§ 18. Ядавітыя жывёлы
Ядавітыя жывёлы
Ядавітыя жывёлы — гэта жывёлы, якія змяшчаюць яды, што пры пападанні ў арганізм чалавека выклікаюць расстройствы здароўя, а часам і смерць.
Жывёльныя яды (зоатаксіны) — гэта таксічныя рэчывы рознай хімічнай прыроды, якія выпрацоўваюцца жывёламі і выкарыстоўваюцца імі ў мэтах абароны або нападзення. Ступень уздзеяння жывёльных ядаў на чалавека залежыць ад складу яду, месца і сезону, фізічнага і псіхалагічнага стану чалавека.
Вызначана, што паслядоўным увядзеннем яду з павелічэннем яго доз у арганізм жывёлы можна паменшыць успрымальнасць гэтай жывёлы да дадзенага яду. Так, конь, які прайшоў імунізацыю, вытрымлівае аднакратнае ўпырскванне 2 г сухога яду кобры, у той час як не імунізаваны гіне ўжо ад увядзення 0,25 г. Пры штучнай імунізацыі ў крыві жывёл утвараюцца антыцелы (антытаксіны), якія нейтралізуюць уведзены яд. Такім спосабам атрымліваюць сываратку з гатовымі антыцеламі, якую выкарыстоўваюць для лячэння людзей, пацярпеўшых ад укусу ядавітых змей.
Ядавітых жывёл прынята падзяляць на дзве групы: актыўна-ядавітыя і пасіўна-ядавітыя.
Актыўна-ядавітыя жывёлы маюць асаблівыя органы, якія выпрацоўваюць яд. Гэтых жывёл прынята дзяліць на ўзброеных і няўзброеных.
Ва ўзброеных ядавітыя органы складаюцца з залозы, якая выпрацоўвае яд, і апарату, які коле або раніць. Напрыклад, у насякомых ядавітыя залозы звязаны з джалам, а ў павукоў яны адкрываюцца на хеліцэрах. Ядавіты апарат маецца ў змей (гадзюка, гюрза, кобра, шчытаморднік) і яшчарак ядазубаў.
У няўзброеных ядавітых жывёл няма апарату, які раніць. Іх яд пры пападанні на скуру ахвяры ўсмоктваецца праз пашкоджаныя месцы і слізістыя абалонкі. Ядавітыя залозы без апарату, які раніць, маюцца ў скуры шэрага земнаводных (жарлянка чырванапузая, часночніца звычайная, рапухі земляная і звычайная, саламандра плямістая і інш.). У шэрага жывёл (напрыклад, у мурашак) ядавіты апарат, які не раніць, развіўся з апарату, які раніць, шляхам рэдукцыі яго колючай часткі.
У ядавітых насякомых ёсць скурныя залозы з сакрэтам, які мае едкі або моцны пах і адпужвае ворагаў (жук каларадскі, жук-бамбардзір, плывунец, стафілін берагавы і інш.). У крыві некаторых кляшчоў і насякомых змяшчаюцца таксічныя рэчывы, якія яны вылучаюць як сродак абароны.
У пасіўна-ядавітых жывёл ядавітыя органы адсутнічаюць. Іх таксічнасць звязана з асаблівымі ўласцівасцямі тых ці іншых тканак цела (скрытая, або тканкавая, ядавітасць). Напрыклад, некаторыя рыбы ядавітыя пры ўжыванні іх у ежу.