Печатать книгуПечатать книгу

§ 18. Ядавітыя жывёлы

  • Успомніце асаблівасці будовы ядавітых насякомых Беларусі.
  • Як вы думаеце? Якімі перавагамі валодаюць тыя жывёлы, якія змяшчаюць ядавітыя рэчывы?
  • Вы даведаецеся, якую небяспеку для здароўя чалавека нясуць ядавітыя жывёлы, якія з іх найбольш часта сустракаюцца ў Беларусі і як засцерагчы сябе ад уздзеяння ядаў жывёл.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 18. Ядавітыя жывёлы
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 9 Май 2024, 18:30

Ядавітыя жывёлы

Ядавітыя жывёлы — гэта жывёлы, якія змяшчаюць яды, што пры пападанні ў арганізм чалавека выклікаюць расстройствы здароўя, а часам і смерць.

Жывёльныя яды (зоатаксіны) — гэта таксічныя рэчывы рознай хімічнай прыроды, якія выпрацоўваюцца жывёламі і выкарыстоўваюцца імі ў мэтах абароны або нападзення. Ступень уздзеяння жывёльных ядаў на чалавека залежыць ад складу яду, месца і сезону, фізічнага і псіхалагічнага стану чалавека.

Гэта цікава

Вызначана, што паслядоўным увядзеннем яду з павелічэннем яго доз у арганізм жывёлы можна паменшыць успрымальнасць гэтай жывёлы да дадзенага яду. Так, конь, які прайшоў імунізацыю, вытрымлівае аднакратнае ўпырскванне 2 г сухога яду кобры, у той час як не імунізаваны гіне ўжо ад увядзення 0,25 г. Пры штучнай імунізацыі ў крыві жывёл утвараюцца антыцелы (антытаксіны), якія нейтралізуюць уведзены яд. Такім спосабам атрымліваюць сываратку з гатовымі антыцеламі, якую выкарыстоўваюць для лячэння людзей, пацярпеўшых ад укусу ядавітых змей.

Ядавітых жывёл прынята падзяляць на дзве групы: актыўна-ядавітыя і пасіўна-ядавітыя.

Актыўна-ядавітыя жывёлы маюць асаблівыя органы, якія выпрацоўваюць яд. Гэтых жывёл прынята дзяліць на ўзброеных і няўзброеных.

Ва ўзброеных ядавітыя органы складаюцца з залозы, якая выпрацоўвае яд, і апарату, які коле або раніць. Напрыклад, у насякомых ядавітыя залозы звязаны з джалам, а ў павукоў яны адкрываюцца на хеліцэрах. Ядавіты апарат маецца ў змей (гадзюка, гюрза, кобра, шчытаморднік) і яшчарак ядазубаў.

У няўзброеных ядавітых жывёл няма апарату, які раніць. Іх яд пры пападанні на скуру ахвяры ўсмоктваецца праз пашкоджаныя месцы і слізістыя абалонкі. Ядавітыя залозы без апарату, які раніць, маюцца ў скуры шэрага земнаводных (жарлянка чырванапузая, часночніца звычайная, рапухі земляная і звычайная, саламандра плямістая і інш.). У шэрага жывёл (напрыклад, у мурашак) ядавіты апарат, які не раніць, развіўся з апарату, які раніць, шляхам рэдукцыі яго колючай часткі.

У ядавітых насякомых ёсць скурныя залозы з сакрэтам, які мае едкі або  моцны пах і адпужвае ворагаў (жук каларадскі, жук-бамбардзір, плывунец, стафілін берагавы і інш.). У крыві некаторых кляшчоў і насякомых змяшчаюцца таксічныя рэчывы, якія яны вылучаюць як сродак абароны.

У пасіўна-ядавітых жывёл ядавітыя органы адсутнічаюць. Іх так­січнасць звязана з асаблівымі ўласцівасцямі тых ці іншых тканак цела (скрытая, або тканкавая, ядавітасць). Напрыклад, некаторыя рыбы ядавітыя пры ўжыванні іх у ежу.

Ядавітыя жывёлы Беларусі

Найбольш часта сустракаемыя ў Беларусі ядавітыя жывёлы паказаны ў табліцы.

Табліца. Ядавітыя жывёлы Беларусі

Жывёлы

Уздзеянне на арганізм чалавека

Сляпень бычыны
(Tabanus bovinus)

 

Таксічныя рэчывы сліны прыводзяць да пачырванення і балючага ацёку скуры. Пасля ўкусу раны доўга краваточаць і не загойваюцца. З’яў­ляецца пераносчыкам шэрага за­хворванняў, напрыклад сібірскай язвы

Пчала меданосная
(Apis mellifera)

  

Калі ўкус будзе нанесены ў вобласць языка, глоткі або паднябення, ацёк, што пры гэтым узнікне, можа заблакіраваць паступленне паветра і прывесці да асфіксіі (удушша). Шматлікія ўкусы і алергія да яду пчол могуць прывесці да лятальнага канца

Аса звычайная
(Vespula vulgaris)

Аса можа джаліць шматразова пры сур’ёзнай пагрозе, напрыклад калі чалавек спрабуе разбурыць гняздо. Укус балючы, выклікае пачырваненне, ацёк, пякоту і сверб. Асабліва небяспечныя ўкусы для чалавека з алергіяй

Чмель палявы  
(Bombus pascuorum)

Укус вельмі балючы, выклікае раз­дражненне і сверб, ацёк і млоснасць, парушэнне сардэчнага рытму, пры мностве ўкусаў магчымы лятальны канец. Укус у вобласць рота або шыі можа выклікаць удушша з прычыны ацёку гартані і спазмы дыхальных шляхоў

Шэршань звычайны 
(Vespa crabro)

 

Укус надзвычай балючы і выклікае ацёк, запаленне, млоснасць, галавакружэнне і алергічныя рэакцыі, якія часам пры­водзяць да лятальнага канца

Жук нарыўнік 
(Семейство
Meloidae)

 

Укус пакідае на целе нарывы і пухіры. Робіць негатыўнае ўздзеянне на работу мочавыводзячых шляхоў і нырак. Асабліва небяспечна пападанне яду ў кроў. Засцерагчы сябе можна, толькі выключыўшы кантакт з нарыўнікамі

Гадзюка звычайная 
(
Vipera berus)

 

Укус суправаджаецца болем у месцы пашкоджання, слабасцю, млоснасцю, галавакружэннем. Магчыма парушэнне сардэчнай дзейнасці і развіццё нырачнай недастатковасці

 

!  Гэта цікава

Паводле разлікаў вучоных, 1 г сухога яду кобры можа прывесці да гібелі 167 чалавек, масай 60 кг кожны. Адной і той жа колькасці яду грымучай змяі дастаткова для смяротнага атручэння 24 сабак або 300 000 галубоў. Свіння, напрыклад, неадчувальная да ўкусаў грымучай змяі, а вожык — да яду гадзюкі. Неўспрымальныя да яду некаторыя птушкі (буслы, вароны), якія ядуць ядавітых змей, куры, што здзёўбваюць ядавітых павукоў каракуртаў.

Прафілактыка ўкусаў ядавітых жывёл

Для аховы ад укусаў ядавітых насякомых у час адпачынку на прыродзе, знаходжання на дачы пажадана карыстацца спецыяльнымі крэмамі і спрэямі з рэпелентам і апранаць адзенне, якое добра засцерагае цела.

Пры ўкусах ядавітых насякомых трэба выдаліць пінцэтам джала з пухірком, напоўненым ядам, пасля чаго прамыць ранку антысептычным сродкам. Месца ўкусу пажадана ахаладзіць, прыклаўшы да яго халодны прадмет ці загорнуты ў тканіну лёд. У цяжкіх выпадках неабходна тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

Укус гадзюкі адбываецца, як правіла, па віне самога чалавека, з прычыны яго неасцярожнасці і няўважлівасці. Часцей за ўсё гадзюка можа ўкусіць за нагу, калі наступίць на змяю, ці за руку, калі схапіць яе або прыціснуць. Гадзюка ніколі не нападае першай, укус змяі — толькі ахоўная рэакцыя.

Пры ўкусе гадзюкі пацярпеўшага неабходна як мага хутчэй даставіць у найбліжэйшую медыцынскую ўстанову, дзе яму будзе ўведзена антытаксічная сываратка. Калі гэта немагчыма, то пацярпеўшаму неабходна стварыць поўны спакой, укласці і даваць шмат вадкасці (вада, гарбата).

Паўторым галоўнае. Ядавітых жывёл падзяляюць на дзве групы: актыўна-ядавітыя і пасіўна-ядавітыя. Яны змяшчаюць небяспечныя для здароўя чалавека рэчывы — яды. У Беларусі найбольш часта сустракаемымі ядавітымі жывёламі з’яўляюцца: сляпень бычыны, пчала меданосная, аса звычайная, чмель палявы, шэршань звычайны, жук нарыўнік, гадзюка звычайная.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якое негатыўнае ўздзеянне на арганізм чалавека робяць укусы чмяля палявога, шэршня звычайнага?
2. У чым заключаецца прафілактыка ад укусаў ядавітых насякомых?
3. Якімі сімптомамі суправаджаецца ўкус гадзюкі звычайнай? Якіх мер засцярогі неабходна прытрымлівацца, каб уберагчыся ад яе ўкусу?

    Складаныя пытанні

1. Да якіх атрадаў належаць ядавітыя жывёлы, прыведзеныя ў табліцы?
2. Чаму ядавітасць не ўласціва прадстаўнікам класа Млекакормячыя?

* Індывідуальнае дамашняе заданне. Падрыхтуйце прэзентацыю пра анатамічную будову, лад жыцця і адметныя асаблівасці найбольш небяспечных для чалавека жывёл, якія жывуць у вашай мясцовасці, а таксама пра правілы аказання першай дапамогі пры іх укусах.