§ 20. Асноўныя хімічныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя
- Успомніце, якія шкодныя адходы хімічных вытворчасцей вам вядомыя.
- Як вы думаеце? Ці магчыма тэхналагічная дзейнасць чалавека без забруджвання навакольнага асяроддзя?
- Вы даведаецеся пра асноўныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя і іх небяспеку для здароўя чалавека.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 20. Асноўныя хімічныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 07:41 |
Прэамбула
У цяперашні час праблема забруджвання навакольнага асяроддзя на планеце Зямля стаіць вельмі востра. У гэтым параграфе мы разгледзім асноўныя віды забруджвальнікаў.
Узважаныя часціцы
Небяспечнымі забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя з’яўляюцца часціцы, якія з прычыны малых памераў (ад 0,0001 да 0,1 мм) атрымалі назву ўзважаных. Яны ўяўляюць сабой сумесь пылу, попелу, сажы, дыму, сульфатаў, нітратаў і іншых хімічных злучэнняў. Знаходзячыся ва ўзважаным стане ў паветры, гэтыя часціцы трапляюць у дыхальныя шляхі і могуць стаць прычынай развіцця хвароб лёгкіх, анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Так, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), кожная восьмая смерць на планеце звязана з забруджваннем паветра.
У залежнасці ад галіны прамысловасці 40—45 % узважаных часціц прыпадае на пыл, які змяшчае аксід крэмнію, 30 % складае драўняны пыл, 10—12 % — пыл цэментавай вытворчасці, на долю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію, кадмію прыпадае каля 13 %.
Аксіды азоту
Аксіды азоту — яшчэ адна група забруджвальнікаў навакольнага асяроддзя. У значнай ступені канцэнтрацыю аксідаў азоту ў гарадскім паветры павышаюць выхлапныя газы аўтатранспартных сродкаў, цеплаэлектрастанцыі, працэсы спальвання цвёрдых адходаў, а таксама заводы, якія вырабляюць азотную кіслату і розныя ўгнаенні.
З аксідаў азоту самым небяспечным для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека з’яўляецца дыяксід азоту (NO2). Бурае адценне газападобнага дыяксіду азоту, якое атрымала назву лісіныя хвасты, можна назіраць у вялікіх гарадах. Звязана гэта з выкідамі некаторых хімічных прадпрыемстваў і асабліва прыметна летам.
У людзей, якія папалі пад уздзеянне высокіх канцэнтрацый дыяксіду азоту, часцей, чым у іншых, назіраюцца бранхіт, запаленне верхніх дыхальных шляхоў і лёгкіх.
Цяжкія металы
У выніку антрапагеннага забруджвання каля 10 380 км2 плошчы Беларусі змяшчае небяспечны ўзровень цяжкіх металаў (кадмію, свінцу, цынку, ртуці і інш.). Па харчовых ланцугах гэтыя хімічныя элементы трапляюць у арганізм чалавека і атручваюць яго. Гэта прыводзіць да расстройства стрававання, сур’ёзных захворванняў лёгкіх і мозга. Таксама цяжкія металы зніжаюць імунітэт чалавека, спрыяюць росту спадчынных захворванняў.
Прамысловыя сцёкі
забруджваюць вадаёмы жалезам, цынкам, марганцам, меддзю, нафтапрадуктамі. У Беларусі найбольш забруджана рака Свіслач, а Заходняя Дзвіна і Нёман — самыя чыстыя рэкі.
Радыенукліды
26 красавіка 1986 г. у выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) адбыўся выкід радыенуклідаў, якія забрудзілі 23 % тэрыторыі Беларусі. Праз 34 гады пасля катастрофы асноўнымі забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя застаюцца ізатопы Cs-137, Sr-90 і Am-241. Значная частка гэтых элементаў засяроджана на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ). У запаведніку праводзяцца толькі навуковыя даследаванні, кантралюецца стан вады, флоры і фаўны. Тут забаронена ўсякая гаспадарчая дзейнасць, устаноўлены кантрольна-прапускны рэжым. Менавіта таму ўмяшанне ў прыроднае асяроддзе ў запаведніку мінімальнае.
Адсутнасць антрапагеннай нагрузкі прывяла да таго, што ПДРЭЗ па багацці флоры стаіць у адным шэрагу з Бярэзінскім біясферным запаведнікам і нацыянальнымі паркамі. Сучасная флора ПДРЭЗ уключае больш за тысячу відаў раслін. З іх каля 50 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі запаведніка зарэгістравана каля 60 відаў млекакормячых, што складае 72 % ад відавога складу млекакормячых Беларусі. У 1996 г. з Нацыянальнага парка Белавежская пушча ў ПДРЭЗ завезлі 16 еўрапейскіх зуброў. У цяперашні момант колькасць папуляцыі зуброў складае больш за 150 асобін.
Бытавыя адходы
У працэсе жыццядзейнасці чалавека ўтвараецца вялікая колькасць адходаў. Большасць з іх з’яўляюцца цвёрдымі (ЦБА). Гэта пластык, кардон, поліэтылен, а таксама прадметы з дрэва, металу, шкла, якія выйшлі з ужывання, устарэлыя бытавыя прыборы, харчовыя адходы.
Як вы ўжо ведаеце з курса хіміі 9-га класа, у Рэспубліцы Беларусь штогод назапашваецца каля 3 млн т бытавых адходаў. Гэта складае ў сярэднім 400 кг у год на чалавека.
Пры раскладанні адходаў у выніку жыццядзейнасці розных мікраарганізмаў утвараецца звалачны газ, які змяшчае каля 140 таксічных хімічных злучэнняў. Аснову звалачнага газу складаюць метан (40—75 %) і вуглякіслы газ (25—45 %). Таксама пры гніенні бялковых прадуктаў вылучаецца серавадарод (мае характэрны пах тухлых яек). У складзе бытавых адходаў змяшчаецца шмат пластмасавых вырабаў, тэрмін раскладання якіх у прыродным асяроддзі вылічваецца сотнямі гадоў. Пры гэтым вылучаюцца таксічныя рэчывы, што атручваюць глебу і ваду.
У Беларусі штогод для захавання смецця адчужаецца каля 100 км2 зямель, прыдатных для больш важных патрэб. Смеццеперапрацоўчыя заводы ў нашай краіне працуюць у Мінску, Гродне, Гомелі, Баранавічах, Магілёве, Брэсце. Іх сумарная магутнасць складае каля 500 тыс. т адходаў у год. Але гэтых магутнасцей відавочна недастаткова, бо толькі жыхары сталіцы адпраўляюць на звалку ў сярэднім каля 1,1 млн т адходаў.
Сёння кожны чалавек павінен разумець, што смецце — гэта выкарыстаныя рэсурсы планеты, якія ўвесь час вычэрпваюцца. Таму адходы пластмас, паперы, шкла, старую бытавую тэхніку, батарэйкі неабходна збіраць асобна ў кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Тады яны ператворацца ў карысныя другасныя рэсурсы і перастануць быць небяспечнымі для прыроды і чалавека. Напрыклад, пластыкавыя бутэлькі ператворацца ў сыравіну для новых пластыкавых вырабаў, шклабой будзе выкарыстоўвацца ў будаўніцтве, а прасаваныя смеццевыя пакеты «перародзяцца» ў тратуарную плітку.
Лідарам па перапрацоўцы смецця ў Еўропе з’яўляецца Германія. На аднаго сярэднестатыстычнага жыхара гэтай краіны прыпадае 618 кг смецця ў год. Грамадзяне Германіі абавязаны падзяляць смецце на макулатуру, шкло, арганічныя адходы (біямасу), металы і пластмасы. Акрамя таго, шкло, якое ідзе на ўтылізацыю, сартуецца жыхарамі па колерах. У краіне перапрацоўваецца або ўтылізуецца 64 % усіх адходаў. Цікава, што за перапрацоўку (рэцыклінг) пластыкавых і шкляных упаковак адказныя іх вытворцы. Сродкі на гэта закладзены ў кошт прадуктаў. У Германіі штогод перапрацоўваецца сыравіна на суму 500 млрд еўра. Пры спальванні смецця вылучаецца энергія, якую ўжываюць для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Паводле статыстыкі, 14 % сыравіны нямецкая прамысловасць атрымлівае менавіта з адходаў.
Паўторым галоўнае. Небяспечнымі хімічнымі забруджвальнікамі для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека з’яўляюцца суспензаваныя часціцы, аксіды азоту і вугляроду, цяжкія металы, радыенукліды.
Адна з сур’ёзных экалагічных праблем — забруджванне тэрыторыі Беларусі бытавымі адходамі, для захавання якіх штогод адчужаецца каля 100 км2 зямель. Асноўная колькасць «чарнобыльскіх» радыенуклідаў засяроджана на ахоўнай тэрыторыі ПДРЭЗ.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Які ўплыў на навакольнае асяроддзе і здароўе чалавека робяць узважаныя часціцы і цяжкія металы?
2. Якую небяспеку для здароўя чалавека ўяўляе дыяксід азоту?
3. Якія радыенукліды пасля аварыі на ЧАЭС застаюцца асноўнымі забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя? У чым заключаецца іх небяспека для здароўя чалавека?
Складаныя пытанні
1. Які від тэхнагеннай дзейнасці, на ваш погляд, найбольш небяспечны для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека? Адказ аргументуйце.
2. Чаму забруджванне навакольнага асяроддзя бытавымі адходамі з’яўляецца сур’ёзнай экалагічнай праблемай? Прапануйце шляхі яе вырашэння.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Стварыце рэкламны ролік для прапаганды раздзельнага збору смецця.