§ 13. Жывы арганізм як асяроддзе жыцця. Адаптацыі да жыцця ў іншым арганізме — паразітызм
Характэрныя асаблівасці арганізма як асяроддзя жыцця
Адносная пастаянства ўнутранага асяроддзя аднаго арганізма — гаспадара — дае магчымасць выкарыстоўваць яго цела іншаму арганізму — сужыцелю — у якасці асяроддзя жыцця. Гаспадар — арганізм, які з’яўляецца асяроддзем жыцця для іншых арганізмаў. Сужыцель — арганізм, які пасяляецца на паверхні або ўнутры цела іншага арганізма. Сужыцель можа быць для гаспадара нейтральным (малькі рыб у кішачнай поласці марскіх кішачнаполасцевых жывёл). Ён можа прыносіць гаспадару карысць, забяспечваючы пажыўнымі рэчывамі (азотфіксуючыя клубеньчыкавыя бактэрыі і бабовыя расліны). Але сужыцель можа прыносіць гаспадару шкоду, выкарыстоўваючы яго пажыўныя рэчывы (аскарыда чалавечая і чалавек).
Сужыцеляў больш за ўсё сярод мікраарганізмаў (усе вірусы, некаторыя прадстаўнікі бактэрый і грыбоў), пратыстаў (дызентэрыйная амёба, трыхаманада) і мнагаклетачных арганізмаў, якія маюць спрошчаную будову (плоскія і круглыя чэрві, некаторыя насякомыя).
Найбольш часта ў прыродзе сустракаюцца ўзаемаадносіны, калі сужыцель жыве за кошт гаспадара і прыгнятае яго жыццядзейнасць. Гэтыя ўзаемаадносіны называюцца паразітызмам (ад грэч. parásitos — нахлебнік), а сужыцелі — паразітамі. Вучоны-заолаг Я. М. Паўлоўскі даў ім наступнае азначэнне: «Паразітамі называюць жывёл, якія жывуць за кошт асобін іншага віду, з’яўляючыся цесна звязанымі з імі ў сваім жыццёвым цыкле на большай або меншай яго працягласці».
Трапіўшы ва ўнутранае асяроддзе гаспадара, паразіт атрымлівае шэраг пераваг:
1) багацце лёгкадаступнай для засваення ежы, якая не патрабуе перабудовы працэсаў стрававання. Напрыклад, клетачны сок раслін, кроў жывёл, змесціва іх стрававальнага тракту, што ўжо прайшло ферментатыўную апрацоўку;
2) наяўнасць аховы ад непасрэднага ўздзеяння абіятычных і біятычных фактараў навакольнага асяроддзя. Усе ўзаемадзеянні са складанымі і зменлівымі навакольнымі ўмовамі і ворагамі бярэ на сябе арганізм гаспадара;
3) адносная стабільнасць умоў існавання. Унутранае асяроддзе арганізма па шэрагу фізіка-хімічных фактараў мае высокую ступень пастаянства.
У той жа час арганізм як асяроддзе жыцця стварае для паразітаў некаторыя экалагічныя цяжкасці:
1) абмежаванасць асяроддзя ў часе і прасторы;
2) цяжкасць распаўсюджвання ад адной асобіны гаспадара да іншай;
3) складанасці ў забеспячэнні кіслародам;
4) ахоўныя рэакцыі арганізма гаспадара.
Як перавагі, так і экалагічныя цяжкасці жыцця ў іншым арганізме з’явіліся прычынай фарміравання ў паразітаў разнастайных адаптацый, якія дазваляюць паразітам эфектыўна размнажацца і працвітаць, жывучы ў іншым арганізме.