Print bookPrint book

*§ 35—2. Постэмбрыянальнае развіццё чалавека

  • Успомніце, якія тыпы постэмбрыянальнага развіцця маюцца ў жывёл.
  • Як вы думаеце? Ці маюцца адметныя асаблівасці ў постэмбрыянальным развіцці чалавека ў параўнанні з жывёламі?
  • Вы даведаецеся, як працякае постэмбрыянальнае развіццё чалавека, якія стадыі вылучаюць на этапе постэмбрыянальнага развіцця чалавека.

Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 10 клас
Book: *§ 35—2. Постэмбрыянальнае развіццё чалавека
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 1:48 PM

Постэмбрыянальны этап

Постэмбрыянальны этап антагенезу чалавека перыяд развіцця чалавека ад нараджэння да моманту смерці.

Існуюць розныя сістэмы ўзроставай перыядызацыі дадзенага этапу антагенезу, якія засноўваюцца на розных крытэрыях фізічнага і псіхічнага развіцця чалавека. Узроставая перыядызацыя ў медыцыне абапіраецца на адпаведныя ўзросту анатамічныя і фізіялагічныя асаблівасці арганізма і вылучае ўзроставыя перыяды ў дзяцей і дарослых. Паводле класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), распрацаванай на Міжнародным з’ездзе ў 1965 г., прынята вылучаць наступныя ўзроставыя перыяды постэмбрыянальнага этапу антагенезу, якія паказаны ў табліцы.

Табліца. Узроставыя перыяды постэмбрыянальнага этапу антагенезу чалавека (паводле класіфікацыі СААЗ)

Узроставы перыяд

Узроставы інтэрвал

Дзеці

Перыяд нованароджанасці

ад 1 да 10 дзён

Грудны ўзрост

ад 10 дзён да 1 года

Ранняе дзяцінства

ад 1 да 3 гадоў

Першае дзяцінства

ад 4 да 7 гадоў

Другое дзяцінства  

ад 8 да 12 гадоў (муж.); ад 8 да 11 гадоў (жан.)

Падлеткавы ўзрост

ад 13 да 16 гадоў (муж.); ад 12 да 15 гадоў (жан.)

Дарослыя

Юнацкі ўзрост  

ад 17 да 21 года (муж.); ад 16 да 20 гадоў (жан.)

Сталы ўзрост

ад 22 да 60 гадоў (муж.); ад 21 да 55 гадоў (жан.)

Пажылы  ўзрост

ад 61 да 75 гадоў (муж.); ад 56 да 75 гадоў (жан.)

Старэчы ўзрост

ад 76 да 90 гадоў

Доўгажыхары 

старэйшыя за 90 гадоў

 

Паміж асобнымі ўзроставымі перыядамі няма строгай мяжы, і рэальная працягласць кожнага перыяду залежыць ад індывідуальных асаблівасцей чалавека, краіны пражывання, эканамічнай і экалагічнай сітуацый, менталітэту і іншых фактараў.

Узроставыя перыяды ў дзяцей

У кожнага перыяду дзіцячага ўзросту чалавека ёсць свае асаблівасці фізічнага, псіхічнага, сацыяльнага развіцця, свае тыпы вядучай дзейнасці і спецыфічныя патрэбнасці.

Сукупнасць узроставых перыядаў у дзяцей часта называюць ювенільным перыядам або перыядам дзяцінства. Ён пачынаецца з моманту нараджэння і працягваецца да заканчэння падлеткавага ўзросту (да палавога выспявання). Галоўная асаблівасць гэтага перыяду — актыўны рост і развіццё арганізма дзіцяці.

У перыяд нованароджанасці  (ад 1 да 10 дзён, па іншых крыніцах — да 1 месяца) пастава дзіцяці нагадвае становішча плода ў матцы. Галава вялікая (begin mathsize 14px style 1 fourth end style даўжыні цела), ногі кароткія, рукі доўгія, мускулатура развіта слаба. Вялікую частку сутак дзіця спіць, прачынаючыся толькі да часу кармлення, прычым найбольш гарманічнае развіццё назіраецца пры натуральным грудным выкормліванні. Нованароджаныя дзеці лепш за ўсё засвойваюць бялкі, тлушчы і вугляводы мацярынскага малака.

У грудным узросце ў дзіцяці адбываецца шмат змяненняў у рухальнай актыўнасці: у канцы 1-га месяца жыцця яно спрабуе выпрастаць ножкі; на 6-м тыдні падымае і ўтрымлівае галоўку; на 4—6-м месяцы сядзіць; у канцы 1-га года жыцця спрабуе рабіць першыя крокі. За год даўжыня цела дзіцяці павялічваецца ў сярэднім на 25 см, маса дасягае 10—11 кг. Не менш інтэнсіўна ў гэты перыяд развіваецца і псіхіка дзіцяці. На 2-м месяцы яно усміхаецца пры з’яўленні маці; на 4-м месяцы бярэ ў рот цацкі, даследуючы іх, пачынае адрозніваць дарослых людзей. У другой палове груднога ўзросту дзіця ўжо рэагуе на шмат якія фразы бацькоў.

Ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў — перыяд ранняга дзяцінства — у дзіцяці зʼяўляецца шмат новых рухальных навыкаў. Яно пачынае хадзіць, авалодвае навыкамі маніпуліравання прадметамі. У гэты перыяд у яго выяўляецца імкненне да пазнання свету, цяга да самасцвярджэння. Рост запавольваецца, павелічэнне масы цела адбываецца значна павольней.

Дзеці ў перыяд першага дзяцінства (ад 4 да 7 гадоў, дашкольны ўзрост) пачынаюць выяўляць вялікую цікавасць да навакольнага свету — гэта стадыя пытанняў. Яны пачынаюць усведамляць сябе як асоба, аддзяляць «мы» ад «я». Асноўная ўвага пераносіцца з прадметаў на людзей, іх узаемаадносіны. Пачынаецца перыяд сацыялізацыі ў асяроддзі аднагодкаў. Рост цела ў даўжыню пераважае над павелічэннем масы цела.

У час другога дзяцінства (ад 7 да 12 гадоў, ранні школьны ўзрост) адбываецца якаснае змяненне ўсёй дзейнасці дзіцяці. Фізіялагічна гэты ўзрост папярэднічае палавому выспяванню і адпавядае пачатку гарманальных зрухаў і выкліканых імі псіхалагічных з’яў, характэрных для «пераходнага ўзросту». Тым часам пераважае рост цела ў шырыню, аднак да канца перыяду ўзмацняецца рост цела ў даўжыню.

У падлеткавым узросце (ад 12 да 17 гадоў) адбываецца палавое выспяванне, якое суправаджаецца паскораным фізічным развіццём. Фізіялагічнай асаблівасцю сардэчна-сасудзістай сістэмы падлетка з’яўляецца адставанне росту дыяметра сасудаў ад росту сэрца. Гэта прыводзіць да расстройстваў кровазвароту, узнікаюць галавакружэнне, павышаны крывяны ціск, парушэнні работы сэрца, функцыянальная арытмія. На гэтым этапе падлетку вельмі важна атрымліваць дастатковую колькасць пажыўных рэчываў і вітамінаў.

Узроставыя перыяды ў сталага чалавека

Юнацкі ўзрост (ад 16—17 да 20—21 года) — гэта перыяд, калі завяршаецца агульнае фізіялагічнае развіццё і палавое выспяванне арганізма, настае фізічная спеласць. Юнакі і дзяўчаты дасягаюць максімальнага росту. У гэты перыяд важную ролю адыгрываюць працэсы самасвядомасці і самавызначэння, вырашаюцца задачы здабыцця самастойнасці, уступлення ў дарослае жыццё, прафесійнага самавызначэння. Фарміруецца светапогляд, грамадская пазіцыя, памяншаецца і пераадольваецца ўласцівая папярэднім этапам залежнасць ад дарослых. Пры нармальным развіцці ў юнацтве дасягаецца сацыяльная сталасць.

Сталы ўзрост (ад 21—22 да 55—60 гадоў) з’яўляецца самым працяглым і прадукцыйным жыццёвым этапам чалавека, на працягу якога ён фарміруецца як асоба, стварае сям’ю, пакідае патомства, ажыццяўляе яго выхаванне і навучанне. Фізіялагічна сталы ўзрост характарызуецца відавочным праяўленнем прымет старэння: скура губляе эластычнасць, валасы сівеюць, магчымы значныя змяненні масы цела і суадносіны мышцаў і тлушчавых адкладаў.

Пасля сталага ўзросту настае заключны этап у жыцці кожнага чалавека, які называюць перыядам старасці. Натуральны працэс старэння чалавека, яго асноўныя праяўленні і фактары, якія ўплываюць на характар, тэмп і інтэнсіўнасць старэння, вывучае навука геранталогія. У адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ перыяд старасці ўключае пажылы ўзрост (ад 55—60 да 75 гадоў), старэчы ўзрост (75—90 гадоў) і доўгажыхарства (больш за 90 гадоў). У адносінах да чалавека адрозніваюць некалькі відаў старэння: натуральнае, злучанае з каляндарным узростам; дачаснае, абумоўленае сацыяльнымі фактарамі і хваробамі; запаволенае, характэрнае для доўгажыхароў.

Што ж адбываецца ў арганізме ў працэсе старэння? Па пытанні прычын старэння існуюць розныя тэорыі. Але ў канчатковым выніку ўсё зводзіцца да таго, што ў арганізме чалавека памяншаецца актыўнасць ферментаў тканкавага дыхання, змяняецца хуткасць энергетычных працэсаў у клетках тканак і органаў, памяншаецца інтэнсіўнасць абмену рэчываў. У арганізме ўзнікае дэфіцыт энергіі і, як вынік, настае смерць — поўнае спыненне біялагічных і фізіялагічных працэсаў жыццядзейнасці. Дадзены працэс завяршае постэмбрыянальнае развіццё чалавека.

Паўторым галоўнае. Постэмбрыянальны этап антагенезу чалавека — перыяд развіцця чалавека ад нараджэння да моманту смерці. На дадзеным этапе адрозніваюць узроставыя перыяды ў дзяцей і ў дарослых. Да ўзроставых перыядаў у дзяцей залічваюць: перыяд нованароджанасці, грудны ўзрост, ранняе, першае і другое дзяцінства, падлеткавы ўзрост, якія складаюць ювенільны перыяд. Ювенільны перыяд характарызуецца хуткім ростам, інтэнсіўным фізічным і псіхічным развіццём. Узроставымі перыядамі ў дарослага чалавека лічацца: юнацкі, сталы, пажылы і старэчы ўзросты, доўгажыхарства. У юнацкім узросце настае фізічная і сацыяльная сталасць. Сталы ўзрост з’яўляецца самым працяглым і прадукцыйным жыццёвым этапам чалавека, на працягу якога ён фарміруецца як асоба, стварае сям’ю, пакідае патомства. Перыяд старасці, які завяршаецца смерцю, — заключны этап у жыцці кожнага чалавека.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія перыяды постэмбрыянальнага этапу антагенезу чалавека вылучаюць у дзяцей?
2. Які ўзроставы перыяд найбольш важны для развіцця мыслення, гаворкі і працоўнай дзейнасці? Адказ аргументуйце.
3. Назавіце ўзроставыя перыяды ў дарослага чалавека. Ахарактарызуйце асаблівасці перыядаў сталасці і старасці.
4. Якія важныя сацыяльныя задачы павінен вырашыць чалавек у перыяд сталасці?

    Складаныя пытанні

1. Пры характарыстыцы развіцця дзяцей на сучасным этапе часта ўжываюць тэрмін «акселерацыя». Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, растлумачце, што ён азначае. Назавіце магчымыя прычыны акселерацыі.
2. У чым заключаюцца асаблівасці перыяду сталасці ў людзей, якія жывуць у розных краінах? Як і чаму ў іх адрозніваецца працягласць гэтага перыяду?
3. Як паказвае статыстыка, сярэдняя працягласць жыцця людзей у свеце ўзрастае, прычым жанчыны ў сярэднім жывуць даўжэй за мужчын. Як вы думаеце, у чым прычына гэтых тэндэнцый?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце прэзентацыю па тэме «Гіпотэзы працэсу старэння чалавека».