Печатать книгуПечатать книгу

§ 22. Тэхнагенныя шум і вібрацыя — сучасныя крыніцы небяспекі для здароўя чалавека

  • Успомніце, як пабудаваны орган слыху чалавека.
  • Як вы думаеце? Ці могуць шум і вібрацыя ўяўляць пагрозу для здароўя чалавека? Адказ аргументуйце.
  • Вы даведаецеся пра негатыўны ўплыў на здароўе чалавека тэхнагенных шуму і вібрацыі.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 22. Тэхнагенныя шум і вібрацыя — сучасныя крыніцы небяспекі для здароўя чалавека
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 9 Май 2024, 16:54

Шум

Механічныя хвалі, якія выклікаюць у чалавека слыхавыя адчуванні, называюцца гукам. Хаатычнае спалучэнне розных па сіле і частаце гукаў — гэта шум. Узровень інтэнсіўнасці гуку вымяраецца ў дэцыбелах (дБ) (гл. табл.).

Табліца. Узровень інтэнсіўнасці гукаў

Крыніца гуку

Узровень інтэнсіўнасці (дБ)

Шолах лістоў на ветры

              10—15

Звычайная размова

                               30—35

Інтэнсіўны аўтамабільны рух

                                  60

Пыласос у час работы

                                  80

Шум ад цягнікоў

                                 100

Грукат грому

                                 110

 

Вызначана, што шум паводле ўплыву на здароўе чалавека падзяляецца на:

  • той, які перашкаджае гутарковай мове;
  • раздражняльны — выклікае нервовае напружанне, зніжэнне працаздольнасці і агульнае ператамленне;
  • шкодны — выклікае развіццё хранічных захворванняў, пагаршэнне слыху, гіпертанію;
  • той, які траўміруе — паскарае рэакцыі абмену рэчываў, пагаршае кровазабеспячэнне скурнага покрыва і ўзмацняе напружанне мышцаў.

Напрыклад, дзеці, якія падвяргаюцца сістэматычнаму шумавому ўздзеянню магутнасцю ад 68 дБ і больш, рызыкуюць атрымаць парушэнні работы вегетатыўнай нервовай сістэмы. Вызначана, што падлеткі, якія вялікую частку часу знаходзяцца пад уздзеяннем шуму, нашмат хутчэй губляюць канцэнтрацыю ўвагі.

Працяглы шум магутнасцю больш за 90 дБ можа прывесці да частковай страты слыху. Музычны канцэрт з узроўнем гучнасці 100—120 дБ з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем для вушэй. Аўдыяплэер прайграе гук 110 дБ і больш, таму нават у высокатэхналагічных навушніках нельга падоўгу слухаць гучную музыку. Памятайце, што ўжыванне аўдыяплэераў з навушнікамі ў выглядзе слыхавых укладышаў ужо ў 30—40 гадоў здольна прывесці да тугавухасці.

Вызначана, што да прафесійнай глухаты прыводзіць працяглае ўздзеянне шуму ў 80—90 дБ, а пры ўзроўнях гуку звыш 160 дБ магчымы нават разрыў барабанных перапонак.

!  Гэта цікава

Шум ад рэактыўнага самалёта, які ляціць, прыгнятальна дзейнічае на пчол, і яны губляюць здольнасць арыентавацца на мясцовасці. Пры ўздзеянні інтэнсіўных гукаў каровы даюць менш малака, куры радзей нясуцца, птушкі пачынаюць узмоцнена ліняць, затрымліваецца прарастанне насення і нават настае разбурэнне раслінных клетак. Шум у акіяне, выкліканы ваеннымі санарамі, а таксама апаратурай, якая ўжываецца ў нафтагазавай галіне, уяўляе сур’ёзную пагрозу для кітоў.

Паводле санітарных норм, для жылых памяшканняў гранічна дапушчальны ўзровень шуму днём складае 55 дБ, а ноччу — 45 дБ. У выхадныя і святочныя дні забаронены работы, якія выклікаюць шум або вібрацыю. Пасля 23 гадзін неабходна захоўваць поўную цішыню.

У супрацьлегласць тэхнагеннаму шуму спяванне птушак, журчанне ручая ці шолах лістоты дабратворна ўплываюць на фізіялагічны і эмацыянальны стан чалавека. 

Вібрацыя

Вытворчае абсталяванне і транспартныя сродкі ствараюць механічныя ваганні, якія перадаюцца чалавеку. Гэтыя ваганні атрымалі назву вібрацыя.

Ва ўмовах жылога асяроддзя вібрацыя можа дзейнічаць кругласутачна, выклікаючы раздражненне, перашкаджаючы адпачынку і сну чалавека. Яе крыніцамі з’яўляюцца чыгуначныя саставы, трамваі, якія праходзяць недалёка ад жылых дамоў, а ў буйных гарадах — цягнікі метрапалітэна.

У чалавека, які ўвесь час падвяргаецца вібрацыі, узнікаюць расстройствы здароўя — захворванні ЦНС, сардэчна-сасудзістай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту, органаў раўнавагі. Адбываецца зрушэнне ўнутраных органаў, дыстрафічныя змяненні ў тканках.

Працяглае ўздзеянне вібрацыі прыводзіць да прафесійнага захворвання — вібрацыйнай хваробы. Гэта захворванне выклікана паталагічнымі змяненнямі ў рабоце цэнтральнай нервовай сістэмы. Да прафесій, якія ўваходзяць у групу рызыкі па развіцці вібрацыйнай хваробы, належаць: свідравальшчыкі, паліроўшчыкі, каменярэзчыкі, шліфоўшчыкі, асфальтаўкладчыкі, вадзіцелі трамваяў і інш. Меры прафілактыкі вібрацыйнай хваробы прадугледжваюць выкарыстанне спецвопраткі і прыстасаванняў, якія гасяць вібрацыю, скарачэнне часу кантакту з вібраінструментам, своечасовае праходжанне медаглядаў, а таксама перыядычны самамасаж канечнасцей.

Паўторым галоўнае. Павышаны ўзровень шуму выклікае пагаршэнне слыху, нервовае напружанне, зніжэнне працаздольнасці, ператамленне, спрыяе развіццю гіпертаніі. Вібрацыя адмоўна ўздзейнічае на ЦНС і сардэчна-сасудзістую сістэму, страўнікава-кішачны тракт, органы раўнавагі.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Пералічыце тэхнагенныя крыніцы шуму, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек.
2. Якія парушэнні здароўя выклікае ў чалавека павышаны ўзровень шуму?
3. Чаму нават у высокатэхналагічных навушніках нельга доўга слухаць гучную музыку?
4. Якія расстройствы здароўя ўзнікаюць у чалавека, што рэгулярна адчувае на сабе вібрацыю? Якія прафесіі ўваходзяць у групу рызыкі па развіцці вібрацыйнай хваробы?

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце, чаму спяванне і ігра на музычных інструментах, у адрозненне ад тэхнагенных шумаў, дабратворна ўплывае на фізіялагічны і эмацыянальны стан чалавека.
2. Чаму рабочыя, якія выкарыстоўваюць вібрацыйны інструмент, маюць права раней выходзіць на пенсію? Адказ абгрунтуйце.

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Падрыхтуйце даследаванне на тэму «Уплыў павышанага ўзроўню шуму на засваенне вучэбнага матэрыялу і паспяховасць навучэнцаў».