*§ 13—1. Уплыў атмасфернага ціску на здароўе чалавека
Атмасферны ціск
Атмасферны ціск — гэта сіла, з якой атмасфера цісне на кожны квадратны сантыметр зямной паверхні. У міжнароднай сістэме СІ нармальны атмасферны ціск складае 101 325 Па, што адпавядае 1 атм ці 760 мм рт. сл.
Атмасферны ціск з’яўляецца адным з найбольш значных абіятычных фактараў, якія ўздзейнічаюць на чалавека, і залежыць ад геаграфічнай шыраты мясцовасці і вышыні над узроўнем мора. Ад атмасфернага ціску залежыць канцэнтрацыя ў паветры кіслароду, які трапляе ў нашы лёгкія. Як вы ўжо ведаеце з курса біялогіі 9-га класа, кісларод неабходны арганізму для выпрацоўкі энергіі, патрэбнай для жыццядзейнасці.
Чым вышэй знаходзіцца мясцовасць над узроўнем мора, тым ніжэйшы атмасферны ціск і канцэнтрацыя кіслароду ў паветры. Зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду ў крыві чалавека кампенсуецца за кошт павелічэння частаты дыхальных рухаў і глыбіні дыхання. Дадзены механізм звязаны з работай дыхальнага цэнтра, размешчанага ў галаўным мозгу. Таксама нізкая канцэнтрацыя кіслароду ў паветры стымулюе ўтварэнне гемаглабіну і эрытрацытаў, што павялічвае кіслародную ёмістасць крыві.
Адаптацыя да ваганняў атмасфернага ціску патрабуе часу і адбываецца паступова. Таму, напрыклад, пры хуткім уздыме на вялікую вышыню арганізм часта не паспявае адаптоўвацца, і чалавек адчувае недамаганне.
У горадзе Мехіка (Мексіка) сярэдні паказчык атмасфернага ціску складае каля 570 мм рт. сл. Для Беларусі дыяпазон ваганняў ціску складае прыкладна 740—742 мм рт. сл. Нягледзячы на істотную розніцу гэтага паказчыка, жыхары горада Мехіка і Беларусі адаптоўваліся да атмасфернага ціску ў іх мясцовасці.
У асноўным пры зніжэнні ці павышэнні паказчыкаў атмасфернага ціску, да якіх чалавек адаптоўваўся, яго самаадчуванне рэзка пагаршаецца. Разгледзім, які ўплыў робяць на самаадчуванне чалавека значныя ваганні гэтага важнага абіятычнага фактару.