§ 18. Ядавітыя жывёлы

Прафілактыка ўкусаў ядавітых жывёл

Для аховы ад укусаў ядавітых насякомых у час адпачынку на прыродзе, знаходжання на дачы пажадана карыстацца спецыяльнымі крэмамі і спрэямі з рэпелентам і апранаць адзенне, якое добра засцерагае цела.

Пры ўкусах ядавітых насякомых трэба выдаліць пінцэтам джала з пухірком, напоўненым ядам, пасля чаго прамыць ранку антысептычным сродкам. Месца ўкусу пажадана ахаладзіць, прыклаўшы да яго халодны прадмет ці загорнуты ў тканіну лёд. У цяжкіх выпадках неабходна тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

Укус гадзюкі адбываецца, як правіла, па віне самога чалавека, з прычыны яго неасцярожнасці і няўважлівасці. Часцей за ўсё гадзюка можа ўкусіць за нагу, калі наступίць на змяю, ці за руку, калі схапіць яе або прыціснуць. Гадзюка ніколі не нападае першай, укус змяі — толькі ахоўная рэакцыя.

Пры ўкусе гадзюкі пацярпеўшага неабходна як мага хутчэй даставіць у найбліжэйшую медыцынскую ўстанову, дзе яму будзе ўведзена антытаксічная сываратка. Калі гэта немагчыма, то пацярпеўшаму неабходна стварыць поўны спакой, укласці і даваць шмат вадкасці (вада, гарбата).

Паўторым галоўнае. Ядавітых жывёл падзяляюць на дзве групы: актыўна-ядавітыя і пасіўна-ядавітыя. Яны змяшчаюць небяспечныя для здароўя чалавека рэчывы — яды. У Беларусі найбольш часта сустракаемымі ядавітымі жывёламі з’яўляюцца: сляпень бычыны, пчала меданосная, аса звычайная, чмель палявы, шэршань звычайны, жук нарыўнік, гадзюка звычайная.