*§ 38—2. Узроставая і эталагічная структуры папуляцый

Узроставая структура

Узроставая структура — суадносіны ў папуляцыі ўзроставых груп асобін, якія адрозніваюцца па здольнасці да ўзнаўлення. Ёсць віды з вельмі простай узроставай структурай папуляцый, якія складаюцца практычна з прадстаўнікоў аднаго ўзросту (аднагадовыя расліны, саранча). Складаная ўзроставая структура папуляцый узнікае тады, калі ў іх прадстаўлены ўсе ўзроставыя групы. У прыродных папуляцыях жывёл вылучаюць тры ўзроставыя групы, якія адрозніваюцца па здольнасці да ўзнаўлення. Перадрэпрадуктыўныя асобіны — маладыя асобіны, якія не дасягнулі палавога выспявання і яшчэ не здольныя даваць патомства. Рэпрадуктыўныя асобіны — палаваспелыя асобіны, якія размнажаюцца. Пострэпрадуктыўныя асобіны — старыя асобіны, якія страцілі функцыю размнажэння і ўжо не даюць патомства.

!  Гэта цікава

Працягласць існавання кожнай узроставай групы ў адносінах да працягласці жыцця пакалення моцна вар’іруецца ў розных арганізмаў. У сучаснага чалавека гэтыя тры ўзросты па працягласці прыкладна аднолькавыя. Перадрэпрадуктыўны перыяд у некаторых арганізмаў вельмі доўгі ў параўнанні з астатнімі. Напрыклад, у цыкад ён доўжыцца 17 гадоў, у той час як рэпрадуктыўны перыяд працягваецца толькі адзін летні сезон, а пострэпрадуктыўны наогул адсутнічае. Адсутнасць пострэпрадуктыўнага перыяду назіраецца ў шэрага насякомых (аўсянікі) і рыб (ласосевыя).

Лікавыя суадносіны колькасці (у %) розных узроставых груп у папуляцыях жывёл адлюстроўваюць з дапамогай узроставых пірамід. Яны дазваляюць прагназаваць далейшае змяненне колькасці папуляцый. Папуляцыя з вялікай доляй перадрэпрадуктыўных асобін адносна іншых узроставых груп будзе мець узроставую піраміду з шырокай асновай. Такая папуляцыя будзе павялічваць сваю колькасць. Яна называецца папуляцыяй, якая развіваецца ці якая расце. Пры адносна раўнамерным размеркаванні асобін па ўзроставых групах папуляцыя будзе знаходзіцца ў стабільным стане. Пры малой долі перадрэпрадуктыўных асобін папуляцыя будзе мець узроставую піраміду з вузкай асновай. Яе колькасць будзе зніжацца. Такая папуляцыя называецца папуляцыяй, якая вымірае ці якая старэе. Яна мае патрэбу ў ахове ці дадатковым усяленні асобін.

Узроставыя адрозненні ў папуляцыях істотна ўзмацняюць іх экалагічную неаднароднасць, гэта значыць забяспечваюць асобінам неаднолькавую супраціўляльнасць фактарам асяроддзя. Узроставая структура папуляцый мае прыстасавальны характар. Яна фарміруецца на аснове біялагічных уласцівасцей віду, але заўсёды адлюстроўвае і сілу ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя. Узроставая структура папуляцый уплывае як на нараджальнасць, так і на смяротнасць у дадзены момант і паказвае, што можа адбыцца з папуляцыяй у будучыні. Вывучэнне суадносін узроставых груп у папуляцыях мае практычную значнасць для чалавека. Яно дазваляе ацаніць, якую ўзроставую групу і ў якім аб’ёме можна выключыць для выкарыстоўвання. Ці наадварот, якая ўзроставая група асобін у найвялікай ступені мае патрэбу ў ахове.