Печатать книгуПечатать книгу

§ 13. Жывы арганізм як асяроддзе жыцця. Адаптацыі да жыцця ў іншым арганізме — паразітызм

  • Успомніце, дзе могуць існаваць арганізмы, акрамя воднага, наземна-паветранага і глебавага асяроддзя жыцця.
  • Як вы думаеце? Якія прыстасаванні павінны быць у арганізма, каб існаваць у іншым арганізме?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці адаптацый паразітаў да жыцця ў арганізме гаспадара.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 13. Жывы арганізм як асяроддзе жыцця. Адаптацыі да жыцця ў іншым арганізме — паразітызм
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 06:23

Характэрныя асаблівасці арганізма як асяроддзя жыцця

Адносная пастаянства ўнутранага асяроддзя аднаго арганізма — гаспадара — дае магчымасць выкарыстоўваць яго цела іншаму арганізму — сужыцелю — у якасці асяроддзя жыцця. Гаспадар — арганізм, які з’яўляецца асяроддзем жыцця для іншых арганізмаў. Сужыцель — арганізм, які пасяляецца на паверхні або ўнутры цела іншага арганізма. Сужыцель можа быць для гаспадара нейтральным (малькі рыб у кішачнай поласці марскіх кішачнаполасцевых жывёл). Ён можа прыносіць гаспадару карысць, забяспечваючы пажыўнымі рэчывамі (азотфіксуючыя клубеньчыкавыя бактэрыі і бабовыя расліны). Але сужыцель можа прыносіць гаспадару шкоду, выкарыстоўваючы яго пажыўныя рэчывы (аскарыда чалавечая і чалавек).

Сужыцеляў больш за ўсё сярод мікраарганізмаў (усе вірусы, некаторыя прадстаўнікі бактэрый і грыбоў), пратыстаў (дызентэрыйная амёба, трыхаманада) і мнагаклетачных арганізмаў, якія маюць спрошчаную будову (плоскія і круглыя чэрві, некаторыя насякомыя).

Найбольш часта ў прыродзе сустракаюцца ўзаемаадносіны, калі сужыцель жыве за кошт гаспадара і прыгнятае яго жыццядзейнасць. Гэтыя ўзаемаадносіны называюцца паразітызмам (ад грэч. parásitos — нахлебнік), а сужыцелі — паразітамі. Вучоны-заолаг Я. М. Паўлоўскі даў ім наступнае азначэнне: «Паразітамі называюць жывёл, якія жывуць за кошт асобін іншага віду, з’яўляючыся цесна звязанымі з імі ў сваім жыццёвым цыкле на большай або меншай яго працягласці».

Трапіўшы ва ўнутранае асяроддзе гаспадара, паразіт атрымлівае шэраг пераваг:

1) багацце лёгкадаступнай для засваення ежы, якая не патрабуе перабудовы працэсаў стрававання. Напрыклад, клетачны сок раслін, кроў жывёл, змесціва іх стрававальнага тракту, што ўжо прайшло ферментатыўную апрацоўку;

2) наяўнасць аховы ад непасрэднага ўздзеяння абіятычных і біятычных фактараў навакольнага асяроддзя. Усе ўзаемадзеянні са складанымі і зменлівымі навакольнымі ўмовамі і ворагамі бярэ на сябе арганізм гаспадара;

3) адносная стабільнасць умоў існавання. Унутранае асяроддзе арганізма па шэрагу фізіка-хімічных фактараў мае высокую ступень пастаянства.

У той жа час арганізм як асяроддзе жыцця стварае для паразітаў некаторыя экалагічныя цяжкасці:

1) абмежаванасць асяроддзя ў часе і прасторы;

2) цяжкасць распаўсюджвання ад адной асобіны гаспадара да іншай;

3) складанасці ў забеспячэнні кіслародам;

4) ахоўныя рэакцыі арганізма гаспадара.

Як перавагі, так і экалагічныя цяжкасці жыцця ў іншым арганізме з’явіліся прычынай фарміравання ў паразітаў разнастайных адаптацый, якія дазваляюць паразітам эфектыўна размнажацца і працвітаць, жывучы ў іншым  арганізме.

Адаптацыі да жыцця ў іншым арганізме — паразітызм

Паразіты могуць пасяляцца на паверхні цела гаспадара (эктапаразіты — вошы, блохі, кляшчы, клапы) або ўнутры яго (эндапаразіты — малярыйны плазмодый, аскарыда, воласагалоў, бычыны цэпень). У эктапаразітаў большая частка цела знаходзіцца па-за гаспадаром (у кантакце з навакольным асяроддзем) і толькі органы харчавання ўкараняюцца ў яго жывыя тканкі. У эндапаразітаў у працэсе эвалюцыі выпрацаваўся шэраг прыстасаванняў да жыцця ў целе іншага арганізма.

1. Малыя памеры цела. Абмежаванасць памераў асяроддзя пражывання паразітаў кампенсуецца малымі памерамі цела. Паразіт заўсёды меншы за гаспадара (аскарыда і чалавек; пячоначны смактун і карова; трыхаманада і чалавек). Выключэннем з’яўляецца бычыны цэпень, даўжыня якога складае ад 4 да 10 м, а асноўным гаспадаром з’яўляецца чалавек. Малыя памеры цела паразіта дазваляюць яму пасяліцца ў арганізме гаспадара і карміцца за яго кошт, не выклікаючы хуткай гібелі.

2. Спрашчэнне знешняй і ўнутранай будовы. Паколькі ўмовы пражывання паразітаў пастаянныя і аптымальныя, у іх няма неабходнасці мець складаную будову і выпрацоўваць складаныя механізмы адаптацыі. У сувязі з гэтым адбываецца спрашчэнне або рэдукцыя асобных сістэм органаў.

Абмежаванасць памераў асяроддзя пражывання паразітаў з’явілася прычынай спрашчэння іх знешняй будовы. Напрыклад, у паразітычных чарвей адсутнічаюць органы перамяшчэння. Яны маларухомыя. У асобных прадстаўнікоў маюцца толькі органы фіксацыі, якія дазваляюць ім замацавацца ў арганізме гаспадара (кручкі, прысоскі).

Багацце лёгкадаступнай ежы прывяло ў паразітаў да спрашчэння сістэмы стрававання. Напрыклад, у пячоначнага смактуна стрававальная сістэма спрошчана, а ў стужачных чарвей і зусім страчана. Усмоктванне пажыўных рэчываў у апошніх адбываецца ўсёй паверхняй цела.

У паразітычных раслін жыўленне сокамі гаспадара прывяло да рэдукцыі сістэмы фотасінтэзу і страты хларафілу. Сярод раслін сустракаюцца поўныя паразіты і паўпаразіты. Паразіты не змяшчаюць хларафіл, напрыклад павітуха, заразіха, рафлезія, таемнік. Паўпаразіты (амяла) маюць хларапласты і бяруць ад расліны-гаспадара толькі мінеральныя рэчывы і ваду.

Складанасці ў забеспячэнні кіслародам прывялі ў паразітаў да рэдукцыі дыхальнай сістэмы і пераходу да анаэробнага дыхання. Паколькі іх энергетычныя затраты невялікія, а запасы ежы невычэрпныя, то такі спосаб дыхання апраўданы.

У адрозненне ад арганізмаў, якія жывуць свабодна і ўзаемадзейнічаюць з навакольным асяроддзем, паразіты пераклалі цяжар рэгуляцыі адносін з асяроддзем на гаспадара. Гэта прывяло да спрашчэння будовы іх нервовай сістэмы і рэдукцыі органаў пачуццяў. Адпала і неабходнасць выпрацоўкі прыстасаванняў для актыўнай і пасіўнай абароны ад ворагаў.

3. Ахоўнае покрыва цела. Большасць паразітаў жыве ў стрававальным тракце і адчувае на сабе ўздзеянне ферментаў стрававальных сокаў. Для аховы ад ператраўлівання ў іх сфарміравалася спецыфічнае покрыва цела. Напрыклад, у смактуноў цела пакрыта пластом слізі, а ў аскарыды чалавечай на паверхні цела маецца шматслойная кутыкула.

4. Высокая пладавітасць. Цяжкасці ў распаўсюджванні ў паразітаў кампенсуюцца павышэннем здольнасці да размнажэння. Высокая пладавітасць у паразітаў атрымала назву «закону вялікага ліку яйкаў».

Прагрэсіўнае развіццё палавой сістэмы забяспечвае высокія рэпрадуктыўныя магчымасці віду. Гэтаму таксама спрыяюць партэнагенез (размнажэнне без апладнення), чаргаванне палавога і бясполага пакаленняў. Узнікненне гермафрадытызму (сумяшчэнне ў адным арганізме мужчынскай і жаночай палавых сістэм) з’яўляецца свайго роду двайной гарантыяй паспяховага апладнення і атрымання патомства.

Ахова аплодненых яек шматслойнымі абалонкамі і забеспячэнне зародка харчаваннем павялічваюць выжывальнасць патомства. Развіццё прыстасаванняў для выхаду лічынак з яйка і цела гаспадара ў знешняе асяроддзе і іх пранікненне ў арганізм новага гаспадара спрыяюць рассяленню.

5. Змена гаспадароў у жыццёвым цыкле. У паразітаў, як правіла, у жыццёвым цыкле назіраецца змена гаспадароў. У асноўным гаспадары жыве дарослая асобіна, а ў прамежкавым — лічынкавая стадыя. Напрыклад, лічынкі бычынага цэпеня развіваюцца ў целе каровы, а дарослыя асобіны паразітуюць у целе чалавека. Дзякуючы гэтаму не дапускаецца назапашванне ў адным арганізме-гаспадары вялікай колькасці паразітаў, што магло б прывесці да хуткай гібелі гаспадара, а таксама адсутнічае канкурэнцыя паміж лічынкамі паразіта і дарослай асобінай, што павышае іх жыццяздольнасць.

Паўторым галоўнае. Узаемаадносіны, калі адзін арганізм (паразіт) жыве за кошт іншага (гаспадара), называюцца паразітызмам. Паразіт, які выкарыстоўвае гаспадара як асяроддзе жыцця, атрымлівае шэраг пераваг, але пры гэтым зведвае пэўныя экалагічныя цяжкасці. Асноўныя адаптацыі да паразітызму: малыя памеры цела, спрашчэнне знешняй і ўнутранай будовы, ахоўнае покрыва цела, высокая пладавітасць, змена гаспадароў у жыццёвым цыкле.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія ўзаемаадносіны паміж арганізмамі называюцца паразітызмам?
2. Пералічыце перавагі арганізма як асяроддзя жыцця ў параўнанні з іншымі асяроддзямі жыцця.
3. Якія экалагічныя цяжкасці для жыхароў стварае арганізм як асяроддзе жыцця? Прывядзіце прыклады і дайце аргументаваны адказ.

     Складаныя пытанні

1. Для кожнай групы паразітаў пералічыце іх прадстаўнікоў.
Групы паразітаў: 1 — паразіты раслін; 2 — паразіты жывёл.
Прадстаўнікі: павітуха, воласагалоў, бычыны цэпень, заразіха, рафлезія, аскарыда, таемнік, плазмодый малярыйны.
2. Ці заўсёды арганізм, які жыве ў іншым арганізме, негатыўна ўплывае на яго жыццядзейнасць? Прывядзіце прыклады і дайце аргументаваны адказ.
*3. Устанавіце адпаведнасць паміж асяроддзямі жыцця і іх характарыстыкамі.
Асяроддзі жыцця: 1) арганізм як асяроддзе пражывання; 2) наземна-паветранае асяроддзе.
Характарыстыкі: а) пастаянства тэмпературнага, салявога і асматычнага рэжымаў; б) недахоп кіслароду і святла; в) з’яўляецца самым складаным па экалагічных умовах асяроддзем; г) абмежаванасць жыццёвай прасторы; д) рэзкія ваганні тэмпературы, вільготнасці і асвятлення.

* Індывідуальнае дамашняе заданне. У апошні час у кронах таполяў, бяроз і іншых дрэвавых раслін назіраецца штогадовае павелічэнне колькасці моцна разгалінаваных кусцістых утварэнняў. Яны становяцца зялёнымі да распускання лістоў на дрэвах. Як вы можаце растлумачыць гэту з’яву? Параўнайце стан дрэў аднаго віду, якія маюць розную колькасць кусцістых утварэнняў. Зрабіце вывад, ці ўплываюць гэтыя ўтварэнні на жыццядзейнасць дрэў. Складзіце прагноз на будучыню і прапануйце шляхі рашэння дадзенай праблемы.