§ 20. Асноўныя хімічныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя

Радыенукліды

26 красавіка 1986 г. у выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) адбыўся выкід радыенуклідаў, якія забрудзілі 23 % тэрыторыі Беларусі. Праз 34 гады пасля катастрофы асноўнымі забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя застаюцца ізатопы Cs-137, Sr-90 і Am-241. Значная частка гэтых элементаў засяроджана на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ). У запаведніку праводзяцца толькі навуковыя даследаванні, кантралюецца стан вады, флоры і фаўны. Тут забаронена ўсякая гаспадарчая дзейнасць, устаноўлены кантрольна-прапускны рэжым. Менавіта таму ўмяшанне ў прыроднае асяроддзе ў запаведніку мінімальнае.

!  Гэта цікава

Адсутнасць антрапагеннай нагрузкі прывяла да таго, што ПДРЭЗ па багацці флоры стаіць у адным шэрагу з Бярэзінскім біясферным запаведнікам і нацыянальнымі паркамі. Сучасная флора ПДРЭЗ уключае больш за тысячу відаў раслін. З іх каля 50 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі запаведніка зарэгістравана каля 60 відаў млекакормячых, што складае 72 % ад відавога складу млекакормячых Беларусі. У 1996 г. з Нацыянальнага парка Белавежская пушча ў ПДРЭЗ завезлі 16 еўрапейскіх зуброў. У цяперашні момант колькасць папуляцыі зуброў складае больш за 150 асобін.