§ 0—5. Характарыстыка будовы і функцый тканак пазваночных жывёл

Тканкі ўнутранага асяроддзя

Тканкі ўнутранага асяроддзя вельмі разнастайныя па будове, але агульнай рысай для іх з’яўляецца рыхлае размяшчэнне клетак і наяўнасць добра выяўленага міжклетачнага рэчыва, прадстаўленага або валокнамі бялковай прыроды, або аморфным рэчывам. Міжклетачнае рэчыва можа быць цвёрдым (костка), вадкім (кроў) ці пругкім (храсток).

Паводле выконваемых функцый тканкі ўнутранага асяроддзя падзяляюць на тры групы: трафічныя, апорна-трафічныя і апорныя, або шкілетныя. У кожную групу ўваходзяць віды тканак, якія адрозніваюцца па будове.

Трафічныя тканкі. Кроў і лімфа забяспечваюць у арганізме транспарт пажыўных рэчываў, газаў, біялагічна актыўных рэчываў, прадуктаў абмену. Яны змяшчаюць вадкае міжклетачнае рэчыва — плазму, у якой знаходзяцца клеткі: у крыві — эрытрацыты, лейкацыты і трамбацыты, у лімфе — лімфацыты. Кроў запаўняе сасуды крывяноснай сістэмы, а лімфа — сасуды лімфатычнай сістэмы.

Апорна-трафічныя тканкі. Ва ўласна злучальных тканках міжклетачнае рэчыва прадстаўлена калагенавымі і эластычнымі валокнамі, якія надаюць тканкам трываласць і эластычнасць. Калі валокны хаатычна пераплятаюцца паміж сабой, то ўтвараецца рыхлая валакністая тканка. Яна змяшчаецца ў сценках крывяносных сасудаў, у праслойках паміж органамі, злучае скуру з мышцамі. У шчыльнай валакністай тканцы валокны размешчаны шчыльна і паралельна адно аднаму. З гэтай тканкі складаюцца звязкі і сухажыллі, цвёрдая абалонка галаўнога і спіннога мозга.

Тлушчавая тканка складаецца з рыхла размешчаных клетак, якія змяшчаюць вакуолі з ліпідамі. Яна ўтварае падскурную тлушчавую клятчатку і акружае некаторыя ўнутраныя органы. Тлушчавая тканка — гэта дэпо энергіі і пажыўных рэчываў.

Апорныя, або шкілетныя тканкі. У касцявой тканцы міжклетачнае рэчыва змяшчае калагенавыя валокны і мінеральныя рэчывы, якія надаюць яму цвёрдасць, дзякуючы чаму тканка выконвае функцыю апоры і аховы. Клеткі касцявой тканкі называюцца астэацытамі. Касцяная тканка фарміруе аснову костак. Храстковая тканка змяшчае эластычнае міжклетачнае рэчыва, у якім паасобку ці групамі размешчаны авальныя клеткі. Яна пакрывае сустаўныя паверхні костак, утварае міжпазваночныя дыскі, храстковую частку носа, гартані, трахеі, бронхаў, рэбраў, вушной ракавіны.

Паўторым галоўнае. У жывёл адрозніваюць нервовую, эпітэліяльную, мышачную тканкі і тканкі ўнутранага асяроддзя. Нервовая тканка валодае ўзбудлівасцю і праводнасцю. Яна складаецца з нейронаў і нейрагліі. Кожны нейрон мае цела, некалькі дэндрытаў і адзін аксон. Эпітэліяльная тканка выконвае функцыі аховы, сакрэцыі, усмоктвання і ўспрымання раздражненняў. Адрозніваюць залозісты і покрыўны эпітэлій. Мышачная тканка забяспечвае рухальную актыўнасць арганізма за кошт узбудлівасці і скарачальнасці. Па будове і ўласцівасцях яна падзяляецца на гладкую, папярочнапаласатую шкілетную і папярочнапаласатую сардэчную. Агульнай асаблівасцю будовы тканак унутранага асяроддзя з’яўляецца рыхлае размяшчэнне клетак і наяўнасць добра выяўленага міжклетачнага рэчыва. У залежнасці ад функцыі іх падзяляюць на трафічныя (кроў, лімфа), апорна-трафічныя (рыхлая і шчыльная валакністая, тлушчавая тканка) і апорныя, ці шкілетныя (касцявая, храстковая).