*§ 35—2. Постэмбрыянальнае развіццё чалавека

Постэмбрыянальны этап

Постэмбрыянальны этап антагенезу чалавека перыяд развіцця чалавека ад нараджэння да моманту смерці.

Існуюць розныя сістэмы ўзроставай перыядызацыі дадзенага этапу антагенезу, якія засноўваюцца на розных крытэрыях фізічнага і псіхічнага развіцця чалавека. Узроставая перыядызацыя ў медыцыне абапіраецца на адпаведныя ўзросту анатамічныя і фізіялагічныя асаблівасці арганізма і вылучае ўзроставыя перыяды ў дзяцей і дарослых. Паводле класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), распрацаванай на Міжнародным з’ездзе ў 1965 г., прынята вылучаць наступныя ўзроставыя перыяды постэмбрыянальнага этапу антагенезу, якія паказаны ў табліцы.

Табліца. Узроставыя перыяды постэмбрыянальнага этапу антагенезу чалавека (паводле класіфікацыі СААЗ)

Узроставы перыяд

Узроставы інтэрвал

Дзеці

Перыяд нованароджанасці

ад 1 да 10 дзён

Грудны ўзрост

ад 10 дзён да 1 года

Ранняе дзяцінства

ад 1 да 3 гадоў

Першае дзяцінства

ад 4 да 7 гадоў

Другое дзяцінства  

ад 8 да 12 гадоў (муж.); ад 8 да 11 гадоў (жан.)

Падлеткавы ўзрост

ад 13 да 16 гадоў (муж.); ад 12 да 15 гадоў (жан.)

Дарослыя

Юнацкі ўзрост  

ад 17 да 21 года (муж.); ад 16 да 20 гадоў (жан.)

Сталы ўзрост

ад 22 да 60 гадоў (муж.); ад 21 да 55 гадоў (жан.)

Пажылы  ўзрост

ад 61 да 75 гадоў (муж.); ад 56 да 75 гадоў (жан.)

Старэчы ўзрост

ад 76 да 90 гадоў

Доўгажыхары 

старэйшыя за 90 гадоў

 

Паміж асобнымі ўзроставымі перыядамі няма строгай мяжы, і рэальная працягласць кожнага перыяду залежыць ад індывідуальных асаблівасцей чалавека, краіны пражывання, эканамічнай і экалагічнай сітуацый, менталітэту і іншых фактараў.