*§ 13—1. Уплыў атмасфернага ціску на здароўе чалавека

Негатыўны ўплыў рэзкіх ваганняў атмасфернага ціску на сама-адчуванне чалавека

Пры перападах атмасфернага ціску на 10 мм рт. сл. ад нармальнага для дадзенай мясцовасці дыяпазону можа адбывацца пагаршэнне самаадчування ў людзей з захворваннямі органаў кровазвароту (артэрыяльная гіпертэнзія, захворванні сэрца). Так, пры паніжэнні атмасфернага ціску могуць назірацца:

  • змяненне рытму дыхання;
  • памяншэнне ці павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў;
  • памяншэнне ці павелічэнне артэрыяльнага ціску;
  • апатыя і пачуццё санлівасці;
  • павышаная стамляльнасць;
  • галаўныя болі;
  • галавакружэнне;
  • парушэнне канцэнтрацыі ўвагі;
  • гіпаксія (кіслароднае галаданне).

Пры павышэнні атмасфернага ціску могуць назірацца наступныя сімптомы:

  • галавакружэнне, шум у вушах;
  • павышэнне ці паніжэнне артэрыяльнага ціску (пагроза інсульту);
  • пачашчэнне пульсу (пагроза інфаркту);
  • змяненне рытму дыхання;
  • пачырваненне скуры твару;
  • галаўны боль.

На вышыні каля 2000 м з прычыны розніцы атмасфернага ціску ў параўнанні з ціскам на ўзроўні мора ўзнікае недахоп кіслароду ў паветры, што можа выклікаць горную хваробу. У лёгкай форме пры гэтым захворванні назіраюцца дыхавіца, слабасць, пачашчаецца сэрцабіцце, магчымая страта свядомасці. На вялікіх вышынях (вышэй за 5000 м) можа развіцца ацёк лёгкіх, а з прычыны гіпаксіі мозгу — кома. Лепшым спосабам прадухіліць горную хваробу з’яўляецца паступовы набор вышыні на працягу некалькіх дзён.

Адной з прафесійных хвароб з’яўляецца дэкампрэсійнная (кессонная) хвароба. Назву гэта паталогія атрымала ад слова «кесон», якое абазначае камеру, прызначаную для правядзення работ пад вадой. Развіваецца захворванне ў асноўным у вадалазаў пры хуткай змене ціску ў выпадку разгерметызацыі кесона, а таксама хуткага ці аварыйнага ўздыму на паверхню. Хвароба абумоўлена рэзкім змяненнем парцыяльнага ціску газаў у крыві.

Сімптомамі захворвання з’яўляюцца: сінюшнае адценне твару, потавыдзяленне, ваніты, галавакружэнне, якія суправаджаюцца галаўнымі болямі. Развіваецца слабасць ног, можа наступіць параліч. У хворага ўзнікае кашаль, дыханне становіцца паверхневым, назіраецца ўдушша. У апошнія гады з прычыны шырокага распаўсюджвання дайвінгу гэта захворванне адзначаецца ўсё часцей. У першыя хвіліны пасля ўсплывання можа назірацца страта прытомнасці. Пры праяўленні сімптомаў пацярпеўшаму неабходна неадкладна аказаць медыцынскую дапамогу, у гэтым выпадку праз 12 г стан пацярпеўшага цалкам аднаўляецца.