§ 20. Асноўныя хімічныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя

Аксіды азоту

Аксіды азоту — яшчэ адна група забруджвальнікаў навакольнага асяроддзя. У значнай ступені канцэнтрацыю аксідаў азоту ў гарадскім паветры павышаюць выхлапныя газы аўтатранспартных сродкаў, цеплаэлектрастанцыі, працэсы спальвання цвёрдых адходаў, а таксама заводы, якія вырабляюць азотную кіслату і розныя ўгнаенні.

З аксідаў азоту самым небяспечным для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека з’яўляецца дыяксід азоту (NO2). Бурае адценне газападобнага дыяксіду азоту, якое атрымала назву лісіныя хвасты, можна назіраць у вялікіх гарадах. Звязана гэта з выкідамі некаторых хімічных прадпрыемстваў і асабліва прыметна летам.

У людзей, якія папалі пад уздзеянне высокіх канцэнтрацый дыяксіду азоту, часцей, чым у іншых, назіраюцца бранхіт, запаленне верхніх дыхальных шляхоў і лёгкіх.