§ 31. Асемяненне і апладненне ў жывёл. Спосабы палавога размнажэння ў жывёл

Асемяненне і апладненне ў жывёл

Як вядома, палавое размнажэнне ў жывёл суправаджаецца палавым працэсам у форме капуляцыі. Пры гэтым зліццё яйцаклеткі і сперматазоіда з утварэннем зіготы называецца апладненнем. Збліжэнне мужчынскай і жаночай палавых клетак перад апладненнем называецца асемяненнем. Працэс асемянення абумоўлены сукупнасцю фактараў, якія павышаюць верагоднасць сустрэчы палавых клетак. Да іх належаць: палавая актыўнасць самцоў і самак, залішняя прадукцыя сперматазоідаў, буйныя памеры яйцаклетак, вылучэнне палавымі клеткамі спецыфічных рэчываў, якія спрыяюць іх збліжэнню.

!  Гэта цікава

Шмат у якіх жывёл працэсу апладнення папярэднічаюць спецыфічныя шлюбныя паводзіны палавых партнёраў. Самцы дрэўных жаб, надзьмуўшы галасавыя мяшкі, спяваюць хорам, каб прывабіць самак. Самцы цвыркуноў, саранчы, конікаў для прыцягнення самак стракочуць за кошт трэння адной часткі цела аб іншую. Самкі камароў у перыяд спарвання прывабліваюць самцоў характэрным піскам, які выклікаюць крыламі. Самцы трытонаў еўрапейскіх у шлюбны перыяд упрыгожаны спінным грэбенем і падобныя да маленькіх рознакаляровых драконаў. Самец каўнерыкавага рабчыка прываблівае самак пры дапамозе гукаў, якія нагадваюць барабанны дроб, — іх рабчык стварае, стоячы на пні і стукаючы крыламі.

У залежнасці ад таго, дзе адбываецца працэс асемянення — у водным асяроддзі ці ў палавых шляхах самкі, адрозніваюць два спосабы апладнення: знешняе і ўнутранае. Адметныя асаблівасці гэтых спосабаў паказаны ў табліцы.

Табліца. Параўнальная характарыстыка знешняга і ўнутранага спосабаў апладнення  жывёл

Знешняе апладненне

Унутранае апладненне

Не патрабуецца сустрэчы палавых партнёраў

Неабходна сустрэча самца і самкі

Неабходна вялікая колькасць палавых клетак абодвух тыпаў

Не патрабуецца вялікай колькасці жаночых палавых клетак

Капулятыўныя органы адсутнічаюць

Маюцца капулятыўныя органы

Мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі вылучаюцца ў навакольнае асяроддзе

Мужчынскія палавыя клеткі ўводзяцца ў палавыя шляхі самкі, дзе знаходзяцца жаночыя палавыя клеткі

Апладненне адбываецца ў водным асяроддзі

Апладненне адбываецца ў палавых шляхах самкі

 

Знешняе апладненне сустракаецца ў водных жывёл: многашчацінкавых чарвей, двухстворкавых малюскаў, касцявых рыб, земнаводных. Перавага знешняга апладнення заключаецца ў тым, што яно прыводзіць да ўтварэння шматлікага патомства. Аднак недахопам яго з’яўляецца наяўнасць экалагічных небяспек, якія значна зніжаюць верагоднасць выжывання патомства. Як вядома, жывёлы са знешнім апладненнем звычайна не клапоцяцца пра сваё патомства.

Унутранае апладненне характэрна для наземных жывёл: плоскіх і круглых чарвей, бруханогіх малюскаў, павукападобных, насякомых, паўзуноў, птушак і млекакормячых. Пры ўнутраным апладненні ў птушак і паўзуноў аплодненыя яйкі пакрыты ахоўнай абалонкай, устойлівай да страты вады і пашкоджанняў. У млекакормячых эмбрыёны развіваюцца ў целе маці і ад яе атрымліваюць усё неабходнае для працэсаў жыццядзейнасці. Акрамя таго, большасць птушак і млекакормячых працягваюць клапаціцца пра сваіх дзіцянят і пасля нараджэння, што значна павялічвае выжывальнасць патомства.

Незалежна ад спосабу асемянення апладненне ўключае тры этапы:

1) пранікненне ядра сперматазоіда ў яйцаклетку;
2) зліццё ядраў сперматазоіда і яйцаклеткі з утварэннем ядра зіготы;
3) актывізацыя зіготы да драблення і далейшага развіцця.

Вызначана, што абалонка сперматазоіда мае спецыфічныя рэцэптары, якія пазнаюць хімічныя рэчывы, што выдзяляюцца яйцаклеткай. Таму сперматазоіды здольныя да накіраванага руху да яйцаклеткі. Неаплодненая яйцаклетка пакрыта некалькімі ахоўнымі абалонкамі, якія засцерагаюць яе ад неспрыяльных умоў. Пры дасягненні сперматазоідам яйцаклеткі ў месцы іх кантакту адбываецца растварэнне абалонак яйцаклеткі, і сперматазоід пранікае ў яйцаклетку.

Пасля таго як ядро сперматазоіда пранікае ў яйцаклетку, пад уплывам спецыфічных ферментаў адбываецца ўтварэнне абалонкі апладнення. Яна перашкаджае доступу іншых сперматазоідаў. Гэта забяспечвае зліццё з яйцаклеткай толькі аднаго сперматазоіда. Ядро сперматазоіда перамяшчаецца да ядра яйцаклеткі, набракае і зліваецца з ім — адбываецца працэс апладнення. У выніку зліцця ядраў утвараецца аплодненая яйцаклетка — зігота.

Актывізацыя зіготы адбываецца заканамерна: у ёй змяняецца інтэнсіўнасць абмену рэчываў, павялічваецца патрэбнасць у кіслародзе, пачынаецца актыўны сінтэз пажыўных рэчываў. Клетка рыхтуецца да дзялення.