*§ 35—2. Постэмбрыянальнае развіццё чалавека

Узроставыя перыяды ў сталага чалавека

Юнацкі ўзрост (ад 16—17 да 20—21 года) — гэта перыяд, калі завяршаецца агульнае фізіялагічнае развіццё і палавое выспяванне арганізма, настае фізічная спеласць. Юнакі і дзяўчаты дасягаюць максімальнага росту. У гэты перыяд важную ролю адыгрываюць працэсы самасвядомасці і самавызначэння, вырашаюцца задачы здабыцця самастойнасці, уступлення ў дарослае жыццё, прафесійнага самавызначэння. Фарміруецца светапогляд, грамадская пазіцыя, памяншаецца і пераадольваецца ўласцівая папярэднім этапам залежнасць ад дарослых. Пры нармальным развіцці ў юнацтве дасягаецца сацыяльная сталасць.

Сталы ўзрост (ад 21—22 да 55—60 гадоў) з’яўляецца самым працяглым і прадукцыйным жыццёвым этапам чалавека, на працягу якога ён фарміруецца як асоба, стварае сям’ю, пакідае патомства, ажыццяўляе яго выхаванне і навучанне. Фізіялагічна сталы ўзрост характарызуецца відавочным праяўленнем прымет старэння: скура губляе эластычнасць, валасы сівеюць, магчымы значныя змяненні масы цела і суадносіны мышцаў і тлушчавых адкладаў.

Пасля сталага ўзросту настае заключны этап у жыцці кожнага чалавека, які называюць перыядам старасці. Натуральны працэс старэння чалавека, яго асноўныя праяўленні і фактары, якія ўплываюць на характар, тэмп і інтэнсіўнасць старэння, вывучае навука геранталогія. У адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ перыяд старасці ўключае пажылы ўзрост (ад 55—60 да 75 гадоў), старэчы ўзрост (75—90 гадоў) і доўгажыхарства (больш за 90 гадоў). У адносінах да чалавека адрозніваюць некалькі відаў старэння: натуральнае, злучанае з каляндарным узростам; дачаснае, абумоўленае сацыяльнымі фактарамі і хваробамі; запаволенае, характэрнае для доўгажыхароў.

Што ж адбываецца ў арганізме ў працэсе старэння? Па пытанні прычын старэння існуюць розныя тэорыі. Але ў канчатковым выніку ўсё зводзіцца да таго, што ў арганізме чалавека памяншаецца актыўнасць ферментаў тканкавага дыхання, змяняецца хуткасць энергетычных працэсаў у клетках тканак і органаў, памяншаецца інтэнсіўнасць абмену рэчываў. У арганізме ўзнікае дэфіцыт энергіі і, як вынік, настае смерць — поўнае спыненне біялагічных і фізіялагічных працэсаў жыццядзейнасці. Дадзены працэс завяршае постэмбрыянальнае развіццё чалавека.

Паўторым галоўнае. Постэмбрыянальны этап антагенезу чалавека — перыяд развіцця чалавека ад нараджэння да моманту смерці. На дадзеным этапе адрозніваюць узроставыя перыяды ў дзяцей і ў дарослых. Да ўзроставых перыядаў у дзяцей залічваюць: перыяд нованароджанасці, грудны ўзрост, ранняе, першае і другое дзяцінства, падлеткавы ўзрост, якія складаюць ювенільны перыяд. Ювенільны перыяд характарызуецца хуткім ростам, інтэнсіўным фізічным і псіхічным развіццём. Узроставымі перыядамі ў дарослага чалавека лічацца: юнацкі, сталы, пажылы і старэчы ўзросты, доўгажыхарства. У юнацкім узросце настае фізічная і сацыяльная сталасць. Сталы ўзрост з’яўляецца самым працяглым і прадукцыйным жыццёвым этапам чалавека, на працягу якога ён фарміруецца як асоба, стварае сям’ю, пакідае патомства. Перыяд старасці, які завяршаецца смерцю, — заключны этап у жыцці кожнага чалавека.