і іх патомствам. Праяўленнем гэтых сувязей з’яўляецца клопат пра патомства. Пры гэтым у птушак клопат пра птушанят працягваецца да ўзняцця іх на крыло, а ў шэрагу буйных млекакормячых (мядзведзяў, тыграў) дзіцяняты выхоўваюцца ў сямейных групах на працягу некалькіх гадоў, да наступлення іх палавой сталасці. У залежнасці ад таго, хто з бацькоў бярэ на сябе догляд за патомствам, адрозніваюць сем’і бацькаўскага, мацярынскага і змешанага тыпу. Як правіла, у сем’ях з устойлівымі парамі звычайна абодва бацькі прымаюць удзел у ахове і выкормліванні дзіцянят.

Пры сямейным ладзе жыцця найбольш ярка выяўлены тэрытарыяльныя паводзіны жывёл. З дапамогай сігналаў, маркіроўкі, рытуальных форм пагрозы і нават прамой пагрозы (часта з боку і самца, і самкі) яны забяспечваюць валоданне ўчасткам, памеры і запасы корму якога дастатковыя для выкормлівання патомства.

Некаторыя грамадскія насякомыя — пчолы, мурашкі, тэрміты — ўтвараюць складаныя сем’і. У іх насякомыя выконваюць разам шмат асноўных функцый: абарону, размнажэнне, забеспячэнне кормам сябе і патомства, будаўніцтва. Для ажыццяўлення гэтых функцый фарміруюцца эталагічныя групы асобін у выніку падзелу працы і спецыялізацыі. Пры гэтым члены сям’і ўвесь час абменьваюцца інфармацыяй адзін з адным.

Калонні — групавыя паселішчы аселых жывёл, якія могуць існаваць як працягла, так і ўзнікаць толькі на перыяд размнажэння (гракі, чайкі, гагары, марскія коцікі). Такі лад жыцця павялічвае верагоднасць выжывання асобных асобін. Напрыклад, трывога, паднятая любой птушкай, якая заўважыла драпежніка, мабілізуе астатніх, і разам у іх атрымліваецца адагнаць ворага. Характэрна, што па меры ўскладнення каланіяльнага аб’яднання паводзіны, а часам нават фізіялогія і будова асобнай асобіны ўсё ў большай ступені падпарадкоўваюцца інтарэсам усёй калоніі.

Чароды — часовыя аб’яднанні жывёл, звязаныя з агульнасцю месца жыцця ці размнажэння. Чарада палягчае выкананне якой-небудзь функцыі: абароны ад ворагаў, здабывання ежы, міграцыі (ваўкі, селядцы, жураўлі, дэльфіны). Зыходзячы са спосабу каардынацыі дзеянняў, чароды падзяляюцца на два віды: 1) без выяўленага лідара (звычайна ў рыб); 2) з лідарамі, на якіх арыентуюцца астатнія асобіны (чароды буйных птушак і млекакормячых, напрыклад ваўкоў). Ваўчыныя чароды ўтвараюцца зімой для групавога палявання. У гэтым выпадку ў драпежнікаў атрымліваецца адолець буйных капытных (напрыклад, дарослага лася), паляванне на якіх у адзіночку часта заканчавецца гібеллю саміх драпежнікаў. У працэсе групавога палявання важак чарады «арганізуе» засаду, захоп ахвяры ў кольца і іншыя дзеянні, што патрабуе ўзгодненасці і каардынацыі дзеянняў усіх членаў чарады.

Статкі — больш працяглыя па часе, чым чароды, пастаянныя аб’яднанні жывёл (алені, зубры, зебры), у якіх, як правіла, выконваюцца ўсе жыццёвыя функцыі віду: абарона ад ворагаў, здабыванне ежы, міграцыі, размнажэнне, выхаванне маладняка і г. д.

Найбольш складаная эталагічная структура адзначаецца ў чародах і статках, дзе мае месца сістэма «дамінавання-падначалення». У розных відаў жывёл яна залежыць ад тыпу іерархіі. Пры іерархічнай арганізацыі папуляцый асобінам уласцівы заканамерны парадак перамяшчэння, размяшчэння на адпачынак, пэўная арганізацыя пры абароне ад ворагаў. Так, пры перамяшчэнні статка павіянаў у цэнтры ў найбольшай бяспецы знаходзяцца дзіцяняты ці цяжарныя самкі, вакол іх размяшчаюцца самкі, якія не размнажаюцца, а па краях — важакі і маладыя самцы. Наперадзе і ззаду статка знаходзяцца буйныя самцы, гатовыя адбіць напад драпежніка.

У біялагічным аспекце сэнс іерархічнай сістэмы «дамінавання-падначалення» заключаецца ў стварэнні ўзгодненых паводзін групы, якія выгодныя для ўсіх яе членаў. Ажыццявіўшы своеасаблівую «расстаноўку сіл», жывёлы ўжо не марнуюць лішняй энергіі на канфлікты паміж асобнымі асобінамі, а група ў цэлым атрымлівае перавагі, падпарадкоўваючыся найбольш моцным і вопытным індывідам. Вядома, у экстрэмальных умовах (напрыклад, пры адсутнасці кармоў) гінуць у першую чаргу больш слабыя, падпарадкаваныя асобіны, але тым не менш пад аховай групы яны ўсё ж маюць больш шанцаў выжыць, чым у адзіночку.

Як вы ўжо ведаеце, у сацыяльных групах назіраецца эфект групы, які павышае ўстойлівасць асобін у групе ў адносінах да неспрыяльных умоў асяроддзя ў параўнанні з асобнай асобінай. Аднак станоўчы эфект групы выяўляецца толькі да некаторага аптымальнага ўзроўню шчыльнасці папуляцыі. Калі жывёл становіцца занадта шмат, гэта пагражае недахопам кармавых рэсурсаў асяроддзя. Уступаюць у дзеянне механізмы, якія прыводзяць да зніжэння колькасці асобін у групе шляхам дзялення яе на часткі, рассялення на іншыя тэрыторыі ці зніжэння нараджальнасці.

Паўторым галоўнае. Для папуляцый характэрны пэўныя ўзроставая і эталагічная структуры. Узроставая структура папуляцый уяўляе сабой суадносіны перадрэпрадуктыўных, рэпрадуктыўных і пострэпрадуктыўных асобін. Колькасна ўзроставая структура ў жывёл апісваецца з дапамогай узроставых пірамід. Па іх форме можна даць прагноз змянення колькасці папуляцыі ў будучыні. Эталагічная (паводзінская) структура — гэта суадносіны асобін, якія адрозніваюцца па комплексе паводзінскіх рэакцый. У большасці выпадкаў яна выяўляецца, калі асобіны аб’ядноўваюцца ў сацыяльныя групы — сем’і, калоніі, чароды, статкі.