§ 30. Паняцце палавога размнажэння і палавога працэсу

Паняцце палавога размнажэння і палавога працэсу

Як вы ўжо ведаеце з § 29—1, палавое размнажэнне працякае з удзелам палавых клетак (гамет). Яно забяспечвае спадчынную разнастайнасць патомства і павышае яго прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя пражывання.

Палавы працэс — біялагічная з’ява, якая прыводзіць да абмену спадчынным матэрыялам паміж асобінамі аднаго віду або да яго аб’яднання, што стварае ўмовы для ўзнікнення разнастайнасці спадчыннай інфармацыі.

Палавы працэс уяўляе сабой пачатак палавога размнажэння, які адбываецца з удзелам гамет. Але гэтыя дзве з’явы нельга атаясамліваць, бо палавы працэс не заўсёды прыводзіць да павелічэння колькасці асобін. Часам палавы працэс атаясамліваюць з апладненнем, гэта значыць зліццём жаночай і мужчынскай гамет. Гэтага таксама рабіць нельга, паколькі палавы працэс можа працякаць і без удзелу гамет (водарасці, інфузорыі). 

Формамі палавога працэсу з’яўляюцца кан’югацыя і капуляцыя.

Кан’югацыя — асаблівая форма палавога працэсу, пры якой адбываецца кантакт аднаклетачных арганізмаў або саматычных клетак мнагаклетачных арганізмаў з утварэннем цытаплазматычных мосцікаў для пераходу ядраў ці ўсяго змесціва клетак. Кан’югацыя ў аднаклетачных арганізмаў (інфузорыі) некалькі адрозніваецца ад кан’югацыі ў мнагаклетачных водарасцей (спірагіра). У інфузорый (інфузорыя туфелька) у час кан’югацыі дзве асобіны ўступаюць у кантакт і па цытаплазматычным мосціку абменьваюцца рухомымі малымі ядрамі. Вялікія ядры ў іх гінуць і ў палавым працэсе не ўдзельнічаюць. Пры гэтым не адбываецца павелічэння колькасці асобін, але забяспечваецца перакамбінацыя спадчыннага матэрыялу.

Пры кан’югацыі ў мнагаклетачных водарасцей (спірагіра) асобныя гаплоідныя клеткі ніткападобных таломаў, што ляжаць паралельна, парамі ўтвараюць насустрач адна адной вырасты, якія злучаюцца і фарміруюць цытаплазматычны мосцік. Праз гэты мосцік змесціва адной з клетак перацякае ў іншую і злучаецца з яе змесцівам. Пры гэтым адбываецца накіраваны перанос спадчыннай інфармацыі з адной вегетатыўнай клеткі ў іншую, якая ператвараецца ў дыплоідную клетку. Апошняя дзеліцца на дзве даччыныя клеткі, якія даюць пачатак двум новым гаплоідным асобінам. Пры гэтым колькасць асобін будзе павялічвацца, бо ў кан’югацыі могуць удзельнічаць шмат якія клеткі мнагаклетачных нітак водарасці.

Капуляцыя (гаметагамія) — форма палавога працэсу, пры якой у мнагаклетачных і аднаклетачных арганізмаў дзве клеткі (гаметы), што адрозніваюцца па поле, зліваюцца і ўтвараюць зіготу з адным ядром і новым наборам спадчыннага матэрыялу. З зіготы развіваецца новы арганізм.

* Адрозніваюць наступныя асноўныя формы гаметагаміі:

  • ізагамія — гаметы не адрозніваюцца адна ад адной па памерах, рухомыя, маюць жгуцікі, аднак фізіялагічна яны падзяляюцца на «мужчынскую» і «жаночую». Ізагамія сустракаецца ў некаторых пратыстаў і шмат якіх водарасцей;
  • анізагамія (гетерагамія) — гаметы адрозніваюцца адна ад адной марфалагічна (адна буйнешая за іншую) і фізіялагічна, але абодва тыпы гамет рухомыя і маюць жгуцікі. Такі тып палавога працэсу характэрны для некаторых водарасцей;
  • аагамія (авагамія) — у дадзеным выпадку гаметы моцна адрозніваюцца адна ад адной і падзяляюцца на жаночыя — яйцаклеткі — і мужчынскія — сперматазоіды. Яйцаклеткі буйныя і нерухомыя, а сперматазоіды дробныя і рухомыя. У насенных раслін мужчынскія гаметы нерухомыя і называюцца сперміямі. Яны дастаўляюцца да яйцаклеткі з дапамогай пылковай трубкі. Аагамія характэрна для жывёл, раслін і шмат якіх грыбоў.

Капуляцыя як форма палавога працэсу эвалюцыянавала ў наступным напрамку:

ізагамія → анізагамія → аагамія.