Печатать книгуПечатать книгу

*§ 13—1. Уплыў атмасфернага ціску на здароўе чалавека

  • Успомніце, якім павінен быць нармальны ціск у арганізме чалавека.
  • Як вы думаеце? Чаму рэзкія ваганні атмасфернага ціску істотна ўплываюць не толькі на фізіялагічны, але і на эмацыянальны стан чалавека?
  • Вы даведаецеся пра ўплыў перападаў атмасфернага ціску на здароўе чалавека.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 13—1. Уплыў атмасфернага ціску на здароўе чалавека
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 05:43

Атмасферны ціск

Атмасферны ціск — гэта сіла, з якой атмасфера цісне на кожны квадратны сантыметр зямной паверхні. У міжнароднай сістэме СІ нармальны атмасферны ціск складае 101 325 Па, што адпавядае 1 атм ці 760 мм рт. сл.

Атмасферны ціск з’яўляецца адным з найбольш значных абіятычных фактараў, якія ўздзейнічаюць на чалавека, і залежыць ад геаграфічнай шыраты мясцовасці і вышыні над узроўнем мора. Ад атмасфернага ціску залежыць канцэнтрацыя ў паветры кіслароду, які трапляе ў нашы лёгкія. Як вы ўжо ведаеце з курса біялогіі 9-га класа, кісларод неабходны арганізму для выпрацоўкі энергіі, патрэбнай для жыццядзейнасці.

Чым вышэй знаходзіцца мясцовасць над узроўнем мора, тым ніжэйшы атмасферны ціск і канцэнтрацыя кіслароду ў паветры. Зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду ў крыві чалавека кампенсуецца за кошт павелічэння частаты дыхальных рухаў і глыбіні дыхання. Дадзены механізм звязаны з работай дыхальнага цэнтра, размешчанага ў галаўным мозгу. Таксама нізкая канцэнтрацыя кіслароду ў паветры стымулюе ўтварэнне гемаглабіну і эрытрацытаў, што павялічвае кіслародную ёмістасць крыві.

Адаптацыя да ваганняў атмасфернага ціску патрабуе часу і адбываецца паступова. Таму, напрыклад, пры хуткім уздыме на вялікую вышыню арганізм часта не паспявае адаптоўвацца, і чалавек адчувае недамаганне.

!  Гэта цікава

У горадзе Мехіка (Мексіка) сярэдні паказчык атмасфернага ціску складае каля 570 мм рт. сл. Для Беларусі дыяпазон ваганняў ціску складае прыкладна 740—742 мм рт. сл. Нягледзячы на істотную розніцу гэтага паказчыка, жыхары горада Мехіка і Беларусі адаптоўваліся да атмасфернага ціску ў іх мясцовасці.

У асноўным пры зніжэнні ці павышэнні паказчыкаў атмасфернага ціску, да якіх чалавек адаптоўваўся, яго самаадчуванне рэзка пагаршаецца. Разгледзім, які ўплыў робяць на самаадчуванне чалавека значныя ваганні гэтага важнага абіятычнага фактару.

Негатыўны ўплыў рэзкіх ваганняў атмасфернага ціску на сама-адчуванне чалавека

Пры перападах атмасфернага ціску на 10 мм рт. сл. ад нармальнага для дадзенай мясцовасці дыяпазону можа адбывацца пагаршэнне самаадчування ў людзей з захворваннямі органаў кровазвароту (артэрыяльная гіпертэнзія, захворванні сэрца). Так, пры паніжэнні атмасфернага ціску могуць назірацца:

  • змяненне рытму дыхання;
  • памяншэнне ці павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў;
  • памяншэнне ці павелічэнне артэрыяльнага ціску;
  • апатыя і пачуццё санлівасці;
  • павышаная стамляльнасць;
  • галаўныя болі;
  • галавакружэнне;
  • парушэнне канцэнтрацыі ўвагі;
  • гіпаксія (кіслароднае галаданне).

Пры павышэнні атмасфернага ціску могуць назірацца наступныя сімптомы:

  • галавакружэнне, шум у вушах;
  • павышэнне ці паніжэнне артэрыяльнага ціску (пагроза інсульту);
  • пачашчэнне пульсу (пагроза інфаркту);
  • змяненне рытму дыхання;
  • пачырваненне скуры твару;
  • галаўны боль.

На вышыні каля 2000 м з прычыны розніцы атмасфернага ціску ў параўнанні з ціскам на ўзроўні мора ўзнікае недахоп кіслароду ў паветры, што можа выклікаць горную хваробу. У лёгкай форме пры гэтым захворванні назіраюцца дыхавіца, слабасць, пачашчаецца сэрцабіцце, магчымая страта свядомасці. На вялікіх вышынях (вышэй за 5000 м) можа развіцца ацёк лёгкіх, а з прычыны гіпаксіі мозгу — кома. Лепшым спосабам прадухіліць горную хваробу з’яўляецца паступовы набор вышыні на працягу некалькіх дзён.

Адной з прафесійных хвароб з’яўляецца дэкампрэсійнная (кессонная) хвароба. Назву гэта паталогія атрымала ад слова «кесон», якое абазначае камеру, прызначаную для правядзення работ пад вадой. Развіваецца захворванне ў асноўным у вадалазаў пры хуткай змене ціску ў выпадку разгерметызацыі кесона, а таксама хуткага ці аварыйнага ўздыму на паверхню. Хвароба абумоўлена рэзкім змяненнем парцыяльнага ціску газаў у крыві.

Сімптомамі захворвання з’яўляюцца: сінюшнае адценне твару, потавыдзяленне, ваніты, галавакружэнне, якія суправаджаюцца галаўнымі болямі. Развіваецца слабасць ног, можа наступіць параліч. У хворага ўзнікае кашаль, дыханне становіцца паверхневым, назіраецца ўдушша. У апошнія гады з прычыны шырокага распаўсюджвання дайвінгу гэта захворванне адзначаецца ўсё часцей. У першыя хвіліны пасля ўсплывання можа назірацца страта прытомнасці. Пры праяўленні сімптомаў пацярпеўшаму неабходна неадкладна аказаць медыцынскую дапамогу, у гэтым выпадку праз 12 г стан пацярпеўшага цалкам аднаўляецца.

Прафілактыка адмоўнага ўздзеяння рэзкіх перападаў атмасфернага ціску

Каб мінімізаваць адмоўнае ўздзеянне перападаў атмасфернага ціску і пагодных умоў у цэлым, неабходна прытрымлівацца наступных рэкамендацый.

1. Рэгулярна сачыць за метэазводкамі.
2. Кантраляваць артэрыяльны ціск.
3. Паўнавартасны сон павінен складаць (не менш за) 7—8 г.
4. Рацыянальна харчавацца.
5. Адмовіцца ад шкодных прывычак.
6. Здзяйсняць штодзённыя прагулкі.
7. Пазбягаць стрэсаў.
8. Рэгулярна праходзіць медыцынскія абследаванні.

Паўторым галоўнае. Рэзкія перапады атмасфернага ціску маюць негатыўны ўплыў на здароўе чалавека, а таксама могуць прывесці да горнай і дэкампрэсійнай (кесоннай) хвароб. Для прафілактыкі адмоўнага ўздзеяння перападаў атмасфернага ціску неабходна весці здаровы лад жыцця, а таксама рэгулярна праходзіць медыцынскія абследаванні. 

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Ці залежыць атмасферны ціск ад мясцовасці, дзе пражывае чалавек?
2. Пералічыце сімптомы негатыўнага ўплыву на здароўе людзей павышанага атмасфернага ціску.
3. Якія расстройствы здароўя выклікае паніжаны атмасферны ціск?
4. Якія фактары абумоўліваюць горную і кесонную хваробы?

   Складаныя пытанні

1. Ці змогуць жыхары горада Мехіка камфортна сябе адчуваць у Мінску? Адказ аргументуйце.
2. Як вы лічыце, чаму найбольш адчувальныя да рэзкіх перападаў атмасфернага ціску людзі з паталогіямі нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм?

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Вывучыўшы дадатковую навуковую і вучэбную літаратуру, падрыхтуйце прэзентацыю пра работу дыхальнага цэнтра ў арганізме чалавека.