Print bookPrint book

*§ 38—2. Узроставая і эталагічная структуры папуляцый

  • Успомніце, як палавая структура папуляцый уплывае на іх колькасць.
  • Як вы думаеце? Якія яшчэ характарыстыкі папуляцый могуць уплываць на іх колькасць?
  • Вы даведаецнся пра асаблівасці ўзроставай і эталагічнай (паводзінскай) структур папуляцый, іх ролю ў фарміраванні колькасці папуляцый.

Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 10 клас
Book: *§ 38—2. Узроставая і эталагічная структуры папуляцый
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 1:02 PM

Узроставая структура

Узроставая структура — суадносіны ў папуляцыі ўзроставых груп асобін, якія адрозніваюцца па здольнасці да ўзнаўлення. Ёсць віды з вельмі простай узроставай структурай папуляцый, якія складаюцца практычна з прадстаўнікоў аднаго ўзросту (аднагадовыя расліны, саранча). Складаная ўзроставая структура папуляцый узнікае тады, калі ў іх прадстаўлены ўсе ўзроставыя групы. У прыродных папуляцыях жывёл вылучаюць тры ўзроставыя групы, якія адрозніваюцца па здольнасці да ўзнаўлення. Перадрэпрадуктыўныя асобіны — маладыя асобіны, якія не дасягнулі палавога выспявання і яшчэ не здольныя даваць патомства. Рэпрадуктыўныя асобіны — палаваспелыя асобіны, якія размнажаюцца. Пострэпрадуктыўныя асобіны — старыя асобіны, якія страцілі функцыю размнажэння і ўжо не даюць патомства.

!  Гэта цікава

Працягласць існавання кожнай узроставай групы ў адносінах да працягласці жыцця пакалення моцна вар’іруецца ў розных арганізмаў. У сучаснага чалавека гэтыя тры ўзросты па працягласці прыкладна аднолькавыя. Перадрэпрадуктыўны перыяд у некаторых арганізмаў вельмі доўгі ў параўнанні з астатнімі. Напрыклад, у цыкад ён доўжыцца 17 гадоў, у той час як рэпрадуктыўны перыяд працягваецца толькі адзін летні сезон, а пострэпрадуктыўны наогул адсутнічае. Адсутнасць пострэпрадуктыўнага перыяду назіраецца ў шэрага насякомых (аўсянікі) і рыб (ласосевыя).

Лікавыя суадносіны колькасці (у %) розных узроставых груп у папуляцыях жывёл адлюстроўваюць з дапамогай узроставых пірамід. Яны дазваляюць прагназаваць далейшае змяненне колькасці папуляцый. Папуляцыя з вялікай доляй перадрэпрадуктыўных асобін адносна іншых узроставых груп будзе мець узроставую піраміду з шырокай асновай. Такая папуляцыя будзе павялічваць сваю колькасць. Яна называецца папуляцыяй, якая развіваецца ці якая расце. Пры адносна раўнамерным размеркаванні асобін па ўзроставых групах папуляцыя будзе знаходзіцца ў стабільным стане. Пры малой долі перадрэпрадуктыўных асобін папуляцыя будзе мець узроставую піраміду з вузкай асновай. Яе колькасць будзе зніжацца. Такая папуляцыя называецца папуляцыяй, якая вымірае ці якая старэе. Яна мае патрэбу ў ахове ці дадатковым усяленні асобін.

Узроставыя адрозненні ў папуляцыях істотна ўзмацняюць іх экалагічную неаднароднасць, гэта значыць забяспечваюць асобінам неаднолькавую супраціўляльнасць фактарам асяроддзя. Узроставая структура папуляцый мае прыстасавальны характар. Яна фарміруецца на аснове біялагічных уласцівасцей віду, але заўсёды адлюстроўвае і сілу ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя. Узроставая структура папуляцый уплывае як на нараджальнасць, так і на смяротнасць у дадзены момант і паказвае, што можа адбыцца з папуляцыяй у будучыні. Вывучэнне суадносін узроставых груп у папуляцыях мае практычную значнасць для чалавека. Яно дазваляе ацаніць, якую ўзроставую групу і ў якім аб’ёме можна выключыць для выкарыстоўвання. Ці наадварот, якая ўзроставая група асобін у найвялікай ступені мае патрэбу ў ахове.

Эталагічная (паводзінская) структура

Эталагічная (паводзінская) структура — суадносіны асобін па комплексе паводзінскіх рэакцый у сацыяльных групах. Гэта структура характэрна для жывёл. Пры вывучэнні біялогіі ў 8-м класе вы пазнаёміліся з разнастайнасцю паводзінскіх рэакцый жывёл. У некаторых папуляцыях асобіны вядуць адзіночны спосаб жыцця. Па паводзінах яны раўназначныя і незалежныя адна ад адной (божыя кароўкі, жужалі, матылькі). Ёсць часовыя групы асобін, напрыклад вялікія колькасці марскіх чарапах на астравах у перыяд размнажэння, сукупнасці жывёл каля вадапою ў перыяд засухі, у якіх асобіны па паводзінах таксама незалежныя адна ад адной. У большасці выпадкаў асобіны аб’ядноўваюцца ў сацыяльныя групы — сем’і, калоніі, статкі, чароды і інш.

Сямейны лад жыцця рэзка ўзмацняе сувязі паміж бацькамі і іх патомствам. Праяўленнем гэтых сувязей з’яўляецца клопат пра патомства. Пры гэтым у птушак клопат пра птушанят працягваецца да ўзняцця іх на крыло, а ў шэрагу буйных млекакормячых (мядзведзяў, тыграў) дзіцяняты выхоўваюцца ў сямейных групах на працягу некалькіх гадоў, да наступлення іх палавой сталасці. У залежнасці ад таго, хто з бацькоў бярэ на сябе догляд за патомствам, адрозніваюць сем’і бацькаўскага, мацярынскага і змешанага тыпу. Як правіла, у сем’ях з устойлівымі парамі звычайна абодва бацькі прымаюць удзел у ахове і выкормліванні дзіцянят.

Пры сямейным ладзе жыцця найбольш ярка выяўлены тэрытарыяльныя паводзіны жывёл. З дапамогай сігналаў, маркіроўкі, рытуальных форм пагрозы і нават прамой пагрозы (часта з боку і самца, і самкі) яны забяспечваюць валоданне ўчасткам, памеры і запасы корму якога дастатковыя для выкормлівання патомства.

Некаторыя грамадскія насякомыя — пчолы, мурашкі, тэрміты — ўтвараюць складаныя сем’і. У іх насякомыя выконваюць разам шмат асноўных функцый: абарону, размнажэнне, забеспячэнне кормам сябе і патомства, будаўніцтва. Для ажыццяўлення гэтых функцый фарміруюцца эталагічныя групы асобін у выніку падзелу працы і спецыялізацыі. Пры гэтым члены сям’і ўвесь час абменьваюцца інфармацыяй адзін з адным.

Калонні — групавыя паселішчы аселых жывёл, якія могуць існаваць як працягла, так і ўзнікаць толькі на перыяд размнажэння (гракі, чайкі, гагары, марскія коцікі). Такі лад жыцця павялічвае верагоднасць выжывання асобных асобін. Напрыклад, трывога, паднятая любой птушкай, якая заўважыла драпежніка, мабілізуе астатніх, і разам у іх атрымліваецца адагнаць ворага. Характэрна, што па меры ўскладнення каланіяльнага аб’яднання паводзіны, а часам нават фізіялогія і будова асобнай асобіны ўсё ў большай ступені падпарадкоўваюцца інтарэсам усёй калоніі.

Чароды — часовыя аб’яднанні жывёл, звязаныя з агульнасцю месца жыцця ці размнажэння. Чарада палягчае выкананне якой-небудзь функцыі: абароны ад ворагаў, здабывання ежы, міграцыі (ваўкі, селядцы, жураўлі, дэльфіны). Зыходзячы са спосабу каардынацыі дзеянняў, чароды падзяляюцца на два віды: 1) без выяўленага лідара (звычайна ў рыб); 2) з лідарамі, на якіх арыентуюцца астатнія асобіны (чароды буйных птушак і млекакормячых, напрыклад ваўкоў). Ваўчыныя чароды ўтвараюцца зімой для групавога палявання. У гэтым выпадку ў драпежнікаў атрымліваецца адолець буйных капытных (напрыклад, дарослага лася), паляванне на якіх у адзіночку часта заканчавецца гібеллю саміх драпежнікаў. У працэсе групавога палявання важак чарады «арганізуе» засаду, захоп ахвяры ў кольца і іншыя дзеянні, што патрабуе ўзгодненасці і каардынацыі дзеянняў усіх членаў чарады.

Статкі — больш працяглыя па часе, чым чароды, пастаянныя аб’яднанні жывёл (алені, зубры, зебры), у якіх, як правіла, выконваюцца ўсе жыццёвыя функцыі віду: абарона ад ворагаў, здабыванне ежы, міграцыі, размнажэнне, выхаванне маладняка і г. д.

Найбольш складаная эталагічная структура адзначаецца ў чародах і статках, дзе мае месца сістэма «дамінавання-падначалення». У розных відаў жывёл яна залежыць ад тыпу іерархіі. Пры іерархічнай арганізацыі папуляцый асобінам уласцівы заканамерны парадак перамяшчэння, размяшчэння на адпачынак, пэўная арганізацыя пры абароне ад ворагаў. Так, пры перамяшчэнні статка павіянаў у цэнтры ў найбольшай бяспецы знаходзяцца дзіцяняты ці цяжарныя самкі, вакол іх размяшчаюцца самкі, якія не размнажаюцца, а па краях — важакі і маладыя самцы. Наперадзе і ззаду статка знаходзяцца буйныя самцы, гатовыя адбіць напад драпежніка.

У біялагічным аспекце сэнс іерархічнай сістэмы «дамінавання-падначалення» заключаецца ў стварэнні ўзгодненых паводзін групы, якія выгодныя для ўсіх яе членаў. Ажыццявіўшы своеасаблівую «расстаноўку сіл», жывёлы ўжо не марнуюць лішняй энергіі на канфлікты паміж асобнымі асобінамі, а група ў цэлым атрымлівае перавагі, падпарадкоўваючыся найбольш моцным і вопытным індывідам. Вядома, у экстрэмальных умовах (напрыклад, пры адсутнасці кармоў) гінуць у першую чаргу больш слабыя, падпарадкаваныя асобіны, але тым не менш пад аховай групы яны ўсё ж маюць больш шанцаў выжыць, чым у адзіночку.

Як вы ўжо ведаеце, у сацыяльных групах назіраецца эфект групы, які павышае ўстойлівасць асобін у групе ў адносінах да неспрыяльных умоў асяроддзя ў параўнанні з асобнай асобінай. Аднак станоўчы эфект групы выяўляецца толькі да некаторага аптымальнага ўзроўню шчыльнасці папуляцыі. Калі жывёл становіцца занадта шмат, гэта пагражае недахопам кармавых рэсурсаў асяроддзя. Уступаюць у дзеянне механізмы, якія прыводзяць да зніжэння колькасці асобін у групе шляхам дзялення яе на часткі, рассялення на іншыя тэрыторыі ці зніжэння нараджальнасці.

Паўторым галоўнае. Для папуляцый характэрны пэўныя ўзроставая і эталагічная структуры. Узроставая структура папуляцый уяўляе сабой суадносіны перадрэпрадуктыўных, рэпрадуктыўных і пострэпрадуктыўных асобін. Колькасна ўзроставая структура ў жывёл апісваецца з дапамогай узроставых пірамід. Па іх форме можна даць прагноз змянення колькасці папуляцыі ў будучыні. Эталагічная (паводзінская) структура — гэта суадносіны асобін, якія адрозніваюцца па комплексе паводзінскіх рэакцый. У большасці выпадкаў яна выяўляецца, калі асобіны аб’ядноўваюцца ў сацыяльныя групы — сем’і, калоніі, чароды, статкі.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Назавіце тыпы ўзроставых груп асобін у папуляцыях. Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго?
2. Як тып узроставай структуры ўплывае на рост колькасці папуляцый? Складзіце прагноз для росту колькасці папуляцый з рознымі ўзроставымі пірамідамі.
3. Прывядзіце прыклады розных тыпаў эталагічнай структуры ў сацыяльных групах жывёл.
4. Што дае асобінам аб’яднанне ў сацыяльныя групы? Адказ прадэманструйце на прыкладзе пэўных сацыяльных груп.

     Складаныя пытанні

1. Якое значэнне для гаспадарчай і прыродаахоўнай дзейнасці чалавека мае вызначэнне ўзроставай структуры папуляцый? Прывядзіце прыклады, дзе можа выкарыстоўвацца інфармацыя пра ўзроставую структуру папуляцый.
2. Дзве папуляцыі прамысловых рыб жывуць у розных вадаёмах і маюць розную ўзроставую структуру: у адной папуляцыі ўзроставая піраміда з шырокай асновай, а ў іншай — з вузкай. Складзіце план мерапрыемстваў па нармалізацыі ўзроставай структуры дадзеных папуляцый.
3. Дзве папуляцыі паўночных аленяў апынуліся ў розных умовах асяроддзя, што паўплывала на іх узроставую структуру. У першай папуляцыі было 140 перадрэпрадуктыўных асобін, 80 асобін рэпрадуктыўнага і 40 асобін пострэпрадуктыўнага ўзросту. У другой папуляцыі апынулася 60 перадрэпрадуктыўных, 140 рэпрадуктыўных і 80 пострэпрадуктыўных асобін. Пабудуйце ўзроставыя піраміды, выкарыстоўваючы маштаб: 1 см = 20 асобін. Дайце прагноз на будучыню гэтых папуляцый. Пакажыце, якія дзеянні ў адносінах да кожнай з папуляцый павінен зрабіць чалавек, каб яны захавалі сваё існаванне.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы даступную статыстычную інфармацыю пра ўзроставы склад папуляцый некалькіх відаў ахоўных ці прамысловых жывёл, пабудуйце іх узроставыя піраміды. Складзіце для дадзеных папуляцый экалагічны прагноз і прыкладны план мерапрыемстваў па падтрыманні іх колькасці на аптымальным узроўні.