§ 22. Тэхнагенныя шум і вібрацыя — сучасныя крыніцы небяспекі для здароўя чалавека

Шум

Механічныя хвалі, якія выклікаюць у чалавека слыхавыя адчуванні, называюцца гукам. Хаатычнае спалучэнне розных па сіле і частаце гукаў — гэта шум. Узровень інтэнсіўнасці гуку вымяраецца ў дэцыбелах (дБ) (гл. табл.).

Табліца. Узровень інтэнсіўнасці гукаў

Крыніца гуку

Узровень інтэнсіўнасці (дБ)

Шолах лістоў на ветры

              10—15

Звычайная размова

                               30—35

Інтэнсіўны аўтамабільны рух

                                  60

Пыласос у час работы

                                  80

Шум ад цягнікоў

                                 100

Грукат грому

                                 110

 

Вызначана, што шум паводле ўплыву на здароўе чалавека падзяляецца на:

  • той, які перашкаджае гутарковай мове;
  • раздражняльны — выклікае нервовае напружанне, зніжэнне працаздольнасці і агульнае ператамленне;
  • шкодны — выклікае развіццё хранічных захворванняў, пагаршэнне слыху, гіпертанію;
  • той, які траўміруе — паскарае рэакцыі абмену рэчываў, пагаршае кровазабеспячэнне скурнага покрыва і ўзмацняе напружанне мышцаў.

Напрыклад, дзеці, якія падвяргаюцца сістэматычнаму шумавому ўздзеянню магутнасцю ад 68 дБ і больш, рызыкуюць атрымаць парушэнні работы вегетатыўнай нервовай сістэмы. Вызначана, што падлеткі, якія вялікую частку часу знаходзяцца пад уздзеяннем шуму, нашмат хутчэй губляюць канцэнтрацыю ўвагі.

Працяглы шум магутнасцю больш за 90 дБ можа прывесці да частковай страты слыху. Музычны канцэрт з узроўнем гучнасці 100—120 дБ з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем для вушэй. Аўдыяплэер прайграе гук 110 дБ і больш, таму нават у высокатэхналагічных навушніках нельга падоўгу слухаць гучную музыку. Памятайце, што ўжыванне аўдыяплэераў з навушнікамі ў выглядзе слыхавых укладышаў ужо ў 30—40 гадоў здольна прывесці да тугавухасці.

Вызначана, што да прафесійнай глухаты прыводзіць працяглае ўздзеянне шуму ў 80—90 дБ, а пры ўзроўнях гуку звыш 160 дБ магчымы нават разрыў барабанных перапонак.

!  Гэта цікава

Шум ад рэактыўнага самалёта, які ляціць, прыгнятальна дзейнічае на пчол, і яны губляюць здольнасць арыентавацца на мясцовасці. Пры ўздзеянні інтэнсіўных гукаў каровы даюць менш малака, куры радзей нясуцца, птушкі пачынаюць узмоцнена ліняць, затрымліваецца прарастанне насення і нават настае разбурэнне раслінных клетак. Шум у акіяне, выкліканы ваеннымі санарамі, а таксама апаратурай, якая ўжываецца ў нафтагазавай галіне, уяўляе сур’ёзную пагрозу для кітоў.

Паводле санітарных норм, для жылых памяшканняў гранічна дапушчальны ўзровень шуму днём складае 55 дБ, а ноччу — 45 дБ. У выхадныя і святочныя дні забаронены работы, якія выклікаюць шум або вібрацыю. Пасля 23 гадзін неабходна захоўваць поўную цішыню.

У супрацьлегласць тэхнагеннаму шуму спяванне птушак, журчанне ручая ці шолах лістоты дабратворна ўплываюць на фізіялагічны і эмацыянальны стан чалавека.