*§ 35—2. Постэмбрыянальнае развіццё чалавека

Узроставыя перыяды ў дзяцей

У кожнага перыяду дзіцячага ўзросту чалавека ёсць свае асаблівасці фізічнага, псіхічнага, сацыяльнага развіцця, свае тыпы вядучай дзейнасці і спецыфічныя патрэбнасці.

Сукупнасць узроставых перыядаў у дзяцей часта называюць ювенільным перыядам або перыядам дзяцінства. Ён пачынаецца з моманту нараджэння і працягваецца да заканчэння падлеткавага ўзросту (да палавога выспявання). Галоўная асаблівасць гэтага перыяду — актыўны рост і развіццё арганізма дзіцяці.

У перыяд нованароджанасці  (ад 1 да 10 дзён, па іншых крыніцах — да 1 месяца) пастава дзіцяці нагадвае становішча плода ў матцы. Галава вялікая (begin mathsize 14px style 1 fourth end style даўжыні цела), ногі кароткія, рукі доўгія, мускулатура развіта слаба. Вялікую частку сутак дзіця спіць, прачынаючыся толькі да часу кармлення, прычым найбольш гарманічнае развіццё назіраецца пры натуральным грудным выкормліванні. Нованароджаныя дзеці лепш за ўсё засвойваюць бялкі, тлушчы і вугляводы мацярынскага малака.

У грудным узросце ў дзіцяці адбываецца шмат змяненняў у рухальнай актыўнасці: у канцы 1-га месяца жыцця яно спрабуе выпрастаць ножкі; на 6-м тыдні падымае і ўтрымлівае галоўку; на 4—6-м месяцы сядзіць; у канцы 1-га года жыцця спрабуе рабіць першыя крокі. За год даўжыня цела дзіцяці павялічваецца ў сярэднім на 25 см, маса дасягае 10—11 кг. Не менш інтэнсіўна ў гэты перыяд развіваецца і псіхіка дзіцяці. На 2-м месяцы яно усміхаецца пры з’яўленні маці; на 4-м месяцы бярэ ў рот цацкі, даследуючы іх, пачынае адрозніваць дарослых людзей. У другой палове груднога ўзросту дзіця ўжо рэагуе на шмат якія фразы бацькоў.

Ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў — перыяд ранняга дзяцінства — у дзіцяці зʼяўляецца шмат новых рухальных навыкаў. Яно пачынае хадзіць, авалодвае навыкамі маніпуліравання прадметамі. У гэты перыяд у яго выяўляецца імкненне да пазнання свету, цяга да самасцвярджэння. Рост запавольваецца, павелічэнне масы цела адбываецца значна павольней.

Дзеці ў перыяд першага дзяцінства (ад 4 да 7 гадоў, дашкольны ўзрост) пачынаюць выяўляць вялікую цікавасць да навакольнага свету — гэта стадыя пытанняў. Яны пачынаюць усведамляць сябе як асоба, аддзяляць «мы» ад «я». Асноўная ўвага пераносіцца з прадметаў на людзей, іх узаемаадносіны. Пачынаецца перыяд сацыялізацыі ў асяроддзі аднагодкаў. Рост цела ў даўжыню пераважае над павелічэннем масы цела.

У час другога дзяцінства (ад 7 да 12 гадоў, ранні школьны ўзрост) адбываецца якаснае змяненне ўсёй дзейнасці дзіцяці. Фізіялагічна гэты ўзрост папярэднічае палавому выспяванню і адпавядае пачатку гарманальных зрухаў і выкліканых імі псіхалагічных з’яў, характэрных для «пераходнага ўзросту». Тым часам пераважае рост цела ў шырыню, аднак да канца перыяду ўзмацняецца рост цела ў даўжыню.

У падлеткавым узросце (ад 12 да 17 гадоў) адбываецца палавое выспяванне, якое суправаджаецца паскораным фізічным развіццём. Фізіялагічнай асаблівасцю сардэчна-сасудзістай сістэмы падлетка з’яўляецца адставанне росту дыяметра сасудаў ад росту сэрца. Гэта прыводзіць да расстройстваў кровазвароту, узнікаюць галавакружэнне, павышаны крывяны ціск, парушэнні работы сэрца, функцыянальная арытмія. На гэтым этапе падлетку вельмі важна атрымліваць дастатковую колькасць пажыўных рэчываў і вітамінаў.